Крыжовы шлях “дасканалай любові” | Друк |

Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я – як медзь звонкая або гулкія цымбалы.

І калі маю дар прароцтва, і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я – нішто.

І калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці.

Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, незайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, непамятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць.

Любоў ніколі не мінае. Не так, як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца. Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым, а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне. Калі я быў дзіцём, то па-дзіцячы гаварыў, па-дзіцячы думаў, па-дзіцячы разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае. Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, атады – тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.

А цяпер трываюць вера, надзея і любоў – гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў.

1 Кар 13, 1-13.


Стацыя 1 – Езус несправядліва асуджаны
Любоў доўгацярплівая

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!


Езу Хрысце – сапраўдны прыклад доўгацярплівай любові!

Калі Ты прымаў прысуд Пілата, церпячы несправядлівае асуджэнне, Ты не гаварыў моваю людзей, не быў як звонкая медзь альбо гулкія цымбалы. Хрысце, Ты прамаўляў моваю любові – моваю глыбокай унутранай цішыні сэрца. Цябе абвінавачвалі, Езу, а Ты Сэрцам маліўся да Айца за сваіх ворагаў. Твая душа была вельмі заклапочана тым, што часта чалавек, які мае ўладу асудзіць іншага, забываецца пра тое, што існуе канчатковы справядлівы суд – гэта Божы Суд. Такі чалавек кіруецца суб’ектыўнымі меркаваннямі, шукаючы толькі ўласнай карысці альбо фальшывай людской справядлівасці. Часам чалавек, які асуджае іншага, імкнецца знайсці выгаду для сябе.

О Езу, Ты ціхім пакорным Сэрцам прыняў несправядлівае асуджэнне, будучы бязгрэшным! Учыні, Хрысце, маё сэрца да Твайго падобным, асабліва калі мяне людзі будуць несправядліва асуджаць альбо пакрыўдзяць, дапамажы мне скіраваць свой позірк толькі на Цябе, Езу, і ўзгадаць, што любоў доўгацярплівая ніколі не асуджае!

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 2 – Езус бярэ крыж на свае плечы
Любоў ласкавая

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце – сапраўдны прыклад ласкавай любові!

Ты ўзяў Крыж на свае плечы менавіта з любові да чалавека. Ты прыняў Крыж чалавечых грахоў, здрадаў, прыніжэнняў, таму што разумеў, што толькі ў Крыжы збаўленне душы ад вечнай смерці. Толькі шлях Крыжа ёсць сапраўднай надзеяй на вечнае жыццё. Езу! Ты не адкідаеш Крыж і не выракаешся яго, таму што любоў ласкавая не можа адвярнуцца ад цяжкага пакутнага шляху. Ласкавая любоў клапоціцца пра збаўленне бліжніх, а не пра ўласны дабрабыт. Ласкавая любоў – дасканалая, яна здольная на ўсё, нават горы перастаўляць, а не толькі несці крыж.

Езу Хрысце, дапамажы мне ніколі не наракаць на тое, што крыж майго жыцця нязносна цяжкі, і зразумець, што калі я адкіну крыж любові, мяне пачне прыгнятаць крыж цярпенняў. Дай мне ласку адчуць радасць крыжа, нягледзячы на тое, што шмат розных выпрабаванняў сустрэне мяне на маёй жыццёвай дарозе!

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 3 –першае падзенне Езуса пад крыжам
Любоў не зайздросціць

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая не зайздросціць!

На жаль, у маім жыцці здараецца інакш: часам, калі мне нешта не ўдаецца рэалізаваць так, як мне б хацелася, а нехта з маіх знаёмых, сяброў ці родных дасягае пэўных поспехаў, мяне можа ахапіць пачуццё зайздрасці.

Зайздрасць – гэта грэх, які атручвае маю душу, прыгнятае мяне і тады я падаю пад цяжарам граху. Галоўнае своечасова зразумець свой упадак і не застацца ва ўпадку, а падняцца і крочыць далей шляхам збаўлення.  Таму, каб выкараніць зайздрасць са сваёй душы, трэба перамагчы сябе праз пакаянне і шчырую радасць поспехам іншых людзей. Атрымаць перамогу над грахом дапамагаеш мне Ты, Езу, у сакрамэнце пакаяння, калі прабачаеш мяне, даеш мне магчымасць падняцца, узяць свой крыж і ісці далей.

