Святы Пётр Дам’ян, біскуп і доктар Касцёла | Друк |
Святы Пётр Дам’ян, біскуп і доктар КасцёлаНарадзіўся ў 1007 г. у Равэне (Паўночная Італія), рана застаўся сіратою. Вялікую ролю ў яго жыцці адыграў брат Дам’ян, і таму ў святога з’явіўся такі дадатак да імені. У 1035 г. Пётр уступіў у кляштар бенедыктынцаў-эрэмітаў з вельмі суровымі манаскімі правіламі. Ён хутка стаў узорам манаха і праз восем гадоў быў прызначаны прыёрам.

У 1057 г. Папа Стэфан IX супраць волі Пятра прымусіў яго прыняць біскупскае пасвячэнне і годнасць кардынала Остыі. Пётр Дам’ян стаў адным з найлепшых папскіх дарадчыкаў і дыпламатаў. Акрамя тэалагічнай, місіянерскай і дыпламатычнай дзейнасці, святы нястомна пісаў. Яго працы вылучаюцца глыбокай эрудыцыяй, а паэзія — незвычайнай прыгажосцю. Яны належаць да найлепшых твораў Сярэднявечча і, перажыўшы стагоддзі, і ў наш час выклікаюць вялікую цікавасць. Памёр святы ўначы з 22 на 23 лютага 1072 г. падчас аднаго з падарожжаў ад вялікага знясілення працай. Хоць Пётр Дам’ян ніколі не быў афіцыйна кананізаваны, аднак яго заўсёды ўшаноўвалі як святога, а ў 1828 г. Папа Леў XII абвясціў яго доктарам Касцёла. Заступніцтва святога просяць, у прыватнасці, пры галаўным болю.

Успамін: 21 лютага
Адноўлена 15.07.2009 17:17
 
© 2003-2024 Catholic.by