Слова Жыцця на кастрычнiк 2013 | Друк |

«Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові, бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон»  (Рым 13, 8) (параўн. Лев 19, 18).

У папярэдніх радках свайго паслання (Рым 13, 1-7) св. Павел кажа пра наш доўг адносна грамадзянскай улады (падпарадкаванне, павага, выплата падаткаў і г. д.), падкрэсліваючы, што выкананне гэтага доўгу павінна быць ажыўлена любоўю. Размова iдзе, адным словам, аб доўгу, якi лёгка зразумець, якi знаёмы нам з практыкi, і калi мы не выконваем яго ў адпаведны тэрмiн, то падпадаем пад санкцыі, прадугледжаныя законам.

Зыходзячы з гэтага, святы Павел кажа пра іншы доўг, крыху больш цяжкі для разумення. Гэта доўг, якім - паводле запавету, пакінутага нам Езусам, - мы абавязаны кожнаму з нашых блiжнiх, i гэтым доўгам ёсць менавіта ўзаемная любоў у яе розных праявах: велiкадушнасці, цёплым клопаце, даверы, узаемнай павазе, сумленнасцi і г. д. (параўн. Рым 12, 9-12).

Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові, бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон.

Гэтае Слова Жыцця дазваляе нам зразумець дзве рэчы.

Перш за ўсё, яно прадстаўляе любоў як абавязак, гэта значыць як рэальнасць, да якой ніхто не можа заставацца абыякавым, якой нельга адкiнуць, якая нас заахвочвае, стымулюе, не дае нам спакою, ажно пакуль мы не выканаем гэта абавязак.

Хачу сказаць, што любоў адзін да аднаго — гэта не "дадатак", не вынік нашай шчодрасці, ад якой - строга кажучы - мы маглі б сябе звольніць, не падпадаючы пад санкцыі, прадугледжаныя законам. Гэтае Слова Жыцця з нацiскам патрабуе ад нас любові пад пагрозай здрады нашай хрысціянскай годнасці, таму што мы пакліканы Езусам быць інструментамі Яго любові ў свеце.

Акрамя таго, гэтае Слова кажа нам, што ўзаемная любоў з'яўляецца рухавіком, душой і мэтай, да якой скiраваны ўсе запаведзі.

Гэта вынікае з таго, што, калі мы хочам добра выканаць волю Бога, мы не можам задавальняцца халодным падыходам, прытрымліваючыся толькі літары Яго запаведзяў, але мы заўсёды павінны памятаць пра мэту, якую Бог нам праз iх паказвае. Так, напрыклад, каб добра выконваць сёмую запаведзь, мы не можам толькі пазбягаць крадзяжу, але павінны стала займацца выпраўленнем сацыяльнай несправядлівасці. Толькі такім чынам мы выкажам, што любім нашых блiжнiх.

Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові, бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон.

Як жа нам жыць Словам месяца?

Любоў да бліжняга, якую яно нам прапануе, мае бясконцую колькасць адценняў. Але тут мы затрымаемся ў асноўным на адным, які - як падаецца – цалкам вынiкае з гэтага тэксту.

Калі, як кажа святы Павел, узаемная любоў — гэта абавязак, то мы павінны любіць першымi, як гэта рабіў Езус для нас. Будзем жа любіць такою любоўю, якая бярэ на сябе ініцыятыву, якая нічога не чакае, якая не адпраўляе з пустымі рукамі.

Будзем пiльна сачыць, каб паступаць менавiта так у гэтым месяцы. Давайце будзем першымі ў любові да кожнага чалавека, якога сустрэнем, да якога патэлефануем альбо напішам, а таксама да тых, з якімі мы жывём. І хай нашая любоў будзе канкрэтнай, здольнай зразумець, прабачыць, хай будзе цярплiвай, даверлiвай, трывалай, шчодрай.

I мы ўбачым, што ў нашым духоўным жыццi адбудзецца якасны скачок, не кажучы ўжо пра радасць, якая напоўнiць нашыя сэрцы.

К’яра Любiч
надрукавана: „Città Nuova” 1990/15/16, s. 9.


 
© 2003-2024 Catholic.by