Слова Жыцця на снежань 2011 г. | Друк |


«Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!» (Лк 3, 4)

Гэтым новым «словам» мы запрошаныя жыць у перыяд Адвэнту. Святы Евангеліст Лука ўзяў яго ад Ісаі — прарока суцяшэння. Першыя хрысціяне адносілі гэтыя словы да Яна Хрысціцеля, які папярэднічаў Езусу. А Касцёл, прадстаўляючы нам Папярэдніка перад Нараджэннем Божым, заахвочвае нас да радасці, таму што Ян Хрысціцель — нібы той пасланнік, які абвяшчае прыйсце Караля. І той Кароль ужо надыходзіць. Ужо блізкі час, калі Бог выканае свае абяцанні, прабачыць грахі, падаруе збаўленне.


«Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!» (Лк 3, 4)

Гэтае слова — слова радасці, але таксама запрашэнне даць новы кірунак усяму нашаму існаванню, запрашэнне да радыкальнай перамены жыцця.

Ян Хрысціцель заахвочвае падрыхтаваць дарогу Пану. Але якая гэта дарога?

Езус, прадвешчаны Хрысціцелем, перад тым, як выйсці ў грамадскае жыццё, каб распачаць сваю прапаведніцкую дзейнасць, прайшоў праз пустыню. Вось яна — Яго дарога. А ў пустыні, хоць і знайшоў глыбокую блізкасць са сваім Айцом, аднак сустрэўся таксама са спакусамі і стаў такім чынам салідарным з усімі людзьмі. І выйшаў Ён пераможцам. Пазней тую самую дарогу мы знаходзім у Яго смерці і ўваскрасенні. Прайшоўшы яе аж да канца, Езус сам становіцца «дарогай» для нас, якія яшчэ ў дарозе.

Ён сам з’яўляецца тым шляхам, па якім мы павінны крочыць, каб да канца рэалізаваць наша чалавечае пакліканне — увайсці ў поўную камунію з Богам.


«Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!» (Лк 3, 4)

Кожны з нас пакліканы падрыхтаваць дарогу Езусу, які прагне ўвайсці ў наша жыццё. Такім чынам, каб Ён змог да нас прыйсці, неабходна зрабіць прамымі сцежкі нашага існавання.

Неабходна падрыхтаваць Яму дарогу, адхіляючы адну за другой перашкоды, створаныя нашым абмежаваным спосабам бачання, нашай слабай воляй.

Неабходна мець адвагу выбраць паміж нашай дарогай і той, якую Ён для нас задумаў, паміж нашай воляй і Яго воляй, паміж тым, што мы самі сабе запланавалі, і планам, задуманым Яго ўсемагутнай любоўю. А аднойчы, прыняўшы такое рашэнне, працаваць над прыстасаваннем нашай непакорнай волі да Ягонай.

Як? Хрысціяне, якія ўпоўні рэалізавалі сваё хрысціянскае пакліканне, вучаць нас добраму, практычнаму і інтэлігентнаму метаду: цяпер! ужо!

Адкідваць у кожным моманце камень за камнем, каб ужо не наша воля жыла ў нас, але Ягоная.

Так мы б жылі словам: «Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!»

К’яра Любіч, апублікавана ў 1997 г.

Адноўлена 29.11.2011 17:28
 
© 2003-2024 Catholic.by