Гамілія на ІI Нядзелю Адвэнту (4 снежня) | Друк |
Нядзельнае казанне
02.12.2016 12:27

«Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму, і кожнае цела ўбачыць Божае збаўленне».

Дарагія браты і сёстры!

Уявіце сабе вялікі прыгожы сад, дзе шмат дрэваў. Які ён прыгожы, як радуе гэты сад наш позірк, асабліва вясною, калі пачынае квітнець. Прыгажосць і захапленне. Душа радуецца. І неабавязкова быць чалавекам сентыментальным ці рамантыкам, каб ацаніць гэтую прыгажосць. Думаю, вы са мною згодныя.

А зараз уявіце іншы сад, які не мае гаспадара, закінуты і занядбаны, за якім ніхто не даглядае, у якім ніхто не жыве. Ён сам па сабе, марнее ды сохне. Калі ён і квітнее, то не радуе позірк, а навявае сум ды трывожыць сэрца. Сумна аглядаць такі сад, бо неўзабаве ён будзе выкарчаваны і след па ім згіне.

Мае дарагія! Нешта падобнае ёсць і ў жыцці чалавека. Пра гэта нам кажа апошні прарок Старога Запавету Ян Хрысціцель: «Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь». Нашае духоўнае жыццё чымсьці падобнае на сад. І, ведаеце, калі ёсць Гаспадар гэтага саду, — саду нашай душы — Ён будзе клапаціцца, каб гэты сад не толькі ззяў веснавой прыгажосцю, але і прыносіў багаты плён.

Літургія Адвэнту, якую зараз мы разам перажываем, стварае спрыяльныя ўмовы і атмасферу для таго, каб пераасэнсаваць сваё хрысціянскае жыццё, знайсці ў ім яшчэ больш глыбокі сэнс, адкрыць сваё пакліканне і заданне. Адкрыць або аднавіць. Вось чаму нам неабходна чуванне. Адвэнт — гэта прыйсце, прыход.

Калісьці ў эпоху Рымскай Імперыі таксама існавала паняцце «Адвэнт». І яно разумелася як прыбыццё ў мясцовасць цэзара або нейкага іншага высокапастаўленага чыноўніка Рыма, або сатрапіі, асобнай правінцыі. І да гэтага прыбыцця людзі рыхтаваліся. Рыхтаваліся прыкладна так жа, як зараз рыхтуюцца да прыезду, напрыклад, губернатара або міністра.

У нашым выпадку госць значна большы — сам Бог да нас прыходзіць. Таму і падрыхтоўка павінна быць адпаведная. Чуванне і чаканне прыходу ўцелаўлёнага Слова. І таму ў дапамогу нашай падрыхтоўцы сёння літургія прадстаўляе нам яшчэ адзін вельмі важны элемент, які далучаецца да нашага чування і чакання і з’яўляецца вельмі важным у нашай адвэнтавай падрыхтоўцы: НАВЯРТАННЕ.

«Прынясіце ж годны плён пакаяння», — звяртаецца сёння да нашых сэрцаў Ян Хрысціцель. Іншымі словамі, заклікае да навяртання. Яго словы канкрэтныя і бескампрамісныя, бо адкрываюць Божую праўду: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». Ян Хрысціцель весціць прыход Пана, укладваючы ў свае вусны старажытнае прароцтва з кнігі Ісаі: «Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму».

Усе гэтыя словы адкрываюць перад намі перспектыву збаўлення і патрэбу гатоўнасці прыняць гэтае збаўленне. Сам Ян вельмі выразна кажа не толькі пра Апошні Суд, параўноўваючы нас да дрэваў, але кажа пра жыццё згоднае з Хрыстом. Праз веру мы прыносім багаты плён, а праз занядбанне, бязвер’е і маладушнасць мы марнеем і сохнем, і тады нас чакае тое ж, што і сухое дрэва…

Святы Ян Хрысціцель хоча, каб мы штосьці сабе ўсвядомілі: прыйдзе час, калі добра будзе бачна, як мы пражылі не толькі сёлетні Адвэнт, але ўсё нашае жыццё. Калі ў сваім жыцці мы прыносім багаты плён, пра які кажа Евангелле, то нашае жыццё не змарнаванае, яно мае глыбокі сэнс, бо закаранёна ў самім Езусе Хрысце. Бяда, калі мы бясплодныя, калі забываем, хто такі хрысціянін і якім павінна быць яго жыццё, бо тады чакае нас лёс высечанага і спаленага дрэва.

Гэтая ж думка прысутнічае і ў першым чытанні з кнігі Ісаі, якое распавядае аб прыйсці Месіі, які будзе судзіць справядліва: «Ён будзе судзіць убогіх паводле справядлівасці і прыгнечаным зямлі будзе выносіць прысуд ў праўдзе». Таму зараз час, каб стаць у праўдзе, ацаніць сваё жыццё, свае паводзіны, зрабіць работу над памылкамі… Адвярнуцца ад зла і палюбіць дабро.

Святы апостал Павел у сённяшнім другім чытанні, якое мы пачулі, напісаў вельмі добрую думку, якая можа нам паслужыць матывацыяй да навяртання: «Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас на хвалу Божую».

Умілаваныя ў Хрысце! Калі мы па-сапраўднаму ўсведамляем тое, што мы грэшныя, калі свае правіны вызнаем, спачатку перад самім сабою, калі адчуваем патрэбу Божага прабачэння, калі нашае сэрца напаўняе жаль і жаданне выправіцца, то мы здольныя лепш зразумець нашых бліжніх, здольныя перамагчы крыўду — прабачэннем, а непаразуменне і раздзяленне — згодай і еднасцю. Вось нашае заданне на гэты Адвэнт. Адкрыць патрэбу навяртання, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 02.12.2016 12:28
 
© 2003-2024 Catholic.by