Слова Жыцця на студзень 2011 | Друк |

«Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае» (пар. Дз 4, 32).

У гэтым урыўку (таксама гл. Дз 2, 42; 5, 12–16) аўтар Дзеяў Апосталаў знаёміць нас з агульнымі рысамі першай хрысціянскай супольнасці ў Ерузалеме. Яна паўстае перад нашымі вачамі поўная надзвычайнай свежасці і духоўнага дынамізму, у малітве і сведчанні, а асабліва ў вялікай еднасці, якую Езус жадаў для свайго Касцела як беспамылковы «распазнавальны знак» і як крыніцу яго плоднасці.

Святы Дух — Дух любові і еднасці, падараваны падчас хросту ўсім, хто прымаў слова Езуса, яднаў веруючых у адно цэлае з Уваскрослым і паміж імі, пераадольваючы ўсялякія адрозненні паміж расамі, культурамі і сацыяльнымі групамі.

«Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае» (пар. Дз 4, 32).

Разгледзім больш падрабязна аспекты гэтай еднасці. Перш за ўсе Святы Дух рэалізоўваў паміж веруючымі еднасць сэрцаў і думак, дапамагаючы ім перамагаць усе тыя (негатыўныя) пачуцці, якія ўскладнялі адносіны еднасці ў хрысціянскай супольнасці.

Зрэшты, найбольшай перашкодай для еднасці з’яўляецца наш індывідуалізм: прывязанасці да нашых ідэй, да нашых пунктаў гледжання, да асабістых густаў. Наш эгаізм «будуе» бар’еры, за якія мы ўцякаем, адпіхваючы тых, хто чымсьці ад нас адрозніваецца.

Еднасць паміж веруючымі, рэалізаваная Святым Духам, затым абавязкова адлюстроўвалася у іх жыцці. Лучнасць думак і сэрцаў уцелаўлялася і аб’яўлялася ў канкрэтнай узаемнай дапамозе: кожны дзяліўся асабістымі дабротамі з братамі і сёстрамі, якія знаходзіліся ў патрэбе, таму што сапраўдная салідарнасць не магла дазволіць, каб хтосьці ў супольнасці жыў у дастатку ў той час, калі іншыя былі б пазбаўлены самага неабходнага.

«Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае» (пар. Дз 4, 32).

Як жыць Словам Жыцця ў гэтым месяцы? Яно падкрэслівае ўзаемнасць і еднасць, горача наказаную Езусам, для рэалізацыі якой Ён падараваў нам свайго Духа.

Пастараемся, услухоўваючыся да голасу Святога Духа, расці ў еднасці на ўсіх узроўнях. І перш за ўсе — на духоўным, пераадольваючы існуючыя ў нашых сэрцах парасткі падзелаў. Так, напрыклад, наша жаданне быць з’яднанымі з Хрыстом не мела б ніякага сэнсу, калі б мы жылі ў нязгодзе паміж сабой, паводзячы сябе як індывідуалісты, ідучы кожны па сваей дарозе, асуджаючы і, быць можа, нават выключаючы іншых з нашага жыцця. Тут патрабуецца новае навяртанне да Бога, які прагне, каб мы ўсе былі адно.

Акрамя таго, гэтае Слова дапаможа нам больш яскрава ўбачыць супярэчнасць, існуючую паміж хрысціянскай верай і эгаістычным выкарыстаннем матэрыяльных дабротаў. Яно будзе для нас штуршком для арганізацыі канкрэтнай дапамогі (хоць і ў межах нашых магчымасцей) усім, хто знаходзіцца ў патрэбе.

«Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае» (пар. Дз 4, 32).

І яшчэ, як вядома, у гэтым месяцы адбудзецца Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян. Гэтае Слова запрашае нас маліцца і ўзмоцніць адносіны любові і еднасці з нашымі братамі і сёстрамі з іншых Касцёлаў, з якімі нас аб’ядноўвае адзіная вера і атрыманы ў час хросту адзіны Дух Хрыста.

К’яра Любіч,
апублікавана ў 1994 г.

Адноўлена 30.12.2010 18:33
 
© 2003-2024 Catholic.by