Слова Жыцця на лiпень 2012 | Друк |

Прэзентацыя >>> 

«Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае» (Mц 13,12).

Гэтымі словамі Езус адказвае сваім вучням, якія спыталіся ў Яго, чаму Ён гаворыць прыпавесцямi. У адказ Хрыстус патлумачыў, што не ўсiм людзям дадзена зразумець таямніцы Валадарства Божага, а толькі тым, хто належным чынам падрыхтаваны, тым, хто прымае Яго словы і жыве па іх.

Сярод Яго слухачоў на самой справе ёсць тыя, хто па сваёй волi закрылi вочы і вушы, таму яны глядзяць i не бачаць, слухаюць, але не чуюць і не разумеюць. Ёсць i тыя, хто бачыць і чуе Езуса, але ўпэўнены, што ўжо ведае ўсю праўду і таму не верыць анi Яго словам, ані ўчынкам, якія іх пацвярджаюць. I ўрэшце, яны губляюць нават тое нямногае, што маюць.

«Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае».

Чым жа так важная гэта фраза Езуса? Ён запрашае нас адкрыць свае сэрцы на слова, якое Ён нам абвяшчае i па якім мы будзем падводзiць рахункі ў канцы жыцця.

Евангелле паказвае нам, што абвяшчэнне слова займае цэнтральнае месца ва ўсiх прагненнях і ўчынках Езуса. Мы бачым Яго, вандруючага з горада ў горад, на дарогах, палях, у вёсках, хатах, сінагогах абвяшчаючага вестку пра збаўленне. Ён звяртаецца да ўсіх, але асабліва да бедных, пакорлiвых, даведзеных да мяжы людзей. Езус параўноўвае сваё слова са святлом, з соллю, з сеццю, закінутай у мора, са збожжам, укінутым у зямлю. I аддае жыццё, каб агонь, схаваны ў слове, успалымнеў.

«Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае».

Езус чакае, што слова, якое Ён кажа, зменіць свет. Таму не згаджайцеся на тое, каб перад аблiччам гэтай навіны заставацца староннім, абыякавым. Не дапускайце, каб такi вялікі дар, атрыманы аднойчы, застаўся бескарысным.

Каб падкрэсліць гэтае заданне, Езус пацвярджае тут яшчэ раз закон, які ляжыць у аснове ўсяго духоўнага жыцця: калі хто выконвае Яго слова, таго ўсё глыбей і глыбей Ён будзе ўводзiць у багацце і непараўнальную радасць свайго Валадарства; а калі занядбае слова, Езус адбярэ яго ў iх і перадаць іншым, каб прыносiла плён.

«Бо хто мае, таму дадзена будзе,  і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае».

Гэтае Слова Жыцця, такім чынам, перасцерагае нас ад сур’ёзнай памылкi, якую мы можам зрабіць: ад таго, каб прыняць Евангелле проста як аб’ект захаплення, вывучэння, абмеркавання, а не дзеля таго, каб рэалізаваць яго ў жыццi.

Больш таго, Езус чакае ад нас прыняцця слова і ўцелаўлення яго такiм чынам, каб яно фармавала нашыя ўчынкі і праз гэта, — па сведчаннi нашага жыцця — сталася святлом, соллю, закваскаю, якая паступова перамяняе ўсё грамадства.

Так што выбірайце ў гэтым месяцы адно асаблівае са шматлікіх словаў жыцця з Евангелля і пераўтварайце яго ў дзеянне. I тады да нашай радасці мы дададзім яшчэ адну радасць.

Кьяра Любіч, «Nowe Miasto» 1996/4

Адноўлена 05.07.2012 10:40
 
© 2003-2024 Catholic.by