Слова Жыцця на кастрычнік 2010 | Друк |

«Любі бліжняга твайго, як самога сябе» (Мц 22, 39)

Гэтае слова сустракаецца ўжо ў Старым Запавеце (Лев 19, 18). Езус, адказваючы на зададзенае Яму пытанне, звяртаецца да вялікай традыцыі Прарокаў і Настаўнікаў, якія займаліся пошукамі адзінага прынцыпу, які б аб’яднаў усю Тору (яўрэйскі Закон) — усё навучанне Бога, змешчанае ў Бібліі. Рабін Хілель — сучаснік Езуса — вучыў: «Не рабі твайму бліжняму тое, што табе самому ненавісна. У гэтым — увесь Закон. Усё астатняе — толькі тлумачэнні».

Паводле настаўнікаў яўрэйскага Закону любоў да бліжняга вынікае з любові   да Бога, які стварыў чалавека па свайму вобразу і падабенству. А значыць, немагчыма любіць Бога і ў той жа час не мець любові да Ягонага стварэння. У гэтым — сапраўдная прычына любові да бліжняга і «вялікі і агульны прынцып Закона».

Езус пацвярджае гэты прынцып, дадае, што запаведзь любові да бліжняга падобна на першую і найбольшую запаведзь, а менавіта, на запаведзь любові да Бога, «усім сэрцам, усім розумам, усей душой», і ўрэшце з’ядноўвае гэтыя запаведзі ў адно. Тое ж самае зробіць і ўся хрысціянская традыцыя. Святы апостал Ян скажа: «Хто не любіць бліжняга свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, якога не бачыць?» (1 Ян 4, 20).

«Любі бліжняга твайго, як самога сябе» (Мц 22, 39)

Бліжні, як яскрава вучыць Евангелле, — гэта кожны чалавек, мужчына ён ці жанчына, сябра ці непрыяцель, да якога трэба падыходзіць з павагай, з разуменнем, з пашанай. Любоў да бліжняга, універсальная і ў той жа час персанальная, абдымае ўсё чалавецтва і канкрэтызуецца ў ТЫМ, ХТО ЗНАХОДЗІЦЦА ПОБАЧ.  

Але хто можа нам падарыць такое вялікае сэрца? Хто можа ўзбудзіць у нас такую добразычлівасць, каб мы маглі адчуваць нашымі бліжнімі нават чужых нам людзей, перамагчы любоў да саміх сябе і «бачыць» саміх сябе ў іншых? Гэта Божы дар ці, яшчэ лепш, — любоў самога Бога, якая «вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (Рым 5, 5). Яна адрозніваецца ад «зямной» любові, ад звычайнага сяброўства і нават ад самой дабрачыннасці. Гэтая любоў была ўліта ў нашыя сэрцы ў час хросту: любоў, якая ёсць жыццё самога Бога — Найсвяцейшай Тройцы. І ў Яго жыцці мы можам прымаць удзел.

Такім чынам, любоў — гэта ўсё, але каб умець добра жыць гэтай любоўю, неабходна ведаць яе «якасці», якія вынікаюць з Евангелля і ўвогуле з усяго Святога Пісання. Нам здаецца, што іх можна было б «падсумаваць» у некалькі фундаментальных аспектаў.

У першую чаргу сапраўдная любоў накіроўваецца да ўсіх людзей. Так нас вучыць Езус, які, палюбіўшы ўсіх, і памер за ўсіх. Не так, як любім мы: наша любоў у большасці выпадкаў «па-чалавечы» звужаная, ахоплівае толькі пэўны круг асобаў: сям’ю, сяброў, суседзяў. Сапраўдная любоў, якой жадае Езус, не прызнае дыскрымінацыі: яна не падзяляе людзей на сімпатычных і несімпатычных; для яе не існуе прыгожы ці непрыгожы, вялікі ці малы; для гэтай любові няма земляка ці чужаземца, веруючага з майго касцёла ці з іншага, маёй рэлігіі ці іншай. Гэтая любоў любіць усіх. І мы павінны так паступаць: любіць усіх.

І яшчэ, сапраўдная любоў пачынае любіць першай, не чакае быць «любімай», як здараецца з нашай «чалавечай» любоўю: мы любім тых, хто любіць нас. Не, сапраўдная любоў бярэ ініцыятыву, першая робіць крок насустрач. Так зрабіў Бог Айцец: каб нас збавіць, паслаў свайго Сына, калі мы былі яшчэ грэшнікамі і жылі без любові.

Такім чынам, ЛЮБІЦЬ УСІХ І ЛЮБІЦЬ ПЕРШЫМІ.

І яшчэ, сапраўдная любоў дапамагае «БАЧЫЦЬ» У КОЖНЫМ БЛІЖНІМ ЕЗУСА. «Гэта Мне ты зрабіў» (пар. Мц 25, 40), — скажа Ён нам на Апошнім Судзе. І гэтыя словы будуць датычыцца як добрых учынкаў, так і злых, на жаль. Сапраўдная любоў «любіць» непрыяцеля так, як сябра: робіць яму дабро, моліцца за яго.

Езус прагне, каб любоў, якую Ён прынёс на зямлю, стала ЎЗАЕМНАЙ, гэта значыць, каб усе любілі адно аднаго і прыйшлі да поўнай еднасці.

Усе гэтыя «якасці» любові дапамагаюць нам лепш зразумець Слова Жыцця і лепш прымяняць яго на практыцы.    


«Любі бліжняга твайго, як самога сябе» (Мц 22, 39)

Так, сапраўдная любоў «любіць» іншага, як самога сябе. Гэтыя словы трэба разумець у літаральным сэнсе: неабходна бачыць у іншым сябе самога і рабіць для яго тое, што б зрабіў сабе самому. Сапраўдная любоў  «умее» цярпець з тым, хто  церпіць, «умее» радавацца з тым, хто радуецца, «нясе» цяжары іншых. І, як гаворыць святы апостал Павел, сапраўдная любоў «умее» зрабіцца адным цэлым з любым чалавекам, «зрабіцца ўсім для ўсіх» (пар. 1 Кар 9, 22). Такім чынам, сапраўдная любоў — гэта, перш за ўсё, канкрэтныя факты, а не толькі прыгожыя словы ці пачуцці.

Веруючыя з іншых рэлігій таксама стараюцца так жыць, таму што ва ўсіх рэлігіях існуе так званае «залатое правіла». У ім гаворыцца: «Паступай з іншымі так, як хочаш, каб паступалі з табою». Гандзі тлумачыць яго вельмі проста і «эфектыўна»: «Я не магу прычыніць табе боль без таго, каб не параніць і сябе самога».

Такім чынам, у гэтым месяцы мы павінны старацца паставіць на першы план любоў да бліжняга. А бліжні можа мець шматлікія «абліччы»: ад суседа да аднакласніка, ад сябра да сваяка. І таксама, дзякуючы тэлебачанню, ён можа «аб’явіцца» ў нашых дамах у абліччы церпячага чалавецтва, ахопленага вайной ці закранутага прыроднымі катаклізмамі. Некалі яно было для нас далёкім і невядомым, а цяпер стала нашым «бліжнім».

Любоў нам дасць параду, як трэба паступаць у кожным канкрэтным выпадку. Яна сама паступова пашырыць нашыя сэрцы да памераў Сэрца Езуса.

К’яра Любіч
апублікавана ў 1999 г.

Адноўлена 28.09.2010 16:33
 
© 2003-2022 Catholic.by