Святая Маргарыта Марыя Алякок, панна | Друк |

Святая Маргарыта Марыя Алякок, паннаНарадзілася 22 ліпеня 1647 г. у Лёткуры (Бургундыя, Францыя) у сям’і паважаных гараджанаў. У 1671 г. уступіла ў закон Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі (візіткі) у Парэ-ле-Маньяль. Ужо ў першыя гады жыцця ў кляштары перажыла містычнае бачанне палаючага любоўю Сэрца Езуса. Адно з такіх бачанняў адбылося ў 1675 г., калі Маргарыта Марыя атрымала наказ паклапаціцца пра тое, каб свята Сэрца Езуса было ўведзена ў літургічны каляндар.

Словы законніцы пацвердзіла камісія тэолагаў, пасля чаго яе кляштар стаў цэнтрам распаўсюджання культу Сэрца Езуса і да сённяшняга дня з’яўляецца значным асяродкам рэлігійнага аднаўлення. Бачанні працягваліся да 1689 года. Маргарыта Марыя памерла праз некалькі месяцаў пасля апошняга з іх, 16 кастрычніка 1690 года. Свята Сэрца Езуса было афіцыйна ўведзена Папам Піем ІХ і адзначаецца ў Касцёле з 1856 г., але традыцыя культу развівалася ўжо з часоў Маргарыты Марыі Алякок. Яна пахавана ў капліцы свайго кляштара, дзе адбылося найважнейшае бачанне Сэрца Езуса.

Успамін: 16 кастрычніка
Адноўлена 15.07.2009 17:45
 
© 2003-2024 Catholic.by