Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Свір — парафія св. Мікалая, біскупа]
Гамілія біскупа Антонія Дзям'янкі з нагоды 50-годдзя з часу смерці кс. дэкана Казіміра Шылэйкі
2010-02-08 11:48:05

7 лютага 2010 г.

Свір, касцёл святога Мікалая, біскупа

У V Звычайную нядзелю Касцёл прапануе нам паразважаць аб пакліканні Богам некаторых людзей да абвяшчэння народу волі Пана. Узнёслымі словамі апавядаецца ў першым чытанні аб пакліканні Ісаі да місіі прарока. Абраны пачуў голас самога Пана: «Каго мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас?» Ісая адказаў: «Вось я, пашлі мяне». Таксама і Апостал народаў — святы Павел з пакораю разважае аб сваім пакліканні да абвяшчэння Евангелля і моцы Божага слова тым, хто яго прымае і ім жыве. Таксама сёння мы пачулі апісанае ў Евангеллі паводле св. Лукі пакліканне святога Пятра да апостальства. Пазней ён будзе прызначаны Князем усіх Апосталаў. Пакліканы Богам чалавек нясе Божаму народу праўду аб сэнсе існавання на зямлі, аб вечным прызначэнні быць шчаслівым з Богам на нябёсах. У розныя часы гісторыі Касцёла Бог клікаў і клікае да служэння пэўных асоб, якія праз ускладанне рук біскупам становяцца святарамі — пакліканы абвяшчаць Евангелле, быць адміністратарамі святых сакрамэнтаў і здзяйсняць душпастырства.

Пяцідзесятая гадавіна адыходу да Пана руплівага душпастыра вашай парафіі з’яўляецца нагодай для таго, каб паразважаць аб значэнні: 1) святара для парафіяльнай і дэканальнай супольнасці; 2) аб Божым намеры адносна паклікання людзей да выканання пэўнай місіі ў незвычайных абставінах (у выпадку гэтага святара — падрыхтоўка вернікаў да мужнага сведчання веры падчас рэлігійнага пераследу і ў сітуацыі існавання працяглы час без святара); 3) аб духоўных дабротах, атрыманых парафіянамі, якім служыў ксёндз дэкан Шылэйка; 4) аб руплівасці ў веры ў нашы часы, духоўнай лучнасці са святаром і малітвах аб святарскіх пакліканнях.

Святарскае служэнне ксёндз дэкан Казімір Шылэйка, пяцідзесяцігоддзе смерці якога мы сёння ўзгадваем, нёс у своеасаблівы час, неспрыяльны для Каталіцкага Касцёла: гады Другой сусветнай вайны і пасляваенныя часы дзяржаўнага атэізму. Тады ў навакольнай мясцовасці, як і ва ўсёй краіне, былі зачынены і знішчаны многія святыні: касцёлы, капліцы. Святар, працуючы ў парафіі ў пасляваенныя гады, быў пазбаўлены сувязі з біскупам, які з’яўляецца бачным знакам еднасці Касцёла, як сцвярджаюць дакументы Другога Ватыканскага Сабору, да якога, на жаль, не дажыў кс. дэкан Шылэйка.  

Вось тэкст дакумента Сабору: «Каб вернікі з’ядналіся ў адно цела, у якім
„не ўсе часткі выконваюць тыя самыя функцыі“ (Рым 12, 4), той самы Пан устанавіў некаторых з іх слугамі, каб яны ў выніку пасвячэння мелі ў супольнасці вернікаў святую ўладу прыносіць Ахвяру і адпускаць грахі, а таксама публічна здзяйсняць ад імя Хрыста і дзеля людзей святарскую паслугу. Таму Хрыстус, паслаўшы Апосталаў, так як і сам быў пасланы Айцом, праз гэтых жа Апосталаў зрабіў удзельнікамі свайго пасвячэння і місіі іх наступнікаў, біскупаў. Цяжар іх паслугі ў ступені падпарадкавання быў даручаны прэзбітэрам, каб яны, атрымаўшы прэзбітэрскае пасвячэнне, былі супрацоўнікамі біскупскага стану дзеля належнага выканання даверанай Хрыстом апостальскай місіі.

