Крыжовы шлях Міласэрнай Любові | Друк |

У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Уступная малітва

«Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (гл. Ян 3, 16).

Любоў — цярпенне і смерць… Любоў — дар аж да рэшты… Любоў — жыццё і свабода без межаў…
Крыж Хрыста, не мушу я цябе разумець, не трэба мне ўскладаць цябе на плечы. Прытуляю цябе да сэрца і распачынаю свой крыжовы шлях. Пакуль яшчэ кроплі Яго крыві не застылі на камянях дарогі, іду туды, дзе ёсць Жыццё, Любоў і Праўда.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 1
Прысуд


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (гл. 1 Ян 1, 8).


«Гэта іх справа, няхай робяць, што хочуць», — ціхенька перагаворваліся паміж сабою людзі ў натоўпе. — «Нам не трэба нікога забіваць».
Пілат паціснуў плячыма: «Гэты Чалавек бязвінны, адпушчу Яго».
«Не гэтага, але Вараву!» — крычалі з натоўпу. — «Укрыжуй Яго!»
«Няхай убачаць кроў, можа супакояцца», — параіў нехта.
«Чаму не абараняецца?» — гэтая дум¬ка ўвесь час непакоіла Пілата. — «Хіба ж не разумее, што я магу і выратаваць, і асудзіць Яго?».
І раптам пачуў спакойнае і ўпэўненае: «Ты не меў бы ніякай улады нада Мною, калі б яна не была дадзена табе Небам».
Пілату стала раптам страшна, думкі за¬мітусіліся: «Гэта абсурд, нікога не хачу слухаць!».
Але зноў чуваць чыйсці паслужлівы голас: «Калі вызваліш Яго, то ты не сябра цэзару».
І гэты голас усё вырашыў: «Не магу ж я адмо¬віцца дзеля Яго ад кар’еры, камфорту, а можа нават і жыцця?» — вырашыў для сябе Пілат і ўмыў на ўсялякі выпадак рукі.

Колькі дрэннага не здарылася б, калі б мы не ўмылі рук, калі б мы не адмовіліся ад адказнасці за іншага чалавека, калі б не сказалі: «Гэта яго жыццё, гэта яго пра¬блема, гэта іх клопат». Мераю любові з’яўляецца адказнасць.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 2
Прыняцце крыжа


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі» (гл. 1 Ян 3, 1).

Бэльку крыжа ўскладаюць Езусу на плечы і прывязваюць. Чым яна адрозніваецца ад той ношы, якую нёс Ён на працягу трох гадоў абвяшчэння Евангелля?

Вядома, яна больш цяжкая. Напэўна — ганебная. Дык чаму Хрыстус бярэ крыж? Ці не мог бы Ён збавіць чалавека неяк іначай?

Не існуе любові без цярпення. Але можа існаваць цярпенне без любові. Тады яно засланяе ўвесь свет і ператварае жыццё ў пекла. Без надзеі на выратаванне… Няма гатовых лекаў ад цярпення, але з таго часу, як боль выпаў на долю Бога, ён перамяніўся ў збаўленне. Каб зведаць гэтую таямніцу, трэба адважна несці ўласны крыж штодзённасці… Паглядзець на поўны цярпення свет — і вырушыць у дарогу, на Кальварыю…

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 3
Першае падзенне


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас» (гл. 1 Ян 4, 19).

Хрыстус падае на зямлю… Той, хто стаіць паблізу, бачыць, як расслабляюцца напружаныя мышцы. На камянях і на дарожным пыле вакол Асуджанага паступова з’яўляюцца барвовыя плямы. Стражнікі маюць вопыт — яны ведаюць, як паступаць у такіх сітуацыях. Паднятаму нечакана ўверх боль вяртае прытомнасць. Няўпэнена робіць Ён першы крок…

Мы павінны быць гатовыя да таго, што ўпадзём пад цяжарам свайго крыжа. І павін¬ны таксама быць гатовыя да падзенняў нашых блізкіх. Нам нельга пакідаць іх, нават, калі не можам дапамагчы. Трэба памятаць адно: любоў усё вытрывае.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 4
Вочы Маці


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (гл. 1 Ян 4, 16б).

Людзі, якія любяць і прабываюць адно з адным, ствараюць адзіную на свеце, вядомую толькі ім мову. Пры дапамозе звычайных слоў, жэстаў, позіркаў яны ўмеюць выказаць думкі, пачуцці, сваю любоў… Ідучы крутымі вулачкамі, Езус сустракае сваю Маці. Паводле людскога вымярэння пралятаюць долі секунды, але яны — нібыта цэлая вечнасць… З вуснаў Маці і Сына не падае ніводнага слова, гавораць толькі вочы…

Кожная маці шчаслівая, калі можа прытуліць сваё дзіця. Кожны бацька шчаслівы, калі назірае, як яго дзіця расце і сталее. Абое яны асуджаны на боль расставання, калі новы чалавек стане дарослым. Веліч Марыі заключаецца ў тым, што Яна была са сваім Сынам да канца. Церпячы разам з Ім, Яна стала ўдзельніцаю Яго справы збаўлення.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 5
Сымон


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«…кожны, хто паступае справядліва, народжаны ад Яго» (гл. 1 Ян 2, 29).