Дзякую Табе, Езу, бо толькі Ты адзіны ведаеш, што найбольш карысна для збаўлення маёй душы. Дапамажы мне, Езу, заўжды перамагаць зайздрасць удзячнасцю Табе і бліжнім за ўсе радасці і за ўсе выпрабаванні.

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 4 – сустрэча з Маці
Любоў не пыхлівая

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові не пыхлівай, а пакорнай і цярплівай!

Ты вучыш пакоры, калі на пакутным крыжовым шляху Цябе сустракае Маці. Найсвяцейшая Панна Марыя – гэта крыніца пакоры! Езу! Тваё Сэрца і Сэрца Тваёй Маці з’ядналіся ў адзінае вялікае Святое Сэрца – Сэрца ціхае і пакорнае, якое без нараканняў, без крыўды здольнае прыняць Божую волю, нават калі Сэрца прабівае востры меч!

Як жа часта ў сваім штодзённым жыцці я не магу згадзіцца з Божаю воляю, калі нешта сабе планую, а потым мае планы рэзка змяняюцца і ўсё здзяйсняецца зусім не так, як мне хацелася б. Тады я пачынаю заклапочана перажываць, можа, часам несправядліва абвінавачваць іншых людзей, рэзка рэагую на розныя крыўды, мая вера разбіваецца праз розныя сумнівы… У такія хвіліны я часта забываюся, што мае планы – гэта не Твае, Божа, планы і што Ты заўсёды маеш для мяне найлепшы шлях у жыцці. А ўсё гэта адбываецца таму, што часта мяне духоўна асляпляе ўласны эгаізм, мая пыха.

Улі, Езу, у маё сэрца цноту пакоры і вырві корань пыхі, які так глыбока пасяліўся ў маёй душы! О Найсвяцейшая Панна Марыя, навучы мяне сапраўднай пакоры!

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 5 – Сымон Кірынеец дапамагае Езусу
Любоў не ганарыцца

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая не ганарыцца!

Ідучы пакутным крыжовым шляхам на Галготу, Ты вучыш, Езу, не ганарыцца. А чалавек часта розныя свае дасягненні прыпісвае сабе як уласныя заслугі,забываючыся пра тое, што не бывае выпадковасцяў у жыцці. Усё здзяйсняецца цалкам па волі Божай. І, напрыклад, калі нам давялося некаму дапамагчы ці то нават з прымусу, ці то з любові да бліжняга, а потым мы заўважаем плёны ад нашай дапамогі, то бывае так, што ў душы пачынаем ганарыцца, што дапамаглі іншаму штосьці зрабіць.

Сымона Кірынейца, абцяжаранага ўласнымі жыццёвымі клопатамі, прымусілі дапамагчы Езусу несці Крыж. Спачатку ён не згаджаўся, а потым гонар у яго душы ўсё ж такі перамог і Сымон вырашыў дапамагчы, хоць, можа, нават не зусім глыбока ўсведамляў сэнс такой дапамогі.

Хрысце, дай мне ласку сапраўднага разумення, што ўсе людзі, якіх Ты ставіш на маім жыццёвым шляху і ўсё тое, што адбываецца са мною ў жыцці – гэта не простая выпадковасць, а Божы Провід. Таму не дазволь мне, Хрысце, ганарыцца рознымі поспехамі ці дасягненнямі, ведаючы, што над усім гэтым пануе Тваё благаслаўленне!

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 6 – святая Вераніка выцірае твар Езуса
Любоў не бессаромная

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Мукусваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце – сапраўдны прыклад не бессаромнай любові!

Сваім прыкладам, Хрысце, Ты вучыш, што ёсць натуральны чалавечы сорам і фальшывы сорам. Без аніякага сораму Ты пакінуў на хустцы святой Веранікі адбітак свайго Найсвяцейшага Аблічча, калі яна выцерла Твой акрываўлены, збіты твар. Гэта была сапраўдная ўзнагарода, падзяка за ўчынак бескарыслівай любові, праяўлены святой Веранікаю да Цябе.У такой сітуацыі не павінна дамінаваць пачуццё сораму, а павінна ўзрастаць любоў. Любоў знішчае ўсялякі фальшывы сорам!

