Слова Жыцця на лiстапад 2013 | Друк |

Прэзентацыя

«Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымi, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам» (Эф. 4, 32)

Гэтыя словы змяшчаюць канкрэтную і грунтоўную жыццёвую праграму. Аднае яе ўжо было б дастаткова, каб пабудаваць іншае грамадства, больш братэрскае, больш салiдарнае. Гэтая прапанова з'яўляецца часткай больш шырокай праграмы, прапанаванай для хрысціян Малой Азіі.

У той час у малазiйскiх грамадствах, якія як бы прадстаўлялі ўсё чалавецтва, быў дасягнуты «мiр» паміж габрэямі і язычнікамі - памiж двума народамi, якія да гэтага часу не могуць пагадзiцца.

Падараваная праз Хрыста еднасць павінна ўвесь час натхняць і ўвасабляцца ў канкрэтныя сацыяльныя паводзіны, цалкам абгрунтаваныя на ўзаемнай любові. Адсюль стаецца вiдавочным, як трэба будаваць нашы адносіны:

Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымi, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам

Добразычлiвасць – гэта жаданне дабра іншаму. Яна азначае "стаць адзiным" з іншым, цалкам выключаючы самога сябе, сваю зацікаўленасць, свае ідэі і меркаванні, шматлiкiя забабоны, якiя перашкаджаюць нашаму погляду – дзеля таго, каб узяць на сябе ягоны цяжар, яго патрэбы, яго пакуты, каб падзяліцца сваёй радасцю.

Гэта значыць: увайсці ў сэрцы тых, каго мы сустракаем, каб зразумець іх менталітэт, культуру, традыцыі і зрабіць іх - у пэўным сэнсе – сваiмi; каб сапраўды зразумець, чаго яны патрабуюць, і адкрыць тыя каштоўнасці, якія Бог уклаў у сэрца кожнага чалавека. Адным словам: жыць для тых, хто побач з намі.

Міласэрнасць — гэта прыняцце іншага чалавека такiм, якi ён ёсць, а не такiм, якiм мы хацелі б, каб ён быў: каб меў iншы характар, iншыя палітычныя погляды, iншыя рэлігійныя перакананні і не меў тых недахопаў і паводзін, якія часта раздражняюць нас. Не. Трэба пашырыць сваё сэрца і зрабіць яго здольным прыняць усiх – ва ўсёй разнастайнасці, разам з іх абмежаванасцямi і недахопамi.

Прабачэнне азначае заўсёды погляд на іншага новымі вачыма. У найлепшых суполках: у сям'і, у школе, на працы - ніколі не бывае недахопу момантаў непаразумення, рознагалоссяў у поглядах, канфрантацыі. Гэта прыводзіць да маўчання, пазбягання сустрэч, не кажучы ўжо пра тое, што ў сэрцах укараняецца сапраўдная непрыязнасць альбо нават нянавісць да чалавека, які думае не так, як мы. Прабачэнне з'яўляецца магутным і патрабавальным абавязкам дзеля таго, каб кожны дзень старацца глядзець на брата ці сястру так, як быццам у першы раз, як на зусiм новага чалавека, цалкам забываючыся пра атрыманыя абрáзы, пакрываючы ўсё любоўю, даючы ім у сэрцы поўную амністыю, iдучы ўслед за Богам, які даруе і забывае.

Сапраўдны супакой і еднасць надыдуць толькі тады, калі кожны будзе не толькi сам па сабе жыць добразычлiвасцю, міласэрнасцю і прабачэннем, але калі мы ўсе разам, ва ўзаемнасцi, будзем жыць такім чынам.

I як у распаленым коміне, трэба час ад часу падграбаць жар, каб не схаваў яго попел, таксама трэба часам аднаўляць дэкларацыю ўзаемнай любові, ажыўляць кантакты з усімі, каб не пакрываў iх попел абыякавасцi, апатыi, эгаізму.

Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымi, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам


Гэтыя адносіны патрабуюць дзеянняў, канкрэтных учынкаў.

Сам Езус паказаў, што такое любоў, калі аздараўляў хворых, карміў народ, уваскрашаў мёртвых, калі мыў ногі сваім вучням. Дзеянні, учынкi - гэта любоў.

Узгадалася мне мацi з аднае афрыканскай сем'і. Яна бедавала з таго, што яе дачка Разанэла страцiла вока, стаўшыся ахвяраю агрэсіўнага хлопчыка, які параніў яе трысцiнаю і працягваў насміхацца над ёю. Ніхто з бацькоў хлопчыка не прыйшоў, каб папрасіць прабачэння. Маўчанне. Ніякіх кантактаў з гэтаю сям'ёй, што прычынiла ёй боль. "Суцешся, - сказала маленькая Разанэла, якая прабачыла. - Мне пашанцавала, я магу бачыць другім вокам!"

"Аднойчы раніцою, - расказвала маці Разанэлы, - маці хлопчыка пасылае за мной, таму што яна дрэнна сябе адчула. Па-першае, я падумала пра сябе: "Глянь, цяпер прыходзіць і просiць мяне аб дапамозе, менавіта мяне, хоць мае шмат суседзяў бліжэй да свайго дому, а ў рэшце рэшт, што яе сын зрабіў нам!”

Але потым я сабе нагадваю, што любоў не ведае перашкодаў. Бягу да яе дому. Яна адчыняе мне дзверы і проста ў маіх руках трацiць прытомнасць. Адвожу яе ў бальніцу, застаюся з ёй да таго часу, пакуль лекары не бяруць на сябе клопат пра яе. Праз тыдзень, пасля выхаду з бальніцы, яна прыходзiць да мяне, каб падзякаваць. Прымаю яе сардэчна. Я змагла ёй дараваць. Цяпер нашыя сувязі адноўлены, і нават стварылiся зусім новыя адносіны".

Гэтаксама i наш дзень можа быць напоўнены канкрэтнай паслугай, сціпласцю, мудрасцю, ён можа быць выразам нашае любовi. I мы ўбачым, як вакол нас расквітнеюць братэрства і супакой.

К’яра Любiч
надрукавана: „Città Nuova” 2006/14, s. 9.

Адноўлена 04.11.2013 16:24
 
© 2003-2024 Catholic.by