Сымон вяртаўся, як штодня, з поля. З радасцю думаў пра свята, якое распачнецца праз некалькі гадзін. Убачыўшы натоўп, што цясніўся ў вузкай ву¬лачцы, спыніўся, каб прапусціць яго, і задумаўся пра тое, што робіць яго жонка, ці ўсё пад¬рыхтавала ўжо на Пасху… Раптам хтось¬ці груба яго штурхнуў. Не паспеўшы нічога вымавіць, адчуў на плячах цяжкую бэльку.

Бывае, што нечакана звальваецца на нас чыйсьці цяжар невылечнай хваробы, калецтва альбо алкагольнай, наркатычнай ці іншай залежнасці. Жыццё прымушае нас несці чужы крыж… Напэўна, такі крыж цяжэй прыняць… Можа, гэта і ёсць крыж Езуса?…

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 6
Вераніка


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«А хто захоўвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая» (гл. 1 Ян 2, 5).


Асуджаныя рухаюцца марудна. Легіянеры стрымліваюць напіраючы натоўп, але зусім не з літасці. Яны баяцца правакацыі. Раптам, спрытна абмінаючы жаўнераў, побач з тымі, што ідуць на смерць, аказваецца адна жанчына. Яна падбягае да Езуса і, сама ўражаная сваёй смеласцю, імкліва выцягвае перад сабою рукі. У іх — белая хустка, якою жанчына далікатна выцірае Езусу твар. Знікае гэтак жа раптоўна, як і з’явілася. Толь¬кі праз нейкі час недзе воддаль пачуліся здзіўленыя воклічы.

У бессэнсоўнай пагоні за часам, за грашыма, за нейкімі выгодамі нам так часта не хапае хвіліны на хоць бы кроплю пя¬шчо¬ты. Мы любім, але не ўмеем праяўляць сваю любоў штодня. У шэрай штодзённасці зво¬дзім яе да збітых звычаяў, раствараем у тыповых паводзінах… Ці здольныя мы яшчэ на жэст Веранікі?

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 7
Другое падзенне


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Калі ж вызнаём грахі нашыя, то Ён, верны і справядлівы, прабачыць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці» (гл. 1 Ян 1, 9).

Калі Езус упаў другі раз, сотніку стала на хвіліну шкада Яго: «Бедны Чалавек… Відаць, што памірае. Няма нават сіл падняцца і толькі цяжка дыхае». Адзін з жаўнераў падбег з бічом, але сотнік стрымлівае яго рухам рукі: «Дадзім Яму хвіліну, няхай сам устане!».

Падзенне асуджае нас на цалкавітую самотнасць. У такія хвіліны не даходзіць да нас дапамога ані Бога, ані людзей. Хістаецца вера і затухае надзея… Але любоў, якая найбольшая з іх трох, трывае. Таму той, хто любіць, ведае, што варта выцягнуць руку — і напэўна прыйдзе дапамога.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 8
Слёзы жанчын


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем»
(гл. 1 Ян 4, 18).


Легіянеры пагарджалі Ім дзеля прынцыпу. Народ не прыняў такога Месію. Вучні адракліся ад Настаўніка. Толькі яны спачувалі Яму. Але чаму Ён гэтага не ацаніў?

Мы спачуваем тым, хто вельмі пакутуе. Нас непакоіць лёс ахвяраў зла, якіх бачым па тэлебачанні. Гэта добра… Але часта мы не заўважаем няшчасця ў сваім найбліжэйшым акружэнні: дзяцей, якіх не любяць, самотных дарослых, маленькага і вялікага няшчасця з-за недахопу любові, разумення, веры…

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!

 


Стацыя 9
Трэцяе падзенне


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Умілаваныя: Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адно аднаго» (гл. 1 Ян 4, 11).


Амаль у канцы шляху Ён падае яшчэ раз… У Яго ўжо не хапае сілы. Выпіраюць на скро¬нях напружаныя жылы, перад вачыма плывуць цёмныя плямы. Невыносная спякота… Ён бачыць ка2таў, якія чакаюць Яго, не разумеючы нават, што чакаюць, калі Ён прый¬дзе іх збавіць…

Мы пастаянна падаем на тым самым месцы, робім заўсёды тую ж самую памылку. Гэта выклікае расчараванне, якое адбірае ахвоту, напаўняе роспаччу, але гэта не прычына, каб адмаўляцца ад спробы распачаць яшчэ раз… З самага пачатку…

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 10
Здзіранне шатаў


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Бог ёсць Святло, і няма ў Ім ніякай цемры» (гл. 1 Ян 1, 5б).

