Слова Жыцця на верасень 2010 | Друк |

«Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў» (Мц 18, 22)

Так Езус адказаў Пятру на пытанне, якое той задаў, паслухаўшы цудоўныя словы з Яго вуснаў. «Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачыць яму?» І Езус сказаў: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў». Магчыма, Пётр — добрая і шчырая душа — ужо раней адчуваў жаданне зрабіць штосьці надзвычайнае ў гэтым кірунку: умець прабачаць аж да сямі разоў. (...) Але Езус, адказаўшы: «ажно семдзесят сем разоў», тым самым сцвердзіў, што прабачэнне павінна быць неабмежаваным: трэба прабачаць заўсёды.


«Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў» (Мц 18, 22)

Гэтыя словы нагадваюць нам біблейскую гісторыю пра Ламеха — нашчадка Адама, які гаварыў: «Калі нехта заб’е Каіна, таму адпомшчана будзе ўсямёра» (Быц 4, 15), а за Ламеха — аж семдзесят сем. Вось так у адносінах паміж людзьмі пачала распаўсюджвацца нянавісць, набіраючы моц, як рака ў час паводку. Але гэтаму злу Езус супрацьпастаўляе прабачэнне — без абмежаванняў, без аніякіх умоваў, здольнае разарваць кола насілля. Прабачэнне — адзіны спосаб спыніць бязладдзе і адкрыць чалавеку будучыню без самазнішчэння.


«Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў» (Мц 18, 22)

Прабачаць. Прабачаць заўсёды. Прабачэнне — гэта не забыццё, якое часта азначае нежаданне глядзець у аблічча рэчаіснасці. Прабачэнне — гэта не слабасць, што ў страху перад мацнейшым не звяртае ўвагі на нанесеную крыўду. Прабачэнне не азначае згоду са злом. Прабачэнне — гэта не абыякавасць. Прабачэнне — гэта свядомы, жаданы, а значыць дабравольны ўчынак, сэнс якога — прыняць брата і сястру такімі, якія яны ёсць, нягледзячы на зробленае імі зло, як Бог прымае нас — грэшнікаў, нягледзячы на нашыя недахопы.

Прабачэнне азначае не адказваць абразай на абразу, але наадварот, чыніць так, як вучыць святы Павел: «Не дазваляй злу перамагчы цябе, але перамагай зло дабром».

Прабачэнне азначае даць твайму крыўдзіцелю магчымасць аднавіць з табой адносіны, а значыць, магчымасць для яго і для цябе распачаць жыццё па-новаму, магчымасць мець будучыню, у якой апошняе слова не будзе за злом.


«Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў» (Мц 18, 22)

Як жыць гэтым словам? Святы Пётр спытаўся ў Езуса: «Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачыць яму?» Адказ Езуса асабліва датычыць адносін паміж хрысціянамі (...): у сям’і, на працы, у школе, у парафіі...

Як часта нам хацелася б адказаць на крыўду «адпаведным» учынкам ці словам. Вядома таксама, што па розных прычынах (адрозненні ў характарах, стрэс...) недахоп любві часта адчуваецца паміж асобамі, што жывуць разам. І ўсё ж, трэба помніць, што толькі пастаяннае прабачэнне можа ўтрымліваць супакой і еднасць паміж братамі.


«Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў» (Мц 18, 22)

Безумоўна, нашая схільнасць «разглядаць» недахопы бліжніх ці ўспамінаць іх мінулае, жаданне бачыць іх  «іншымі», а не такімі, якія яны ёсць... застанецца ўнутры нас. Вось чаму нам неабходна выпрацаваць у сабе прывычку глядзець на нашых братоў і сясцер «новымі вачыма», бачыць іх саміх  «новымі» асобамі, прымаючы іх такімі, якія яны ёсць заўсёды, адразу і ўпоўні, нават калі яны і не раскайваюцца.

Хтосьці скажа: «Гэта цяжка». Зразумела. Але менавіта ў гэтым і ёсць прыгажосць хрысціянства.

Нездарма мы ідзём услед за Хрыстом, які з крыжа прасіў Айца дараваць прабачэнне сваім забойцам, і пасля — уваскрос з мёртвых.

Адвагі! Пачнем жа так жыць! І гэтае жыццё прынясе ніколі не зведваны намі супакой і яшчэ невядомую нам радасць.

К’яра Любіч
апублікавана ў 1999 г.

Адноўлена 28.09.2010 16:30
 
© 2003-2021 Catholic.by