Служэнне прэзбітэраў, цесна звязанае з біскупскім станам, спалучана з уладай, на моцы якой сам Хрыстус будуе сваё цела, асвячае яго і ім кіруе. Таму святарства прэзбітэраў, якое прадугледжвае сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання, удзяляецца, аднак, праз спецыяльны сакрамэнт, у выніку якога прэзбітэры праз намашчэнне Духам Святым пазначаюцца асаблівай пячаткай і настолькі прыпадабняюцца да Хрыста Святара, што могуць дзейнічаць як намеснікі Хрыста Галавы.

Паколькі прэзбітэры ўдзельнічаюць у паслузе Апосталаў, ад Бога ім удзяляецца ласка быць слугамі Езуса Хрыста сярод людзей, выконваючы святую паслугу Евангелля, каб была прынята ахвяра народаў, асвечаная ў Духу Святым. Праз апостальскае абвяшчэнне Евангелля склікаецца і збіраецца народ Божы, каб усе, хто належыць да гэтага народу і асвечаны Духам Святым, ахвяравалі саміх сябе „на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу“ (Рым 12, 1). Праз паслугу прэзбітэраў духоўная ахвяра вернікаў становіцца дасканалай у яднанні з ахвярай Хрыста, адзінага Пасрэдніка. Гэтая ахвяра складаецца бяскроўна і сакрамэнтальна ў Эўхарыстыі рукамі прэзбітэраў ад імя ўсяго Касцёла аж да часу прыйсця самога Пана. Да гэтага скіравана і ў гэтым знаходзіць сваю поўню паслуга прэзбітэраў. Іх служэнне, якое распачынаецца з абвяшчэння Евангелля, чэрпае сваю сілу і моц з Ахвяры Хрыста і імкнецца да таго, каб „уся гэтая адкупленая дзяржава, г. зн. сход і супольнасць святых, як паўсюдная ахвяра, была ахвяравана Богу Найвышэйшым Святаром, які праз муку ахвяраваў самога сябе за нас, каб мы сталіся целам такой вялікай Галавы“».

Таму мэта, да якой імкнуцца прэзбітэры ў сваім служэнні і жыцці, — гэта хвала Богу Айцу, якая ўзносіцца ў Хрысце. Гэтая хвала заключаецца ў тым, што людзі свядома, дабравольна і з удзячнасцю прымаюць справу Божую, здзейсненую ў Хрысце, і сведчаць аб ёй усім сваім жыццём. Прэзбітэры, ці то праз малітву і адарацыю, ці то праз абвяшчэнне слова, ці праз прынашэнне эўхарыстычнай Ахвяры і ўдзяленне іншых сакрамэнтаў або таксама праз выкананне іншых паслуг для людзей прычыняюцца адначасова да памнажэння хвалы Божай і ўзросту Божага жыцця ў людзях. Усё гэта вынікае з Пасхальнай ахвяры Хрыста і здзяйсняецца ў хвалебным прыйсці таго ж Пана, калі Ён сам перадасць Валадарства Богу і Айцу.

У часы перабудовы ваша парафія ў хуткім часе, прыклаўшы вялікія намаганні, атрымала касцёл, які дзесяцігоддзямі пасля смерці святара сілай утрымліваўся уладамі і выкарыстоўваўся пад фабрыку. Таму можам сказаць, што святар падрыхтаваў вас праз розную дзейнасць да свядомага перажывання веры, як аб гэтым гаворыць Другі Ватыканскі Сабор: «Прэзбітэры, выконваючы ў межах сваіх функцый уладу Хрыста, Галавы і Пастыра, збіраюць ад імя біскупа Божую сям’ю, ажыўленую братнім адзінствам, і вядуць яе праз Хрыста ў Духу да Бога Айца. Для выканання гэтага служэння, як і для іншых прэзбітэрскіх заданняў, ім удзяляецца духоўная ўлада, якая дадзена для будавання. У гэтым будаванні Касцёла прэзбітэры павінны абыходзіцца з усімі з надзвычайнай дабрынёй па прыкладу Пана. Яны не павінны дагаджаць людзям, але павінны паступаць з імі згодна з патрабаваннямі хрысціянскага вучэння і жыцця, вучыць іх і настаўляюць як наймілейшых сыноў паводле слоў Апостала: „Прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні“ (2 Цім 4, 2)».