На жаль, чалавек не дасканалы ў любові! Часаму жыцці хрысціяніна, які лічыць сябе глыбока веруючым і пабожным, здараюцца сітуацыі, што бывае сорамна зрабіць знак крыжа, праходзячы па вуліцы каля святыні, ці памаліцца перад ежаю, напрыклад, перад супрацоўнікамі. Таму што тады ўзнікае думка, а што падумаюць, як будуць глядзець іншыя людзі. Ці, напрыклад, трэба вызнаць свае грахі перад святаром у сакрамэнце пакаяння, і тады адчуваецца сорам, асабліва калі неабходна назваць смяротны грэх і не хапае мужнасці гэта зрабіць. Трэба памятаць тады, што гэта толькі фальшывы сорам. А той, хто любіць па-сапраўднаму: усёю душою, усім сэрцам і ўсім розумам – не павінен крочыць шляхам фальшывай сарамлівасці.

Таму сэрцам прашу Цябе, Езу, зруйнуй у маім жыцці ўсялякі фальшывы сорам і дапамажы мне кіравацца толькі натуральнаю чалавечай сарамлівасцю, заўсёды памятаючы, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае!

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 7 – дргое падзенне Езуса пад крыжам
Любоў не шукае свайго

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце –сапраўдны прыклад любові, якая свайго не шукае!

Любоў не шукае ўдзячнасціі пашаны; яна не шукае ўласнай выгады! Ёй не патрэбна нават падзяка, бо сапраўдная любоў клапоціцца пра дабро бліжніх, выракаючыся сябе. Яна складае з сябе жывую ахвяру!

Менавіта толькі з любові да бліжніх дзеля збаўлення грэшнікаў, Езу, Ты нёс цяжкіКрыж на Галготу! І калі другі раз на сваім пакутным Крыжовым шляху Ты ўпаў пад Крыжам, Езу Ты выракся самога сябе, Ты прынізіўсябе самога і спазнаў боль - гэта цяжкія грахі людзей моцна прыціснулі Цябе да зямлі, гэта мой грэх так прыгнятае Цябе! Але Ты, Хрысце, вучыш мяне ніколі не ўпадаць у роспач, нават тады, калі я неаднаразова буду на сваім жыццёвым шляху спатыкацца і падаць пад цяжарам аднаго і таго ж граху! Бо любоў Твая да мяне нашмат мацнейшая за мой грэх! І гэта дае мне надзею, Твая любоў адкрывае мне шлях да збаўлення душы–праз вырачэнне злога, граху і яго наступстваў, а таксама праз шчырае пакаянне.

Ты ўказваеш мне, Езу, шлях любові, якая не шукае свайго, а знаходзіць грэшніка і падымае яго!

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!

Стацыя 8 – Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
Любоў не гневаецца

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце– сапраўдны прыкладлюбові, якая не гневаецца!

Таму што любоў міласэрная, яна не асуджае, але судзіць справядліва. Любоў звычайна прыносіць супакой і суцяшае!

Калі на Крыжовым шляху Табе, Езу, сустрэліся ерузалемскія жанчыны, яны моцна плакалі, выказывалі Табе спачуванне. Але Ты сказаўім, што па Табе не трэба праліваць слёзы. Любоў справядлівая не патрабуе слёз, а плакаць трэба чалавеку грэшнаму па сабе і па дзецях сваіх, па сваіх родных, якія жывуць у стане граху.

Часам бывае гнеў справядлівы, але любоў перамагае ўсялякі гнеў, бо Ты, Езу, моцна любіш грэшніка, але ненавідзіш грэх.

Таму асвяці мой розум, маё сэрца і маю душу, Хрысце, каб мае слёзы былі сапраўднымі і шчырымі слязьмі пакаяння іўлагодзілі Твой справядлівы гнеў!

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 9 – трэцяе падзенне Езуса пад Крыжам
Любоў не памятае зла

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце– сапраўдны прыкладлюбові, якая не памятае зла!

Хрысце, Тваё трэцяе падзенне пад Крыжам – гэта выраз Тваёй найвялікшай любові да слабага грэшнага чалавека! Каб па-сапраўднаму быць моцным, трэба пазнаць сваю слабасць.

