Слова Жыцця на красавік 2012 | Друк |


Прэзентацыя >>>

«Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам» (Ян 15, 3)

Я думаю, што мацней забіліся сэрцы апосталаў, калі яны пачулі гэтыя словы Езуса, якія дадалі ім мужнасцi. Было б цудоўна, калі б Езус змог скіраваць іх таксама да нас! Каб хоць часткова гэта заслужыць, давайце паспрабуем iх зразумець.

Езус расказваў знакамітую прыпавесць пра вінаградную лазу і галіны. Пра тое, што Ён ёсць сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Яго - вінаградар, што адразае галіны, якiя не прыносяць ніякіх пладоў, дзеля таго, каб кожная плодная галiнка ачысцілася i прынесла багатыя плады. Патлумачыўшы гэта, Ён кажа:

«Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам»

«Ужо чыстыя...». Пра якую чысцiню ідзе гаворка?

Гаворка ідзе пра свабоду душы, якой неабходна стаць перад аблiччам Бога, пра знішчэнне ўсіх перашкодаў (напрыклад, граху), што стаяць на шляху да сустрэчы са святасцю, з Богам. Для дасягнення гэтай чысціні нам патрэбна дапамога з Вышыняў. Нават старазапаветныя людзі ведалі, што яны не змогуць наблізіцца да Бога толькі ўласнаю сілай. Трэба, каб Бог ачысціў iх сэрцы, каб адарыў новымi сэрцамi. Так прыгожа кажуць пра гэта словы псальма: «...Божа, ствары ўва мне чыстае сэрца...» (Пс 51, 12).

«Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам»

Езус паказвае нам шлях, на якім людзі могуць стаць чыстымі сэрцам: гэта Яго слова. Тое слова, якое вучнi пачулі і, дакрануўшыся да якога, ачысціліся.

Таму што слова Езуса не падобнае да словаў людзей. У Iм прысутны сам Хрыстус, прысутны так, як Ён прысутны — хоць і па-іншаму — у Эўхарыстыі. Дзякуючы гэтаму Хрыстус уваходзіць у нашае нутро. Калі мы прымаем гэтыя словы і жывем імi, Хрыстус нараджаецца і расце ў нашых сэрцах.

Папа Павел VI казаў: «Як жа Езус пасяляецца ў душах? Праз паяднанне са словамi ўплывае Божая думка, прыходзіць Слова, Сын Божы, які стаў чалавекам. Можна сказаць, што Пан пасяляецца ў нас, калі мы дазваляем, каб слова прыйшло і жыло ў нас». (Insegnamenti di Paolo VI, V, Città del Vaticano 1967, p. 936.)

«Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам»

Слова Езуса было таксама параўнана са збожжам, якое падае ў душу верніка. Калi прымаем яго, яно пранікае ўглыб і, як насенне, развіваецца, расце, прыносіць плён, робіць нас падобнымі да Хрыста. Ягоныя словы, прасякнутыя Духам, маюць магчымасць і моц, каб надалей захоўваць хрысціянiна ад зла: дакуль мы дазваляем Слову працаваць у сабе, дагэтуль будзем вольныя ад граху, а значыць будзем чыстымі. Грэшнымi мы станем толькі тады, калі перастанем быць паслухмянымi праўдзе.

«Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам»

Як мы павінны жыць, каб заслужыць пахвалу Хрыста?

Уцелаўляць у жыццё кожнае слова Бога, кармiцца iм, момант за момантам, зрабіць сваё жыццё пастаянным намаганнем евангелізаваць саміх сябе. Дзеля таго, каб, урэшце, думаць, як Езус, мець тыя ж жаданнi, што i Езус, адчуваць так, як Ён. Каб Ён зноў меў магчымасць жыць у свеце і паказваць грамадству, часта «лiпкаму» ад зла і граху, Божую чысціню i яснасць, якую даруе Евангелле.

У гэтым месяцы мы таксама будзем старацца, калі гэта толькi будзе магчыма (калі іншыя будуць прагнуць таго ж, што i мы), асаблівым чынам ажыццяўляць словы, якія кажуць пра запаведзь узаемнай любові. Па словах св. Яна Евангелiста, у якога мы знаходзім загад Езуса адносна Слова Жыцця, існуе важная сувязь паміж словамі Хрыста і новаю запаведдзю.

Святы Ян кажа, што, жывучы ў атмасферы ўзаемнай любові, мы атрымаем плады жыцця Словам, такія, як чысцiня, святасць, свабода ад граху, блізкасць Бога. Чалавек сам па сабе не ў стане доўга вытрываць націск свету, але калі ён жыве ва ўзаемнай любові, то знойдзе здаровае асяроддзе, якое будзе здольным абараніць ягонае сапраўднае хрысціянскае жыццё.

К'яра Любiч

Адноўлена 02.04.2012 13:28
 
© 2003-2024 Catholic.by