Слова Жыцця на чэрвень 2013 | Друк |

Прэзентацыя на май

«Калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу» (1 П 2, 20)

Святы апостал Пётр тлумачыць сваім супольнасцям тое, на чым менавіта заснаваны сапраўдны дух Евангелля, спасылаючыся на дзяржаўныя і асабiстыя жыццёвыя сiтуацыi іх членаў.

Тут ён звяртаецца да рабоў, якія навярнулiся да веры, i якiя — як і ўсе рабы ў тым грамадстве — перажывалі, часам несправядліва, непаразуменні і крыўды. У больш шырокім сэнсе, гэтыя словы звернуты да ўсіх людзей, якія ў нейкiм часе і месцы вымушаны пакутаваць з-за несправядлівасцi і неразумення з боку сваіх блiжнiх, няхай бы гэта было начальства ці роўныя iм людзi.

«Калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу»

Апостал раіць не паддавацца інстынктыўнай рэакцыi, якая можа паўстаць у гэтай сітуацыі, але пераймаць стаўленне Езуса. Больш за тое, ён заклікае адказваць з любоўю і нават бачыць у гэтых цяжкасцях і неразуменнях ласку, гэта значыць тое, што дапускаецца Богам як магчымасць прадставіць сведчанне сапраўднага хрысціянскага духу. Робячы так, тыя, каго пераследуюць, могуць праз сваю любоў прывесцi да Хрыста таксама i тых, хто іх не разумее.

«Калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу»

Некаторыя людзі на падставе гэтых слоў альбо іншых падобных хацелi б абвінаваціць хрысціянства ў падтрымцы празмернай павагі, якая закалыхвае сумленне, аслабляе актыўнасць у барацьбе з праявамі несправядлівасці.

Але гэта не так. Калі Езус вучыць нас любіць нават тых, хто не разумее нас і крыўдзiць, гэта не таму, што Ён хоча зрабіць нас неадчувальнымі да несправядлівасці. Наадварот! Ён робіць гэта таму, што хоча навучыць нас, як пабудаваць па-сапраўднаму справядлівае грамадства. Мы можам гэта зрабiць, распаўсюджваючы дух сапраўднай любові і любячы першымi.

«Калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу»

Як жа нам жыць Словам Жыцця ў гэтым месяцы?

Мы таксама можам сустрэцца з недахопам разумення і быць пакрыўджанымi ў многіх адносінах: можам сустрэцца з недалiкатнасцю і няветлівасцю, несправядлівымi меркаваннямі, няўдзячнасцю, абразамi, нейкiмi па-сапраўднаму вялікiмi крыўдамi.

Ва ўсіх гэтых сітуацыях мы павiнны засведчыць пра любоў, якую Езус прынёс на зямлю, засведчыць для ўсіх, а значыць і для тых, хто да нас ставiцца дрэнна.

Слова гэтага месяца кажа нам, каб мы, сапраўды абараняючы справядлівасць і праўду, не забывалiся, што наш першы абавязак як хрысціянаў — любіць бліжняга свайго, гэта значыць займаць у адносiнах да яго паставу такога разумення, прыняцця і міласэрнасцi, якiя Езус займаў у дачыненні да нас. Такім чынам, нават абараняючы нашыя прынцыпы, мы ніколі не павiнны разрываць нашыя кантакты з іншымі людзьмі і ніколі не паддавацца спакусе схаваць крыўду ці помсту.

І паводзячы сябе так, як бы мы былi прыладаю любовi Езуса, мы тым самым зможам прынесці Бога нашым бліжнiм.

К'яра Любiч
апублiкавана ў «Città Nuova» 1978/10 i 2008/18, s. 9.

Адноўлена 05.06.2013 16:20
 
© 2003-2024 Catholic.by