Мір — парафія Cв. Мікалая, біскупа | Друк |

Фота Віталя Раковіча
Тэл.: (8-01596) 2-03-40

Адпуст: 6 снежня
еЗ гісторыі парафіі

Сёлета споўнілася 400 гадоў з той пары, як зямны свет пакінуў вядомы дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат і пісьменнік Мікалай Крыштаф Радзівіл па мянушцы Сіротка.

Нядаўна ў парафіі Божага Цела ў Нясвіжы з гэтай нагоды адбылася адмысловая малітва. І гэта не выпадкова. Мураваная архітэктура мястэчка — самая вядомая з пакінутай спадчыны магната. Але не толькі тут пакінуў Сіротка свой добры след на зямлі. Ён таксама фундаваў касцёлы, замкі, кляштары і шпіталі ў Міры, Дзераўной, Чарнаўчыцах, Свержані, Белай і інш.

І будзе справядліва казаць, што яго жыццё ўвогуле было прыкладам ахвярнасці і адданасці добрым людзям, справе адраджэння і развіцця роднай зямлі. Як вядома, Сіротка рабіў шчодрыя ахвяраванні на карысць дабрачынных арганізацый, дапамагаў хворым і нямоглым, сіротам і бедным. Таксама фундаваў развіццё навукі і друку, ініцыяваў вялікую працу па картаграфіі Вялікага Княства Літоўскага.

 

Унутранае ўбранне святыні. Фота Віталя Раковіча

Нягледзячы на ўсё багацце, якое атачала яго, як найвялікшую святыню, ён зберагаў пілігрымскае адзенне, у якім прайшоў шлях да Святой Зямлі. У гэтым жа адзенні прасіў пакласці яго ў труну… Бо заўжды ведаў, што толькі з Богам можна быць сапраўды шчаслівым і знайсці суцяшэнне ў цяжкія хвіліны.

Мір і Радзівілы

Жыццё чалавека цяжкае, поўнае выпрабаванняў, узлётаў і заняпаду. Такое ж цяжкае і жыццё святынь. І калі пра нясвіжскую спадчыну Сіроткі вядома многа, то астатняя яго спадчына незаслужана застаецца ў цені. У самым цэнтры мястэчка Мір стаіць невялікі і з першага погляду сціплы касцёл. Гэта апошняя святыня, будоўлю якой фундаваў Мікалай Крыштаф Радзівіл.

Сёння дзверы касцёла адкрыты кожнаму, хто прагне Божай ласкі і слова веры. Але так было не заўсёды. За чатыры стагоддзі існавання пасля Сіроткі святыня зведала росквіт і рабаванне, занядбанне і адраджэнне.

 

Пасля пераходу мірскіх зямель да Радзівілаў у XVI стагоддзі Мікалай Крыштаф на месцы старога касцёла, які пабудавалі папярэднія ўладальнікі Іллінічы, пабудаваў новы. У 1587 годзе асвяціў і аддаў яго на Божую ласку брат фундатара — біскуп Віленскі Ежы (Юрый) Радзівіл. Тым не менш у хуткім часе было прынятае рашэнне аб будаўніцтве мураванага касцёла, бо папярэдні не мог задаволіць патрэб вернікаў, якіх у мястэчку станавілася ўсё больш.

Праект святыні выканаў вядомы італьянскі архітэктар Джавані Марыё Бернардоні, які да гэтага часу ўжо скончыў будаўніцтва касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Пры гэтым непасрэдна будаўніцтвам кіраваў сам магнат Радзівіл. Новая святыня паўстала за шэсць гадоў і 21 жніўня 1605 г. касцёл святога Мікалая быў асвечаны і ўжо пасля капітальна амаль не перабудоўваўся.

Цікавая гісторыя пра касцёл згадваецца ў несмяротнай паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш»: «Так і ў касцёле Мірскім ксёндз каля арганаў павесіў косці выкапнёвых веліканаў».

Аказваецца, што ў час закладкі падмуркаў у зямлі былі знойдзены вялікія косці дапатопнага звера (магчыма, маманта) і паводле традыцыі, што існавала ў тыя часы, яго косці доўгі час экспанаваліся ў касцёле.

Мікалаеўскі касцёл і гістарычны кантэкст

Амаль праз стагоддзе ад часу пабудовы Мікалаеўскага касцёла праз падзеі Паўночнай вайны будынак значна пацярпеў. Але не доўгі час святыня стаяла ў заняпадзе. Як сапраўдны нашчадак свайго знакамітага продка, князь Караль Станіслаў Радзівіл у 1710 годзе зладзіў капітальны рамонт касцёла і прылеглых будынкаў. Акрамя таго, у адмыслова пабудаванай званіцы  быў змешчаны вялікі звон «Караль», які паводле паданняў адлілі са шведскіх гармат. Святыня стала нават прыгажэй, чым была і гукі «Караля» доўгі час песцілі слых, а густоўнасць убрання касцёла радавала вочы многіх знакамітых людзей таго часу.

