Гамілія на IV Звычайную нядзелю, Год А (29 студзеня) | Друк |
Нядзельнае казанне
26.01.2017 15:21

«Шукайце Пана, усе пакорныя зямлі, якія выконваеце Яго пастановы».

Дарагія браты і сёстры!

Разважанне над нагорнай пропаведдзю Езуса, сённяшнім урыўкам з Евангелля паводле Мацвея, наводзіць на думку, як у жыцці дасягнуць шчасця. Напэўна, гэтае пытанне кожнага з нас хвалюе. Таму што прыходзіць момант, калі мы сябе адчуваем няшчаснымі або пакінутымі. А шчасця хоча зведаць кожны.

Калісьці Езус адрасаваў сваім вучням такія словы: «Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; не як дае свет, Я вам даю». Чуем гэтыя словы падчас кожнай святой Імшы. Што яны азначаюць? Свет не здольны нас па-сапраўднаму заспакоіць. Як чуем, супакой свету не такі, як супакой Хрыстовы. Радасць, якую дае свет, вельмі адрозніваецца ад той, якую прыносіць Езус Хрыстус. Нават калі і адчуваем хвілінную радасць, то выдатна разумеем, што яна хвілінная і павярхоўная. А падсвядома нам хочацца чагосьці глыбокага, сапраўднага і трывалага, стабільнай радасці, супакою, урэшце, шчасця.

Дарагія! Свет жыве іншымі каштоўнасцямі і прапагандуе свае «вартасці». На жаль, бывае так, што гэтыя «вартасці» вельмі далёкія ад евангельскіх, а часам нават ім супярэчаць. У падмурку свету Бог заклаў дабро, аднак людская слабасць і схільнасць да граху паспрыялі таму, што гэтае дабро, якое было ў аснове свету, пачало знікаць. А свет пачаў жыць сваёй праўдай, сваімі вартасцямі.

Аднак жаданне шчасця ўпісана ў натуру кожнага чалавека. Быць шчаслівым жадае кожны з нас. У біблейскім значэнні быць шчаслівым значыць атрымаць Божае благаслаўленне. Калі Бог благаслаўляе, то чалавек становіцца шчаслівым. Восем благаслаўленняў, пра якія мы сёння чуем у Евангеллі, з’яўляюцца своеасаблівай праграмай Езуса Хрыста, якая датычыць нашага шчасця.

Калі ў нашым жыцці ёсць месца для гэтых васьмі пунктаў, то мы разумеем, якім павінна быць шчасце ў нашым жыцці, і мы таксама здольныя гэтае шчасце спазнаць, стаць годнымі Божага благаслаўлення.

Магчыма, кожны з нас мае сваю ўласную канцэпцыю шчасця, свае мары, звязаныя з ім, свае ўяўленні аб шчасці. Са шчасцем у чалавечым уяўленні звязаны і супакой, і дабрабыт, і здароўе, і шмат чаго іншага. Але давайце прыгледзімся бліжэй да праграмы Езуса, да гэтых васьмі тэзісаў шчасця:

«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае».

Калі паглядзім на шчасце ў разуменні сучаснага свету, то можам заўважыць, фактычна, поўную супрацьлегласць прынцыпам Езуса Хрыста. Бачым, што гэтым благаслаўленням вельмі цяжка змясціцца ў кантэксце шчасця гэтага свету.

Свет не прымае ўбогіх духам, наадварот, яго цікавяць моцныя гэтага свету, магутныя, уплывовыя людзі, насычаныя багаццем. Быць лагодным у разуменні свету таксама нямодна, трэба быць рашучым, можа, нават нахабным, прадпрымальніцкім і не лічыцца з іншымі. А як могуць галодныя і тыя, хто прагнуць справядлівасці, быць шчаслівымі паводле свету? Напэўна, свет іх класіфікуе па-іншаму, называе іх няўдачнікамі, адносіць такіх людзей да іншай катэгорыі: да слабых і нядужых і гэтак далей.

Дарагія! Евангельскія прынцыпы хоць неверагодныя і незразумелыя для логікі свету, затое вельмі добра зразумелыя для чалавека веруючага, які сваё жыццё прагне зрабіць падобным да жыцця Божага Сына. Менавіта ў гэтых васьмі пунктах змяшчаецца сапраўдны рэцэпт шчасця. Канешне, ён няпросты, патрабуе шмат сілы духу і самавырачэння, патрабуе глыбокага разумення жыцця як Божага дару і шанцу на збаўленне, да якога мы пакліканы ў Хрысце.

Калі ў сэрцы мы будзем пакорнымі і беднымі, то, як кажа прарок Сафонія, мы будзем шукаць Пана, будзем адчуваць голад Бога. «Я пакіну сярод цябе народ пакорны і бедны, і яны будуць шукаць прытулку ў імені Пана», - чуем у першым чытанні.

Не голад па дабротах гэтага свету павінен нас непакоіць, а прагненне заспакоіць сваё сэрца дабротамі непрамінальнымі. Парадокс заключаецца ў тым, што гэтая зямная беднасць, прыніжанасць і пакора здольныя нас зрабіць па-сапраўднаму багатымі, шчаслівымі і велічнымі. Аб гэтым нам сёння кажа Езус, заахвочваючы да радасці, каб мы не сумавалі сярод жыццёвых выпрабаванняў, каб не зайздросцілі тым, у каго, на нашую думку, жыццё лепш складваецца, але каб, карыстаючыся вось гэтымі евангельскімі прынцыпамі, мы імкнуліся да сапраўднага шчасця. «Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах», - кажа нам сёння Езус.

Умілаваныя браты і сёстры, якая будзе з гэтага карысць, калі мы пражывём сваё жыццё, маючы фактычна ўсё, а не маючы самага галоўнага - Божага благаслаўлення? Калі мы ў сваім жыцці дасягнулі небывалых вяршынь у самых розных сферах, а ігнаравалі іншых людзей, якім патрабавалася наша ўвага ці дапамога, якая нам карысць з гэтага? Калі мы спазналі кар’ерны рост, калі здабылі навуковыя тытулы ці высокія пасады, а пры гэтым не знайшлося месца для развіцця евангельскіх прынцыпаў у нашым жыцці, - якія ж з нас хрысціяне?

Кожны чалавек пакліканы да шчасця. Бог не хоча, каб чалавек быў нешчаслівым. Таму Ён даў нам розум, сумленне і сілы дзейнічаць. Даў нам інструкцыю, паводле якой мы можам адчуць, што значыць быць шчаслівым у гэтым свеце і ў будучым жыцці. Мы - людзі веруючыя - быццам індыкатары Бога ў гэтым свеце. Калі ўключаеш нейкае абсталяванне, загараеца індыкатар, і гэта азначае, што прыбор пад токам, ён уключаны. Так і мы для іншых людзей павінны быць такім індыкатарам Бога ў сучасным свеце. Каб гэтыя прынцыпы, якія дае нам Хрыстус, не сталі для нас далёкімі, але наадварот - каб мы імкнуліся імі жыць, тады і іншыя людзі, бачачы гэта, адкрыюць вялікую вартасць Хрыстовага Евангелля і разам з намі спазнаюць сапраўднае шчасце, якое даць можа толькі Бог. Шчасце трывалае і сапраўднае, якое свет, на жаль, даць не здольны. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by