Каментарый на VII Велікодную нядзелю, Год А (28 мая) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
22.05.2017 10:23

Каментарый да літургіі

Велікодны час у жыцці хрысціяніна — гэта асаблівы перыяд, у якім падкрэсліваецца трывалая радасць. Мы ўжо пачулі найважнейшую вестку — Хрыстус Уваскрос! Сёння, складаючы на алтары Пана тое, з чым мы прыходзім, што турбуе нашыя сэрцы, што выклікае слёзы смутку і радасці, прагнем маліць Бога, каб Ён перамяніў нашае нутро, каб перамог наш страх, каб адарыў нас сапраўднай мудрасцю.


Каментарый да літургіі слова

У сённяшнім Евангеллі Езус звяртаецца да Айца з клопатам і хваляваннем. «Я за іх прашу», — чуем малітву Езуса, нашага Настаўніка. Сам Бог моліцца за нас. Не варта ўжо нічога баяцца. Трэба бязмерна давяраць Божаму Провіду, таму што ўсё ў Яго руках. Хрыстус дае нам прыклад малітвы, у якой мы павінны памятаць пра іншых. Наша малітва не можа канцэнтравацца толькі на сабе, мы запрошаны несці Богу просьбы за іншых.


Малітва вернікаў

З вераю ў Езуса Хрыста ўзнясём да Бога нашыя малітвы:

  1. Молімся за святы Касцёл, каб усе яго вернікі здолелі распазнаць місію, якую вызначыў ім Бог. Цябе просім...
  2. Молімся аб новых, шчодрых і святых пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця, каб на нашай зямлі палалі полымем веры самаадданыя працаўнікі на ніве Пана. Цябе просім...
  3. Молімся за цяжкахворых людзей, каб праз свае цярпенні выпрошвалі свету Божую міласэрнасць. Цябе просім...
  4. Молімся за нашых памерлых, каб праз Браму, якой з’яўляецца Хрыстус, яны далучыліся да супольнасці збаўленых. Цябе просім...
  5. Молімся за нашу эўхарыстычную супольнасць, каб мы, паяднаныя з Хрыстом, мужна выконвалі заданні хрысціянскага паклікання. Цябе просім...

Добры Божа, Ты выслухоўваеш нас і хочаш нам дапамагчы, навучы нас прымаць Тваю дапамогу і дзякаваць Табе за ўсё. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтаваў Януш Чарнамораў,
навучэнец пінскай семінарыі

Адноўлена 22.05.2017 10:26
 
© 2003-2024 Catholic.by