Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XХ Звычайную нядзелю, Год B (19 жніўня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
17.08.2012 14:01

Каментарый да літургіі

«Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім» (Ян 6 56). Падчас кожнай Эўхарыстыі мы сустракаемся з Хрыстом, які корміць нас сваім Целам. Без Цела Хрыста немагчыма будзе духоўнае развіццё чалавека.


Святы Ян Марыя Вянэй, калісьці да сваіх вернікаў казаў: «скарб хрысціяніна знаходзіцца ў небе, не на зямлі. Таму, дзе знаходзіцца скарб, туды павінны імкнуцца вашыя думкі».

Заданнем кожнага хрысціяніна з’яуляецца малітва і любоў. Таму падчас гэтай святой Імшы будзем прасіць Бога, каб навучыў нас любіць той любоўю, якой Ен нас палюбіў. Скіруем да нашага Пана думкі, а атрымаем усё, што будзем толькі з верай прасіць.

Каментарый да літургіі слова

Езус Хрыстус хоча нас цяпер карміць сваім словам, якое мае тую самую моц, што Яго ежа: Цела і Кроў.

У чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона пачуем заклік: «Хадзіце, ешце хлеб мой, піце віно, якое змяшала. Адкіньце глупства і будзеце жыць, хадзіце шляхам розуму».

Толькі слова Бога з’яўляецца праўдзівай мудрасцю, не той, якую прапануе нам сучасны свет, але той, якая дае жыццё і дапамагае зразумець волю Пана Бога, аб чым нам скажа апостал Павел у другім чытанні.  

У Евангеллі Езус зноў нас заахвочвае, каб мы заўсёды былі пры Ім, пры Яго любові, а таксама карміліся Яго ежай, якая мае мoц збаўчую: «Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі».

Малітва вернікаў

Богу, які прагне любові больш, чым ахвяраў, прадставім нашыя малітвы і просьбы.

1. Молімся за ўвесь люд Божы, каб з нядзельнай літургіі чэрпаў сілы для будавання духоўнай святыні Касцёла.
2. Молімся за прадстаўнікоў улады, каб яны ўмелі мудра вырашаць грамадскія праблемы і аддана служылі свайму народу.
3. Молімся за парафіяльныя супольнасці, каб яны праз людскую добразычлівасць паўней спазналі Божую міласэрнасць.
4. Молімся за нас, тут прысутных, каб Божае слова перамяніла нашае жыццё на лепшае.

Пане Божа, просім Цябе, выслухай нашыя малітвы і благаславі нас. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч

Адноўлена 17.08.2012 14:08
 
© 2003-2024 Catholic.by