Новалукомль — парафія Святой Марыі Магдалены | Друк |

Новалукомль — касцёл Св. Марыі МагдаленыАдрас:
вул. Камунальная, 2
г. Новалукомль

Чашніцкі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211162

Тэл./факс: (8–02133)63200
яРасклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю — 09.00 (па-польску), 12.00 (па-беларуску)
  • Св. Імша ў будні зімой: пн, ср, пт — 18.00, аўт, чц, сб — 08.00
  • Св. Імша ў будні летам: пн, ср, пт — 19.00, аўт, чц, сб — 08.00
Адпусты: успамін св. Марыі Магдалены – 22 ліпеня
ыЗ гісторыі парафіі

Парафія ў Новалукомлі, новым горадзе, заснаваным у 1966 г. дзякуючы будаўніцтву цеплаэлектрастанцыі, бярэ свой пачатак з населенага пункта Лукомль, які існаваў здаўна. У XVII ст. князь Ян Лукомскі ў мястэчку пад назвай Лукомль пабудаваў францішканскі кляштар, пры якім была ўтворана парафія. У той жа час на гэтай тэрыторыі пачала дзейнічаць і праваслаўная царква. Пасля таго, як у 1793 г. Польшча страціла незалежнасць, для католікаў пачаўся вельмі цяжкі перыяд. У 1832 г. кляштар быў зачынены, а ў 1868 г. з Лукомля выгналі святара і скасавалі парафію. Праваслаўныя святары заставаліся тут яшчэ на працягу амаль 100 гадоў, але і іх пацяснілі камуністычныя ўлады. Каталіцкі касцёл меў тытул Святога Духа, праваслаўная царква – тытул св. Марыі Магдалены. У 1997 г., калі зноў паўстала каталіцкая парафія, па дакументах яна была названа імем св. Марыі Магдалены, што павінна было сімвалізаваць агульны шлях да веры католікаў і праваслаўных.

Мястэчка Лукомль разраслося, а калі ў 2-й палове мінулага стагоддзя тут пачалі будаваць электрастанцыю, горад, пабудаваны над прыгожым Лукомскім возерам, атрымаў назву Новалукомль. У ім налічваецца 15 тысяч жыхароў, 180 км аддаляюць яго ад Мінска, 120 км – ад Віцебска і 120 км – ад Полацка. Насельніцтва горада вельмі разнастайнае па нацыянальнасцях і веравызнаннях.

Увосені 1996 г. тут была адпраўлена першая святая Імша ў прыватнай кватэры, што і паклала пачатак фармавання новай парафіі. Дзякуючы намаганням кс. пралата Мечыслава Янцышына 3.03.1998 г. яна была зарэгістравана пад тытулам св. Марыі Магдалены, абслугоўваў парафію ксёндз з Лепеля.

Пасля ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі ўвосень 2000 г. у парафію быў прызначаны першы пробашч – кс. пралат Мечыслаў Янцышын. У 2001 г. у цэнтры горада католікі выкупілі старую кацельню з прылягаючай тэрыторыяй, а ў 2003 г. яе пачалі перабудоўваць у касцёл і плябанію. На сённяшні дзень будаўніцтва касцёла скончана, у ім адбываюцца набажэнствы.
Адноўлена 11.10.2016 16:38
 
© 2003-2021 Catholic.by