Слова Жыцця на жнiвень 2013 | Друк |
«Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць» (Лк 6, 32).

Слова Жыцця на гэты месяц паходзіць з Евангелля ад Лукі. Яно належыць да таго вялікага збору прамоў Езуса, якім ў Евангеллі ад Мацвея адпавядае Нагорная пропаведзь. Як мы ведаем, Езус апісвае патрабаванні Божага Валадарства і асноўныя рысы тых, хто да яго належыць. Яны чэрпаюць сваё натхненне і рэалiзуюць яго ў наследаваннi Айца Нябеснага.

У нашым тэксце Езус заклікае сваіх вучняў наследаваць Бога Айца ў Ягонай любові. Калі мы хочам быць Ягонымi дзецьмі, мы павінны любіць нашых бліжніх так, як Ён іх любіць.

«Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць»


Першай, найбольш адметнай асаблівасцю любовi Бога Айца з'яўляецца абсалютная бескарыслівасць. Гэта моцна кантрастуе з любоўю, якая практыкуецца ў гэтым свеце. У той час як апошняя заснавана на ўзаемнасці і сiмпатыi (любім тых, хто нас любіць, альбо тых, хто нам падабаецца), любоў да Нябеснага Айца з'яўляецца цалкам бескарыслівай. Яна аддаецца кожнаму стварэнню, незалежна ад адказу, які можа быць атрыманы. Характар гэтай любові ў тым, каб самому выходзіць з ініцыятывай, каб аддаць усё, што маеш. I таму яна ёсць любоўю, якая будуе і пераўтварае. Нябесны Айцец любіць нас не таму, што мы добрыя, духоўна прыгожыя і таму годныя Яго ўвагі і благаслаўлення, але наадварот: Ён любіць нас, надзяляе нас дабром і духоўнай прыгажосцю сваёй ласкі, i гэта робіць нас Яго сябрамi і Яго дзецьмi.

«Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць»

Iншай асаблівасцю любовi Бога Айца з'яўляецца яе ўніверсальнасць. Бог любіць усіх, без адрознення. Мерай Яго любовi з'яўляецца адсутнасць якіх-небудзь абмежаванняў, адсутнасць ўсялякай меры.

Урэшце, Яго любоў не была б свабоднай і творчай, каб не накiроўвалася туды, дзе ёсць нейкiя патрэбы ці недахопы, прабелы, якія трэба запоўніць.

Вось чаму Нябесны Айцец таксама любіць i дзяцей няўдзячных, бунтуючых альбо адыйшоўшых ад Яго, і, больш за тое, яны асабліва прыцягваюць Яго любоў.

«Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць»

Як жа нам жыць Словам гэтага месяца?

Дзейнiчайце, як сапраўдныя дзеці Нябеснага Айца, а гэта значыць, пераймайце Ягоную любоў, асабліва тыя яе рысы, на якiя мы звярнулі ўвагу: бескарыслівасць і ўніверсальнасць. Старайцеся любiць першымi, любiць высакародна, любоўю супольнай, адкрытай для ўсіх, накіраванай асаблiва на розныя недахопы, якія могуць паўстаць вакол нас.

Давайце любіць любоўю, якая не разлічвае на вынік. Давайце паспрабуем быць інструментамі шчодрасцi Бога, надзяляючы іншых дарамi прыроды і ласкі, якія мы самы атрымалі ад Бога.

Прадаставiм дзейнiчаць словам Езуса – тады мы ўбачым адноўленым зрокам і адноўленым сэрцам i кожнага блiжняга, які будзе побач з намі, і ўсе магчымасці, што падаруе нам штодзённае жыццё. I паўсюль, дзе нам давядзецца працаваць (дома, у школе, на працы, у шпіталі і г.д.), мы ўнутрана адчуем сябе здольнымi быць праваднікамі гэтай любові, уласцiвай Богу, любовi, якую Езус прынёс на зямлю, адзінай любовi, здольнай перамяняць свет.

К’яра Любiч
надрукавана: „Città Nuova” 1992/2, s. 32-33


Адноўлена 01.08.2013 12:31
 
© 2003-2024 Catholic.by