Слова Жыцця на студзень 2012 г. | Друк |

Кожны год 18–25 студзеня ў розных кутках зямлі адзначаецца Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. Сёлета ён пройдзе пад дэвізам «Перамененыя праз перамогу Езуса Хрыста» (пар. 1 Кар 15, 51–58). Зыходзячы з гэтага, прапануем на Слова Жыцця тэкст К’яры Любіч, у якім яна тлумачыць першы верш з трэцяй главы Паслання да Каласянаў, блізкі да тэмы Тыдня.

Калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога (Клс 3, 1)

Гэтыя словы, звернутыя святым Паўлам да супольнасці ў Калосах, кажуць нам, што існуе свет, у якім валадарыць сапраўдная любоў, поўная еднасць, справядлівасць, супакой, святасць, радасць; свет, куды грэх і сапсаванасць ужо не могуць увайсці; свет, дзе Божая воля спаўняецца дасканала. Гэта свет, да якога належыць Езус. Свет, які Ён адкрыў нам праз сваё ўваскрасенне, прайшоўшы праз жорсткае выпрабаванне цярпення.


Калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога (Клс 3, 1)

І мы, як кажа святы Павел, не толькі пакліканыя да гэтага свету Хрыста, але ўжо да яго належым. Вера кажа нам, што праз хрост мы былі далучаны да Хрыста і таму прымаем удзел у Яго жыцці, у Яго дарах, у Яго спадчыне, у Яго перамозе над грахом і над сіламі зла — мы сапраўды з Ім уваскрэслі.

Але ў адрозненне ад душаў святых, якія ўжо дасягнулі мэты, наша прыналежнасць да свету Хрыста — няпоўная і нераскрытая, а што самае важнае — нетрывалая і неканчатковая. Пакуль жывём на гэтай зямлі, мы падвержаны тысячам небяспекаў, цяжкасцяў і спакусаў, якія могуць нас пахіснуць, могуць запаволіць нас на шляху ці нават павярнуць яго ў бок фальшывых мэтаў.


Калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога (Клс 3, 1)

Цяпер зразумелы заклік Апостала: «шукайце таго, што ў вышынях». Старайцеся выйсці — не фізічна, а духоўна — з гэтага свету, пакіньце яго правілы і прагненні, каб дазволіць думкам і пачуццям Езуса кіраваць вамі ў кожнай сітуацыі. «Тое, што ў вышынях», азначае Закон Вышыняў — Закон Нябеснага Валадарства, які Езус прынёс на зямлю і прагне, каб мы ўжо цяпер ім жылі.


Калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога (Клс 3, 1)

Як жыць гэтым Словам Жыцця? Яно пабуджае нас не задавальняцца сярэднiм жыццём, складзеным з паўмер і кампрамісаў, але з дапамогай Божай ласкі старацца жыць згодна з Законам Хрыста.

Яно пабуджае нас сведчыць у нашым асяроддзі аб прынесеных Езусам на зямлю каштоўнасцях: гэта можа быць дух згоды і супакою, служэння братам, паразумення і прабачэння, сумленнасці, справядлівасці, бездакорнасці ў нашай працы, вернасці, чысціні, пашаны да жыцця і г.д.

Як бачым, праграма шырокая, як жыццё. Але каб не застацца ў неакрэсленасці, у гэтым месяцы будзем жыць па тым Законе Езуса, які падсумоўвае ў сабе ўсе іншыя: бачыць у кожным браце Хрыста і служыць Яму. Ці ж не гэта будзе ад нас патрабавана ў канцы нашага жыцця?

К’яра Любіч
напісана і апублікавана ў 1988 г.

Адноўлена 02.01.2012 12:08
 
© 2003-2024 Catholic.by