Часта ў сваім духоўным жыцці я перажываю розныя спакусы злога духа. Неаднаразова здараецца так, што я не магу самастойна змагацца з уласнымі слабасцямі і яшчэ больш падаю пад цяжарам граху. Бывае сітуацыя, калі здаецца, што душа ўжо вызвалілася з путаў злога і на працягу доўгага часу грэх у жыцці ўжо больш не паўтараецца. Але калі ізноў надыходзіць час выпрабаванняў і я ўпадаю ў той самы грэх, тады глыбей пачынаю разумець, што праз выпрабаванні і падзенні ачышчаеццаі ўдасканальваецца ў любові мая душа.

Дапамажы мне, Божа, у маім хрысціянскім жыцці не канцэнтравацца толькі на сваёй грахоўнасці, а ўсім сэрцам заўсёды шукаць Цябе, Езу! Бо толькі моцаю Тваёй любові я сапраўды ўзмацняюся, калі душу атакуюць спакусы злога духа! І Ты, Езу, не памятаеш зла, не ўспамінаеш мне маіх грахоў, калі я шчыра вызнаю іх у сакрамэнце пакаяння.

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 10 – з Езуса здзіраюць адзенне
Любоў не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце– сапраўдны прыклад любові, якая не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай!

Езу Хрысце, Ты сказаў, што толькі Ты – Праўда, якою трэба кіравацца ў жыцці. Ты стварыў чалавека з любові на свой вобраз і падабенства. Чалавек – найвышэйшае Божае стварэнне над усімі іншымістварэннямі. Толькі чалавек мае розум і вольную волю, таму здольны рабіць выбар у сваім жыцці:выбар паміж благаслаўленнем ці пракляццем.Гэта значыць альбо жыць з Богам і служыць Яму, альбо спадзявацца толькі на ўласныя сілы і адвярнуцца ад Бога. Іншага шляху няма! Альбо трываць у Божай прысутнасці і радавацца разам з Праўдай, альбо чыніць тое, што супярэчыць волі Божай. Калі чалавек парушае Божыя запаведзі, ён выбірае шлях несправядлівасці. А любоў дасканалая не радуецца несправядлівасці!

Езу Хрысце, калі злосныя жаўнеры, злачынцы дзялілі Тваю вопратку, яны свядома выбралі для сябе шлях пракляцця. Ты не праклінаў іх, яны самі сябе пракліналі сваімі злачынствамі. Езу – Ты любоў дасканалая, якая не здольная праклінаць! Чалавек сам свядома выбірае для сябе шлях пракляцця, калі чыніць грэх!

Езу Хрысце! Дапамажы мне ў жыцці заўжды рабіць мудры выбар і кіравацца толькі шляхамі Тваёй спрадвечнай Праўды і справядлівасці, а таксама навучы мяне заўсёды радавацца разам з Праўдай, бо Ты вучыш словамі Святога Апостала Паўла: “Заўсёды радуйцеся!”

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 11 – укрыжаванне Езуса
Любоў усё зносіць

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая зносіць усё!

Любоў дасканалая зносіць усё: знявагі, крыўды, няўдзячнасці, блюзнерствы, падманы, несправядлівыя прысуды… Любоў церпіць боль… Любоў часта адчувае сябе пакінутай, асмяянай. Любоў дасканалая звычайна не знаходзіць разумення, бывае, што за праяўленую дабрыню ёй узнагароджваюць злом…

Так, Езу, Ты зносіў усё, калі аддаў сябе на ўкрыжаванне за збаўленне чалавецтва, за збаўленне маёй грэшнай душы...

Хрысце, калі Твае святыя рукі і ногі прыбівалі да Крыжа, Ты цярпеў жудасны боль менавіта з вялікай любові да мяне.

Гледзячы на Твой сапраўдны прыклад любові, якая ўсё зносіць, я ўсё глыбей разумею, Езу, якая ж недасканалая мая любоў да Цябе і да маіх бліжніх!

Гледзячы на святы Крыж, сэрцам і душою, схіляючыся прад Табою, Хрысце, прашу ў Цябе прабачэння за кожны грэх, за кожную здраду, за кожнае занядбанне, якімі я Цябе штодзённа ўкрыжоўваю!

Прабач мне, Пане Езу! Мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна…

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 12 – смерць Езуса на крыжы
Любоў усяму верыць, на ўсё спадзяецца

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая ўсяму верыць, на ўсё спадзяецца!

