Слова Жыцця на жнівень 2011 | Друк |


Вось, іду, каб выканаць волю Тваю (Габ 10, 9)

Аўтар Паслання да Габрэяў гэтую фразу з 40 Псальма ўкладае ў вусны Езуса, які размаўляе з Айцом. Такім чынам аўтар хоча падкрэсліць любоў, з якой Божы Сын, паслухмяны волі Айца, стаў чалавекам, каб выканаць справу збаўлення.

Гэтае Слова ўваходзіць у кантэкст, у якім аўтар хоча паказаць бясконцую перавагу ахвяры Езуса над ахвярамі Старога Закону. У адрозненні ад апошніх, у якіх ахвяроўваліся Богу жывёлы ці, у кожным выпадку, рэчы, якія непасрэдна не датычылі чалавека, Езус, у час усяго свайго зямнога жыцця, кіруючыся велізарнай любоўю, ахвяроўваў Айцу сваю асабістую волю — усяго сябе.


Вось, іду, каб выканаць волю Тваю (Габ 10, 9)

Гэтае Слова прапануе нам ключ да разумення жыцця Езуса, дапамагаючы раскрыць яго найглыбейшы аспект і заўважыць залатую ніць, якая злучае ўсе этапы Яго зямнога быцця: Яго дзяцінства, Яго ўкрытае жыццё, спакусы, Яго выбар, Яго публічную дзейнасць, аж да крыжовай смерці.

І ў кожным моманце, у кожнай сітуацыі, адзінае, да чаго імкнуўся Езус — гэта выкананне волі Айца. Ён выконваў Яго волю радыкальна, не робячы нічога, што б выходзіла за яе межы, адмаўляючыся нават ад найбольш пераканальных прапаноў, якія, аднак, не былі ў поўнай згодзе з Божай воляй.


Вось, іду, каб выканаць волю Тваю (Габ 10, 9)

Гэтае Слова дае нам зразумець вялікі ўрок, заключаны ва ўсім жыцці Езуса: найважнейшае — выконваць не нашу волю, а волю Айца, быць здольнымі сказаць «не» нам самім, каб сказаць «так» Айцу.

Сапраўдная любоў да Бога – гэта не прыгожыя словы, ідэі і пачуцці, але канкрэтная паслухмянасць Яго запаведзям. Ахвяра хвалы, якую Ён ад нас чакае — гэта прынесеная Яму з любоўю ахвяра самага асабістага, што мы маем, што нам належыць: нашай волі.


Вось, іду, каб выканаць волю Тваю (Габ 10, 9)

Як мы будзем жыць Словам Жыцця гэтага месяца? Яно таксама з’яўляецца адным з тых, што найбольш падкрэслівае ў Евангеллі аспект «ісці супраць цячэння», і супрацьпастаўляецца нашай найбольш закаранелай тэндэнцыі: шукаць нашую волю, ісці ўслед за нашымі інстынктымі, нашымі пачуццямі.

Гэтае Слова таксама адно з тых, што найбольш шакіруюць сучаснага чалавека. Мы жывём у эпоху ўзнясення нашага «я», аўтаноміі асобы, свабоды як мэты самой у сабе, самазадавальнення як рэалізацыі індывіда, прынятае як крытэрый нашага выбару і як таямніца шчасця. Але нам вядомы і катастрафічныя вынікі, да якіх прыводзіць такі стыль жыцця.

Гэтай культуры, заснаванай на пошуку асабістай волі, супрацьпастаўляецца культура Езуса, накіраваная ўпоўні на выкананне Божай волі, з гарантаванымі Ім цудоўнымі вынікамі.

Пастараемся жыць Словам гэтага месяца, выбіраючы волю Айца і робячы з яе, як Езус, закон і матор усяго нашага жыцця.

І тады нашае жыццё стане Божай прыгодай, за якую мы будзем вечна ўдзячныя Богу.

Дзякуючы ёй, мы зможам дасягнуць святасці і выпраменьваць Божую Любоў у мноства сэрцаў.

К’яра Любіч,
апублікавана ў 1991 г.

Адноўлена 02.08.2011 15:37
 
© 2003-2024 Catholic.by