Святы Караль Барамэй, біскуп | Друк |

Святы Караль Барамей, біскупНарадзіўся 2 кастрычніка 1538 г. на поўначы Італіі ў сям’і графа Барамео. У 14 гадоў распачаў вывучаць права ў Падуанскім універсітэце і пасля заканчэння вучобы атрымаў ступень доктара. Калі дзядзька Караля кардынал Медычы быў абраны Папам Піем IV, ён прызначыў свайго 22-гадовага пляменніка кардыналам-дыяканам і сваёю даверанаю асобаю, а таксама даручыў яго апецы Міланскую архідыяцэзію.

У той час Караль не меў ані тэалагічнай адукацыі, ані святарскага пасвячэння. Святаром ён стаў толькі праз 4 гады, і пазней быў афіцыйна пасвечаны ў біскупы. У 1566 г. Караль нарэшце перабраўся ў сваю дыяцэзію са сталіцай у Мілане. На працягу двух наступных дзесяцігоддзяў ён разгарнуў актыўную дзейнасць і набыў вялікі аўтарытэт у вачах духавенства і епіскапату. Караль Барамэй аддаваў усе свае сілы, узнімаючы дыяцэзію з заняпаду і ажыўляючы рэлігійнасць вернікаў: засноўваў духоўныя семінарыі, праводзіў шматлікія сіноды, падтрымліваў місіянерскую дзейнасць кляштараў. Падчас працяглай эпідэміі чумы Караль Барамэй сам клапаціўся пра хворых і паміраючых, жывучы амаль выключна на хлебе і вадзе.

Адзін з першых ён увёў у сваёй дыяцэзіі рэформы Трыдэнцкага Сабору, даўшы прыклад разважлівага іх прымянення іншым іерархам. Знясілены самаахвярным служэннем, памёр 3 лістапада 1584 г. у Мілане, маючы толькі 46 гадоў. У яго пахаванні бралі ўдзел натоўпы вернікаў, якія шчыра аплаквалі свайго пастыра. Караль Барамэй быў пахаваны ў міланскай катэдры, дзе яго рэліквіі спачываюць да сённяшняга дня. Святы з’яўляецца апекуном душпастыраў і семінарыстаў, у яго просяць паратунку ад заразы. Таварыства імя св. Караля Барамэя займаецца распаўсюджваннем рэлігійнай літаратуры.

Успамін: 4 лістапада

Адноўлена 04.11.2010 12:37
 
© 2003-2024 Catholic.by