Адным з такіх людзей быў бацька вядомага навукоўца, удзельніка таварыства філаматаў, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. У 1809 годзе, пад гукі таго самага «Караля» ён знайшоў тут свой апошні спачын.

Пакінуў свой след у гісторыі касцёла і хіба самы знакаміты на той час парафіянін — паэт, драматург, перакладчык Уладзіслаў Сыракомля. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ён разгарнуў цэлую кампанію па зборы сродкаў для рамонту святыні.

Падзеі паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў трагічна адбіліся на лёсе касцёла святога Мікалая. Першапачаткова яго закрылі, а пасля прыстасавалі пад праваслаўную царкву, у якасці якой ён дзейнічаў ажно 54 гады.

На фота: выява касцёла св. Мікалая Фелікса Бжазоўскага. 1882 год

Пасля паўстагоддзя, у 1919 годзе, дзякуючы намаганням ксяндза Антонія Мацкевіча католікі зноў вярнуліся ў сваю старадаўнюю святыню. Падавалася, што наперадзе чакае толькі шчасце і дабрабыт. Але ў гісторыі часам здараецца не так, як хочацца, і самыя вялікія выпрабаванні яшчэ чакалі вернікаў і Мікалаеўскі касцёл.

На фота: Мікалаеўскі касцёл у Міры. Пачатак ХХ ст.

Прыйшла Другая Сусветная вайна. Пачаліся абстрэлы, акупацыя, рабаванне. Увосень 1942 года быў забіты ксёндз Антоній Мацкевіч. Касцёл застаўся без гаспадара. Пачаўся доўгі перыяд заняпаду.

На фота: пахаванне князя Міхаіла Святаполк-Мірскага, 1938 год

Хроніка пасляваенных падзей пакідае шмат пытанняў і яшчэ чакае сваіх даследчыкаў. Як і многія святыні ў той перыяд, касцёл быў замкнёны. Пэўны час там месціўся склад.  Былі разбураныя два верхнія ярусы вежы, бакавыя вежачкі, пазней абваліўся дах.

Вяртанне і аднаўленне

У 1990 годзе ў такім занядбаным выглядзе касцёл святога Мікалая быў вернуты вернікам. Паступова наладжвалася і адраджэнне парафіі. У 2001-2002 гадах з нагоды рэспубліканскага свята «Дня пісьменства», якое прымаў у сябе Мір, былі праведзены рэстаўрацыйныя работы.

Касцёл у Міры. Фота Віталя Раковіча

У 2009 годзе першым з часоў Другой Сусветнай вайны пробашчам касцёла стаў кс. Аляксандр Севасцьяновіч. Жыццё зноў вярнулася ў святыню. Пачаўся перыяд адраджэння.

Дзякуючы клопату кс. Аляксандра і намаганням самай нешматлікай у Гродзенскай дыяцэзіі парафіі, касцёл быў добраўпарадкаваны і знутры, і звонку. Па фотаздымках быў адноўлены алтар.

Пробашч парафіі ў Міры — кс. Аляксандр Севасцьяновіч. Фота Віталя Раковіча

За гэтыя нешматлікія сем гадоў у касцёле адбылося шмат цікавых падзей. Ганаровымі гасцямі парафіі былі вядомыя экзарцысты айцец Руфус Перэйра (Індыя), айцец Джэймс Манджакал (Індыя), Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Для дзяцей і дарослых тут ладзяцца катэхезы, праходзяць рэкалекцыі. Вернікі ўдзельнічаюць у пілігрымках, штогод адбываюцца канцэрты аркестру пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, ладзіўся мастацкі пленэр-конкурс «Я малюю гісторыю», дзе дзеці натхнёна малявалі святыню, укладаючы ў мастацтва свае адносіны да веры, касцёла, гісторыі.

Свята св. Мікалая ў парафіі. Фота Зміцера Невяроўскага

Сёння дзверы касцёла святога Мікалая ў Міры адкрыты кожнаму, хто прагне Божай ласкі і Яго слова. Застаецца толькі назіраць за цудоўнымі пераменамі ў жыцці святыні і спадзявацца, што ўсе ліхія часы ўжо ў мінулым.

Вось так і стала, што маўклівымі сведкамі жыцця і дзейнасці Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі) сталі створаныя ім святыні. Большасць з іх дзейнічае да гэтай пары і там дагэтуль шануецца імя свайго фундатара і заснавальніка. І ў кожнай з іх сваё жыццё, свая гісторыя, сваё мінулае і будучыня.

Таццяна Пятрова 



Адноўлена 01.03.2016 12:00
 
© 2003-2024 Catholic.by