Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэтлік [Удзела]
Гамілія кс. Андрэя Драгуна ў свята св. Францішка Асізскага ў в. Удзела
2010-10-04 10:59:28
4 кастрычніка 2010 г.

Святы Францішак з’яўляецца адной з самых яркіх постацяў у хрысціянскай агіяграфіі. Яго любілі, ім захапляліся ва ўсім свеце, і не толькі хрысціяне. Асоба св. Францішка натхняла пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, гісторыкаў, палітыкаў, рэфарматараў, рэвалюцыянераў і нават хіпі. 

Нашчадкі называлі яго па-рознаму: другі Хрыстус (Пій XI), вобраз Хрыста ўкрыжаванага (Ян Павел II), жабрак з Асізі, жыхар беднасці, святы, поўны цярпення, спявак дасканалай любові, брат Сонца, брат усяго стварэння і веснік Вялікага Валадара — Бога. Ён з’яўляецца адным з найбуйнейшых і самых папулярных святых Касцёла. Ён з’яўляецца апекуном Італіі, а Ян Павел ІІ абвясціў яго апекуном эколагаў. Святы Францішак зачароўвае сваёй асобай і сучасных людзей.

Святы Францішак — Ян Бэрнардонэ — нарадзіўся ў 1182 г. у Асізі ў цэнтральнай Італіі. Ён быў сынам багатага купца П’етро Бэрнардонэ з Францыі. Пры хрышчэнні атрымаў імя Ян, але яго айцец ласкава называў яго Франчэска, і імя засталося пры ім назаўжды. Ён быў шчырым і шчодрым хлопчыкам, адчувальным і таленавітым, музычным, сяброўскім і радасным. Пасля радаснай і больш ці менш бесклапотнай маладосці на дваццаць пятым годзе жыцця ён адчуў на сабе дзеянне ласкі Божай і пакінуў вясёлае жыццё.

Жабрак з Асізі купіў каня і адправіўся ў свет. Праехаў 60 кіламетраў шляху і прыбыў у Спалета. У сне ён пачуў голас: «Францішак, каму жадаеш служыць — Пану ці Яго слузе?». Ён адказаў: «Пану». Пераламаўшы сорам, хутка вяртаецца ў Асізі. Пачаў прысвячаць больш часу на малітву, міласціну, догляд за хворымі. Гэтае навяртанне прыпісваў Богу. Ён пераадолеў сябе і прысвяціў сябе служэнню пракажоным. Пазней, у «Завяшчанні», св. Францішак піша: «Сам Пан прывёў мяне да іх».

Аднойчы ў касцёле св. Дамазія св. Францішак пачуў голас: «Францішак, рамантуй мой Касцёл». Гэты заклік ён зразумеў літаральна і пачаў аднаўляць разбураны храм. Каб атрымаць неабходныя сродкі, вынес з дому кавалак тканіны і прадаў, а атрыманыя грошы прызначыў на рамонт касцёла св. Даміяна. Бацька за гэта пазбавіў сына маёмасці і, жадаючы надаць гэтаму афіцыйны характар, зрабіў гэта у прысутнасці біскупа. На гарадской плошчы, у натоўпе, разыгрываліся драматычныя сцэны паміж бацькам і сынам. Настаў разрыў Францішка з бацькам і поўная адмова ад усяго ў прысутнасці біскупа.

Жыхар беднасці зняў усю сваю вопратку, якую атрымаў ад бацькі, і сказаў: «Калі ад мяне адрокся зямны бацька, то у мяне ёсць права Цябе, Божа, цяпер называць Айцом». Пасля гэтай падзеі Францішак пачаў аднаўленне разбураных касцёлаў.