Святары, як настаўнікі ў веры, павінны асабіста ці праз іншых клапаціцца, каб кожны вернік у Духу Святым развіваў сваё пакліканне згодна з Евангеллем, шчырую і дзейсную любоў і свабоду, дзеля якой Хрыстус нас вызваліў. Няшмат дадуць цырымоніі, нават самыя прыгожыя, або квітнеючыя таварыствы, калі яны не скіраваны на выхаванне людзей і на дасягненне хрысціянскай сталасці. Прэзбітэры павінны ім дапамагаць у іх удасканаленні, каб яны распазналі, якая ёсць воля Божая і чаго патрабуе парадак рэчаў у кожным выпадку, значным ці не. Трэба таксама вучыць, каб хрысціяне не жылі толькі для сябе, але, паводле патрабаванняў новага наказу любові, служылі адно аднаму, кожны паводле атрыманай ласкі, каб такім чынам усе па-хрысціянску выконвалі свае абавязкі ў чалавечай супольнасці.

Разважаючы аб служэнні кс. дэкана ў свірскай парафіі, можам сказаць, што гэта быў святар, якога паслаў Бог. Ён і сёння пасылае святароў тым, хто просіць аб такім святары, які б быў сапраўдным пастырам у іх парафіі. Касцёльны дакумент «Аб служэнні і жыцці святара» гаворыць аб гэтым так: «Бог абяцаў Касцёлу, што дасць яму пастыраў “паводле свайго сэрца”. “Сэрца” Бога аб’явілася нам поўнасцю ў Сэрцы Хрыста Добрага Пастыра. Сэрца Езуса і сёння зжальваецца над лёсам людскіх натоўпаў і дае ім хлеб праўды, хлеб любові і жыцця; хоча, каб у іншых сэрцах — сэрцах святароў — гучаў наказ: “Вы дайце ім есці”. Людзі не хочуць быць часткаю ананімнага, спалоханага натоўпу, хочуць быць распазнанымі і пакліканымі па імені, хочуць ісці бяспечна па сцежцы жыцця, хочуць, каб іх знайшлі, калі яны згубіліся, каб іх любілі, хочуць атрымаць збаўленне як найбольшы дар Божай любові. Менавіта гэта робіць Езус, Добры Пастыр, а разам з Ім і святар».

З прыкладам ахвярнага служэння кс. дэкана Шылэйкі мы адчуваем, што вера Божага народа аднаўляецца і ўмацоўваецца там, дзе працаваў такі пастыр. Таму, заклапочаныя будучыняй Касцёла, партыкулярнага і паўсюднага, молімся аб пакліканні да святарства юнакоў з нашай парафіі, з нашых сем’яў, верачы ў тое, што Бог нас выслухае. Слуга Божы Вялікі Папа Ян Павел ІІ так пісаў у дакуменце «Pastores dabo Vobis»: «Божае абяцанне будзіць у сэрцы Касцёла малітвы, палымяныя і прасякнутыя даверам у Яго любоў, просьбы да Айца, які паслаў Езуса, Добрага Пастыра, Апосталаў і іх наступнікаў, а таксама незлічоныя натоўпы святароў, каб па-ранейшаму даваць сучаснаму чалавеку сваю вернасць і дабрыню.