Першы раз чалавек адчуў сорам пасля першароднага граху. З таго часу ён не пера¬стае хаваць сваё цела, утойваць свае думкі і пачуцці, бо другі чалавек можа падмануць, выкарыстаць, згвалтаваць яго. Хрыстус можа не асцерагацца нікога, ніхто не можа Яму пагражаць. Таму Ён здольны на гэтае велічнае агаленне, якое мы называем Аб’яўленнем. Таму Ён здольны аддаць усё з любові да чалавека.  Нават сваё адзенне…

Як жа часта іншыя здаюцца нам пагрозаю! Як жа часта мы баімся зняць з твару маску бяспечнасці! Але толькі там, дзе ёсць сапраўдная любоў, мы можам быць самімі сабою. Без боязі…

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 11
Прыбіццё да крыжа


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Па гэтым пазналі мы любоў [Божую], што Ён аддаў за нас сваё жыццё» (гл. 1 Ян 3, 16).


Надышоў час прыбіць аголенага Езуса да дрэва крыжа. Жаўнеры разважаюць, ці не лепш будзе прывязаць Яго. Сотнік прапануе выкарыстаць моцныя вяроўкі, якімі Ён быў прывязаны да бэлькі. Але жаўнеры адмоўна круцяць галовамі: «Вяроўкі занадта слабыя, яны пацерліся падчас дарогі. Найлепш будзе прыбіць Яго цвікамі, бо яны прычыняюць нясцерпны боль. Акра¬мя таго, гэта выкліча жах у натоўпу». Сотнік згаджаецца: «Так, цвікі найлепш…»

Гэтая сцэна ўпісана ў сцэнарый жыцця кожнага з нас… Мы заўсёды нанава павінны пры¬біваць сябе да крыжа з нашымі заганамі, слабасцямі, грахамі. Толькі так мы можам спазнаць ачышчальную моц змёртвыхпаўстання з Хрыстом. Ніхто не можа адмовіцца ад імкнення да духоўнага аднаўлення — ні той, хто яшчэ толькі ўзрастае, ні той, хто ад¬казвае за развіццё іншых.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Стацыя 12
Смерць


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Ён ахвяра ўміласціўлення за грахі нашыя, і не толькі за нашыя, але і ўся¬го свету» (гл. 1 Ян 2, 2).


Было каля шостай гадзіны… І змрок агарнуў зямлю ажно да гадзіны дзевятай. Сонца памеркла, і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне. Тады Езус загаласіў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю Я дух мой!…». Пасля гэтых слоў сканаў…

Ахвяра Любові споўнілася… Неспасцігальным чынам пераплецены ў нашым жыцці нараджэнне і смерць. Даючы, мы набліжаемся да сканання, але толькі такім чынам мы можам сапраўды жыць… Езус памёр за нашыя грахі, але ўваскрос. Ён паклікаў за сабою да глыбіняў Бога кожнага чалавека, чалавецтва і ўвесь свет. Ён жыве! І мы жывём у Ім, з Ім і праз Яго… Любоў, паміраючы, перамагла смерць.

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Cтацыя 13
Пахаванне


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Хто ж перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Езус ёсць Сынам Божым?» (гл. 1 Ян 5, 5).


Жанчына прытуляе да грудзей ужо бяссільную галаву Сына… Яго твар ізноў прасвятліўся, высакародныя рысы разгладзіліся, зніклі сляды болю. Жанчына не плача. Яна толькі гладзіць цёмныя валасы, ласкава ту¬ліць галаву, нібыта закалыхвае дзіця…

Гэта ненармальна, што бязвінныя дзеці нараджаюцца калекамі альбо ўвогуле не на¬раджаюцца.
Гэта ненармальна, што жывуць людзі, якія, здаецца, страцілі чалавечнасць, бо яны здольныя толькі існаваць.
Гэта ненармальна, калі людзі паміраюць з-за недахопу ежы, медыцынскай апекі, у выніку войнаў і пераследу.
Гэта ненармальна, што можна быць па¬крыўджаным з-за колеру скуры, з-за рэлі¬гійнага веравызнання.
Гэта ненармальна, што Марыя вымушана трымаць на руках мёртвае цела свайго Сына…

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!



Cтацыя 14
Грабніца


С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!


«Цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем» (гл. 1 Ян 3, 2а).

Каля выбітай у скале грабніцы сабраліся самыя верныя. Промні заходзячага сонца напамінаюць, што трэба спяшацца. Цела завернута ў асляпляльна белае палатно. Сонца зайшло… З духмянасцямі прыйдуць ужо пасля шабату.

Ці не мог бы Хрыстус пасля смерці ўваскрэснуць проста з крыжа? Аднак Ён ляжаў у грабніцы, як кожны чалавек, зямное цела якога ператвараецца ў прах. Кожны з нас стане аднойчы перад таямніцаю свайго гробу. Кожны з нас стане перад таямніцаю расставання з тымі, каго мы любім. Ці вы¬трывае наша любоў гэтае расставанне? Якімі мы будзем там, на другім баку? Мы можам з даверам набліжацца да парога смер¬ці — магіла Бога-Чалавека ўжо пустая!

С.: Які за нас цярпеў ад ранаў,
Усе: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!


Каб атрымаць адпуст, памолімся ў інтэнцыі Святога Айца:
Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу...




Адноўлена 07.03.2013 14:08
 
© 2003-2024 Catholic.by