На працягу трох гадоў ён збіраў міласціну на ўтрыманне і рамонт касцёлаў. Усе лічылі яго вар’ятам. Аднойчы ў 1208 годзе падчас чытання Евангелля аб пасланні Езусам вучняў Францішка ўразілі словы: «Не бярыце ў шлях торбы, два плашчы, або сандалі, або кій». Ён зняў з сябе адзенне пілігрыма і апрануўся ў адну сукню, перавязаўся поясам і пайшоў басанож, каб прапаведаваць Валадарства Божае і заклікаць да пакаяння. 

Францішак знайшоў свой лад жыцця. Ён разумеў, што мала будаваць касцёл як будынак — трэба перш за ўсё адбудаваць жывы Касцёл, пазбавіць яго ад унутраных беспарадкаў і ерасі. Будучы святы заснаваў Ордэн Братоў Меншых, францішканаў (1209), якія навучалі, вандруючы. Пазней св. Клара заснавала жаночую галіну ордэна — другі закон св. Францішка (кларыскі) (1211). Нарэшце, заснаваў так званы Трэці закон для свецкіх вернікаў (1221). Замест закрытага ў сценах манастыра аскетычнага жыцця прапанаваў мадэль жыцця вандруючага прапаведніка і ўтрымліваўся толькі з міласціны (адсюль і назва «жабрацкі ордэн»). Асноўныя ідэі францішканскай духоўнасці маюць свае карані ў Евангеллі: гэта любоў да Бога, людзей і прыроды, вернае наследаванне Хрыста, добраахвотная беднасць, пакора, братэрства і апостальства ў свеце.

Францішак быў адораны Богам унікальнай адчувальнасцю і багатым уяўленнем, а таксама праніклівым розумам, здольнасцю да рэфлексіі і моцнай воляй, хаця і не быў вольны ад зменлівых настрояў. Меў выдатнае пачуццё рэальнасці, інтуіцыю, шчырасць і прастату ў дачыненні да людзей і падзеяў. Меў душу паэта, любіў жыццё і прыроду, разумеў мову жывёл, пад дзеяннем ласкі мог з лёгкасцю выявіць прысутнасць Бога ва ўсім стварэнні.

Калі колькасць паслядоўнікаў святога Францішка дасягнула дванаццаці, ён напісаў для іх першае правіла, якое зводзілася да некалькіх фраз з Евангелля, што павінны былі стаць для іх ладам жыцця. Ён пайшоў са сваімі спадарожнікамі ў Рым да Папы, каб атрымаць адабрэнне новага ладу жыцця. Святы Францішак распачаў унутраную рэформу Касцёла праз ідэал евангельскага адраджэння з шырокім удзелам вернікаў. Асноўнымі правіламі францішканскай пабожнасці былі ўцелаўленне Хрыста, Яго пакуты і смерць, Эўхарыстыя, культ Панны Марыі і сузіранне стварэння.

Пасля вяртання ў Асізі браты былі вымушаны пакінуць свой прытулак. Тады Францішак атрымаў ад бэнэдыктынскага абацтва маленькую каплічку, у якой знайшоў сваё пакліканне да Евангелля. З часам яна стала цэнтрам брацтва. Вакол невялікай капліцы Маці Божай Анёльскай браты пабудавалі некалькі хатак з галін. У 1212 г. да св. Францішка далучылася маладая дзяўчына Клара з Асізі, са шляхецкай сям’і, і такім чынам дала пачатак ордэну жанчын, якіх пазней сталі называць кларыскамі. 

Амаль адначасова, у выніку пропаведзі Францішка і ўключэння братоў меншых у грамадскае жыццё, пачалі фарміравацца супольнасці пакутнікаў, людзей, якія захоўвалі чыстасць, і сужэнцаў, што ў сябе дома кіраваліся ідэалам Евангелля. Гэты рух стаў у 1221 г. свецкай структурай дзякуючы кардыналу Хугаліну. Так узнік Трэці закон, або свецкія францішканскія сем’і.

 

Усяго 1 матэрыялаў адзначана цэтлікам Удзела.

<< Start < Previous 1 Next > End >>
Page 1 Of 1
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.