Касцёл, гатовы адказаць на гэтую ласку, усведамляе, што дар Божы патрабуе аднагалоснага і велiкадушнага адказу. Увесь Народ Божы павінен нястомна маліцца аб святарскіх пакліканнях і клапаціцца аб іх; кандыдаты да святарства павінны вельмі грунтоўна падрыхтавацца да прыняцця Божага дару і жыць ім, усведамляючы, што яны цалкам патрэбны Касцёлу і свету; павінны моцна пакахаць Хрыста Добрага Пастыра, фармаваць сваё сэрца адпаведна Яго Сэрцу, быць гатовымі выйсці на дарогі свету як яго жывыя вобразы, каб паказаць усім Хрыста — Дарогу, Праўду і Жыццё».

Асаблівы наказ Папа накіроўваў да сем’яў у словах: «Няхай бацькі, а асабліва маці, умеюць шчодра ахвяраваць Пану сваіх сыноў, якіх Ён заклікае да святарства, няхай спадарожнічаюць ім з радасцю на шляху іх паклікання, свядомыя, што памнажаюць і паглыбляюць такім чынам сваю плённасць як хрысціяне і частка Касцёла і могуць у пэўным сэнсе адчуць шчасце, якое было удзелам  Дзевы-Маці Марыі: “Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і Благаслаўлёны плод улоння твайго Езус“».

Да сучаснай моладзі Папа звяртаўся так: «Будзьце адкрытыя на голас у глыбіні вашых сэрцаў… не бойцеся адчыніць вашыя душы на пакліканне Хрыста Пана, заўважыць поўны любові погляд, які вас ахоплівае, з энтузіязмам адкажыце на прапанову наследавання Яго ўсім жыццём».

Жыццё і служэнне святара, які ў надзвычай складаных умовах у апошнія гады жыцця ажыццяўляў сваю дзейнасць, заахвочвае святароў да актыўнай працы і сёння, калі існуе рэлігійная свабода. Заахвочвае да рознабаковай  пастаральнай, місійнай працы, як да гэтага заклікаў кардынал Клаўдыё Хумэс 21 верасня 2009 года з нагоды сустрэчы з новапрызначанымі біскупамі. Кардынал сказаў: «Неабходна абуджаць місійную свядомасць святара. Касцёл ведае аб вельмі важнай патрэбе місіянерства для ўсяго свету, не толькі місіі „ad gentes“, але місіянерства ў сваёй супольнасці, у тых краінах, дзе Касцёл існуе ўжо многія стагоддзі. Мы абавязаны імкнуцца да таго, каб здзейсніць у нашых дыяцэзіях і парафіях сапраўдны місійны выбух. Нашы краіны сталі краінамі місійнымі ў своеасаблівым значэнні гэтага слова. У нашых святарах і ў нас саміх мы абавязаны распаліць новы агонь, новы запал, каб адкрыцца самім і сустрэць людзей, каб прынесці ім Добрую навіну, першую вестку аб Езусе Хрысце, які ўваскрос з мёртвых, першае абвяшчэнне Яго валадарства, каб іх прывесці да асабістай, а потым супольнай сустрэчы з Панам».

Адносна сітуацыі ў краінах, якія на працягу стагоддзяў былі традыцыйна хрысціянскімі, папа Бэнедыкт XVI сказаў: «Трэба вельмі ўважліва падумаць аб тым, як сёння мы можам праводзіць евангелізацыю. (…) Недастаткова таго, што мы імкнёмся захаваць аўчарню, якую маем, — патрэбна сапраўднае місіянерства. Недастаткова прымаць людзей, якія прыходзяць да нас, у парафіі альбо ў парафіяльны дом. Неабходна, каб усе мы адчулі і накіраваліся перш за усё да пошуку ахрышчаных, якія адышлі ад удзелу ў жыцці нашых супольнасцей, а потым адшукалі ўсіх тых, хто мала альбо нічога не ведае аб Езусе Хрысце. Місіянерская дзейнасць заўсёды абнаўляла Касцёл. Гэта ж датычыць святароў, якія накіроўваліся на місію. Як бачым, гэта цэлая праграма, якую ў  Год святарства неабходна развіваць».

