Слова Жыцця на чэрвень 2012 | Друк |

Прэзентацыя>>>

«Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы» (Ян 6, 27).

Езус, насыцiўшы натоўп праз цудоўнае памнажэнне хлябоў на беразе Галілейскага мора, не заўважаны нікім, перайшоў на другi бераг, да ваколiцаў Капернаума, каб схавацца ад натоўпу, якi хацеў абвясціць Яго каралём. Аднак многія ўсё роўна пайшлі шукаць Яго, ды і знайшлі. Але Езус адкiдае іх занадта зацікаўлены энтузіязм. Яны насыцілiся цудоўна памножаным хлебам, але іх прывабiла толькі чыста матэрыяльныя карысць, а не глыбокае значэнне гэтага хлеба, які паказваў Езуса як Пасланца Бога Айца, які прыйшоў прынесці свету сапраўднае жыццё. Яны бачаць у Iм толькі цудатворцу, нейкага зямнога месію, які можа забяспечыць іх таннай і багатай матэрыяльнай ежай. І таму ў гэтых абставінах Езус звяртаецца да іх менавiта з такімi словамі:

«Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы» (Ян 6, 27).

Ежа, якая не гiне, — гэта сам Езус, Ягоная асоба. Гэта таксама Ягонае навучанне, бо навучанне Езуса і Ягоная асоба з’яўляюцца адзiным цэлым. Чытаючы далей словы Езуса, мы бачым, што ежа, якае не гіне, таксама азначае i Эўхарыстычнае Цела Езуса. Таму мы можам сказаць, што гэтая ежа, якая не гiне, — гэта сам Езус, які аддае сябе нам у сваiм слове і ў Эўхарыстыi.

«Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы» (Ян 6, 27).

Вобраз хлеба, як і вобраз вады, часта сустракаюцца ў Святым Пісанні. Хлеб і вада з’яўляюцца найбольш важнаю ежай, неабходнай для жыцця чалавека. Езус, адносячы да сябе вобраз хлеба, хоча сказаць, што Ён сам, Ягоная асоба і Ягонае навучанне, гэтак жа неабходныя для духоўнага жыцця чалавека, як хлеб для жыцця фізічнага.

Хлеб матэрыяльны, безумоўна, патрэбны. Сам Езус зрэшты паклапаціўся пра яго для людзей цудоўным чынам. Але гэтага хлеба недастаткова. Чалавек носiць у сабе, магчыма, не разумеючы гэтага дакладна, прагу праўды, справядлівасці, дабра, любові, чысціні, святла, міру, адчувае голад бясконцасці і вечнасці, якi нiводная рэч у свеце не можа задаволіць. Езус паказвае сябе ў якасці Таго, хто адзiны ў стане задаволіць унутраны голад чалавека.

«Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы» (Ян 6, 27).

Аднак, прадставіўшы сябе як хлеб жыцця, Езус не толькі кажа, што мы павінны спажываць Яго — гэта значыць, што павінны верыць у Ягоныя словы, каб мець жыццё вечнае, — але Ён хоча заахвоціць нас, каб мы Яго пакаштавалi, дасведчылi. Словамi «Клапацiцеся пра ежу, якая не гiне» Ён звяртаецца да нас з настойлівым запрашэннем. Ён кажа, што мы павінны папрацаваць, каб выкарыстаць усе магчымыя сродкі для таго, каб забеспячыць сябе гэтаю ежай. Езус не навязвае сябе, але хоча, каб мы самі Яго для сябе адкрылі, каб мы дасведчылі Яго асабіста.

Вядома, чалавек сваімі ўласнымi сiламi не можа дасягнуць Езуса. Ён можа зрабіць гэта праз дар Божы. Тым не менш Езус няспынна запрашае чалавека, каб быў гатовы прыняць той дар, які Ён хоча ўчыніць з сябе самога. Намагаючыся рэалізаваць у жыццi Ягонае слова, чалавек прыходзіць да сапраўднай веры ў Яго, да асалоды Ягонага слова, так, як калі б ён паспрабаваў свежы і духмяны хлеб.

«Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы» (Ян 6, 27).


Сутнасцю Слова Жыцця ў гэтым месяцы з’яўляецца не нейкая канкрэтная рэкамендацыя ад Езуса (напрыклад, дараваць крыўды, адарвацца ад багацця альбо нешта падобнае). Яно вядзе нас да самай сутнасці хрысціянскага жыцця, якая ёсць нашым асабістым стаўленнем да Езуса.

Я думаю, што чалавек, які пачаў жыць па Ягоных словах, а найперш па запаведзi любові да бліжняга, якая з’яўляецца сінтэзам усіх словаў Божых і ўсiх запаведзяў, хутка заўважае, што Езус ёсць хлебам i ягонага жыцця, хлебам, здольным насыціць прагненне ягонага сэрца, што Ён з’яўляецца крыніцай радасці і святла. Жывучы Ягонымi словамi, чалавек дойдзе да таго, што будзе, хоць пакрысе, знаходзiць у іх сапраўдныя адказы на праблемы чалавека і свету. І, паколькі Езус — хлеб жыцця — чынiць найбольш поўны дар з сябе самога ў Эўхарыстыі, то чалавек спантанна пачынае атрымлiваць Яго любоў, і Эўхарыстыя пачынае займаць важнае месца ў ягоным жыццi.

Трэба толькі, каб тыя з нас, хто мае гэты цудоўны досвед, не хавалi яго для сябе, але гэтак жа старанна, як Езус прапануе нам сябе за хлеб жыцця, перадавалi гэты досвед іншым, каб многія людзі знайшлі ў Езусе тое, што іх сэрцы заўсёды шукалi. Гэта будзе актам вялікай любові да іншых, таму што яны ўжо тут, на зямлі, даведаюцца, што такое сапраўднае жыццё, і атрымаюць жыццё, якое ніколі не памірае. Цi можна жадаць чагосьцi большага?

«Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы» (Ян 6, 27).

К’яра Любіч,
«Città Nuova» 1985/14

Адноўлена 04.06.2012 16:48
 
© 2003-2024 Catholic.by