На Крыжы любоў перамагла смерць: любоў перамагла знявагі, крыўды, няўдзячнасці, блюзнерствы, падманы, несправядлівыя прысуды…

Любоў, якая жыве праз вякі, любоў, якая не памірае.

Твая Любоў, Хрысце, дае жыццё маёй душы, а крыламі маёй душы ёсць вера і надзея, таму што дасканалая Любоў усяму верыць і на ўсё спадзяецца!

Вера – гэта ўпэўненасць у нябачным. Ты сказаў: Я з вамі да канца жыцця! Я веру, Езу! Таму што адчуваю Тваю прысутнасцьу сваім жыцці. Часта Ты дакранаешся да сэрца майго Духам Святым, калі суцяшаеш мяне ў смутку; калі выціраеш слёзы з маіх вачэй; калі Ты ўліваеш у маю душу сапраўдны супакой і радасць.

Дапамажы мне, Хрысце, заўсёды заставацца вернай Табе! Навучы мяне верыць, спадзявацца і любіць! Навучы мяне дасканалай любові!

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 13 – Цела Езуса здымаюць з крыжа
Любоў усё церпіць

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая ўсё церпіць!

Езу, Ты прайшоў пакутным шляхам, несучы Крыж на Галготу. На сваім шляху Ты зведаў тры падзенні, цярпеў здзекі і жудасны боль, калі Твае святыя рукі і ногі прыбівалі да Крыжа, калі з Твайго прабітага Сэрца выплылі святая Кроў і вада, як крыніца міласэрнасці для грэшнікаў – Ты ўсё цярпеў з любові! Любоў дасканалая ўсё церпіць!

Цяпер, Езу, Тваё Цела знялі з Крыжа і паклалі на рукі Найсвяцейшай Панне Марыі, Тваёй Маці. Яна і мая духоўная Маці. Марыя для мяне – прыклад цярплівай любові! Толькі праз цярплівасць і пакорнае прыняцце волі Божай я вучуся ў Найсвяцейшай Панны Марыі сапраўднай дасканалай любові!

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Стацыя 14 – Цела Езуса паклалі ў грабніцу
Любоў ніколі не мінае

С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце!
Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету!

Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая ніколі не мінае!

Езу, скончыўся Твой шлях зямнога вандравання, але менавіта на Крыжы ў Вялікую пятніцу распачаўся Твой хвалебны шлях да светлага Уваскрасення! Праз свае пакуты і крыжовую смерць Ты адкрыў брамы ў Валадарства Нябеснае і прынёс збаўленне свету з любові да мяне – самага слабага грэшнага чалавека. Сваёю любоўюТы ўжо знішчыў мой грэх, а таксама даеш мне цяпер магчымасць атрымаць каштоўны дар поўнага адпусту, як прабачэнне караў за ўчыненыя грахі. Гэта доказ Тваёй любові, якая ніколі не мінае!

Дзякую Табе, Езу, за тое, што Ты прысутны заўсёды ў маім жыцці і сваёю жывою дасканалаю любоўю ажыўляеш маю душу! Твая любоў жыве зараз ў душы маёй! Бо калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я – як медзь звонкая або гулкія цымбалы. І калі маю дар прароцтва, і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я – нішто.

А цяпер трываюць вера, надзея і любоў – гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў.

Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу…
Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі!


Малітва на заканчэнне Крыжовага шляху

Езу Хрысце! Мой адзіны Збаўца – сапраўдны прыклад дасканалай любові!

Навучы мяне любіць так, як любіш Ты – проста, шчыра і бескарысліва!

Навучы мяне прабачаць так, як Ты прабачаеш нам, грэшным!

Умацуй маю веру і ўчыні маё сэрца ціхім і пакорным, падобным да свайго Найсвяцейшага Сэрца! Навучы мяне цярпліва зносіць усе крыўды і знявагі!

Дапамажы мне ніколі не ўпадаць у роспач, калі мяне будзе прыгнятаць крыж маіх цярпенняў! Навучы мяне, Езу, цалкам Табе давяраць!


Каб атрымаць адпуст, памолімся ў інтэнцыі Айца Святога…

Ойча наш…Вітай, Марыя…Хвала Айцу…
альбо Тваёй абароне аддаёмся…

 

апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова
парафія Св. Сымона і св. Алены, г. Мінск

Адноўлена 16.02.2016 11:06
 
© 2003-2024 Catholic.by