У Год святарства Святы Айцец Бэнэдыкт XVI нагадаў нам аб разважаннях святога Яна Віянэя, пробашча з Арс у Францыі, аб велічы святарства: «Добры пастыр, пастыр паводле Божага сэрца, — гэта найбольшы скарб, які добры Бог можа даць парафіі, і адзін з найкаштоўнейшых дароў Божай Міласэрнасці». І, як бы не могучы агарнуць розумам велічы дару і задання, давераных беднаму чалавечаму стварэнню, святы ўздыхаў: «Які ж святар велічны! Калі б зразумеў сябе, памёр бы… Бог паслухмяны яму: святар кажа два словы, і на яго голас Пан зыходзіць з неба падчас цэлебрацый святой Імшы».

Ксёндз дэкан Шылэйка пражыў 74 гады, з якіх 51 правёў у святарстве, і працаваў у вашай парафіі 22 гады — да апошняй хвіліны жыцця. Напэўна, захаваліся ўспаміны аб вашым святару, хоць ужо мінула больш за 50 гадоў з таго часу, як ён прамовіў апошнюю гамілію, катэхезу ў вашым касцёле. Больш за 50 год таму яго рука ахрысціла кагосьці ў касцёле, дала святую Камунію, удзяліла сакрамэнт пакаяння, намашчэння хворых, удзяліла благаслаўленне сужэнцам на супольнае жыццё. Але многія метады працы душпастыра і цяпер прыдатныя для святароў, а прыклад яго пабожнасці, крыніца, з якой ён чэрпаў сілу веры, можна і цяпер выкарыстоўваць падобна таму, як папа Бэнэдыкт XVI сказаў аб душпастырскіх метадах святога Яна Віянэя: «Душпастырскія метады святога Яна Віянэя на першы погляд здаюцца мала прыдатнымі ў сучасных культурных і грамадскіх умовах. Як мог бы яго наследаваць святар сёння, у свеце вельмі змененым? Праўда ў тым, што змяняюцца часы, а многія Божыя дары звязаны з асобай і таму іх немагчыма паўтарыць, аднак існуе пэўны стыль жыцця, пастаяннае імкненне да дасканаласці, над якім усе мы абавязаны працаваць. Калі добра прыгледзецца, мы ўбачым, што пробашчу з Арс дапамагала поўная пакоры вернасць місіі, да якой паклікаў яго Бог: ён нястомна давяраў Божаму Провіду, мог кранаць сэрцы людзей не дзякуючы сваім здольнасцям і нават не праз выключны ўдзел волі. Ён мог здабываць душы тым, чым жыў сам, перадаючы ім прыклад жыцця ў прыязнасці да Хрыста. Ён быў закаханы ў Хрыста, і сапраўдным сакрэтам яго душпастырскіх поспехаў была любоў да Эўхарыстычнай Таямніцы, якую ён абвяшчаў, цэлебраваў і якой жыў; яна стала любоўю да Хрыстовай аўчарні і да ўсіх людзей, якія шукаюць Бога. Сведчанне гэтага святога ўзгадвае нам, дарагія браты і сёстры, што для кожнага ахрышчанага, а тым больш для святара, Эўхарыстыя — гэта не толькі падзея, у якой удзельнічаюць дзве асобы, а дыялог паміж Богам і мною. Святая Камунія вядзе да поўнай перамены жыцця, шырока адчыняе «я» чалавека і стварае новае «мы».

Няхай супольная сустрэча на малітве ў гадавіну смерці руплівага душпастыра, святой памяці ксяндза дэкана Казіміра Шылэйкі, будзе малітвай падзякі за святара, які працаваў дзеля збаўлення душ вашых продкаў. Няхай яна будзе малітвай падзякі за святароў, якія працуюць у вас, за святароў Fidej Donum — Дару Сэрцаў — з дапамогай якіх вы адбудавалі такі прыгожы касцёл і алтары. Няхай яна будзе малітвай просьбы аб шматлікіх святарскіх пакліканнях з вашых сем’яў, каб кожная парафіяльная супольнасць у нашай краіне мела свайго духоўнага настаўніка.  

 

Усяго 1 матэрыялаў адзначана цэтлікам Свір — парафія св. Мікалая, біскупа.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.