Слова Жыцця на студзень 2014 | Друк |

Прэзентацыя >>>

З 18 па 25 студзеня ў шматлiкіх краінах свету адзначаецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян; у некаторых правядзенне гэтага Тыдня звязана са святам Пяцідзясятніцы. У гэтым годзе за дэвiз тыдня малітвы абраны словы: “Хіба падзяліўся Хрыстус?” (1 Кар 1, 13). К'яра Любіч заўсёды практыкавала разважанне да абранага біблiйнага верша. Каб працягнуць яе працу, мы прапануем тэкст са студзеня 2005 г., якi з’яўляецца яе каментарыем да верша: “Хрыстус, адзiны падмурак Касцёла” (пар. 1 Кар. 3.11), які можа дапамагчы нам паглыбіць дэвiз гэтага году.

Хрыстус, адзiны падмурак Касцёла (пар. 1 Кар 3, 11)

Гэта быў 50 год, калі святы Павел прыйшоў у Карынф, вялікi горад у Грэцыі, вядомы як важны гандлёвы цэнтр і жывое асяроддзе многіх плыняў думкі. На працягу 18 месяцаў апостал прапаведваў там Евангелле, закладаючы аснову для ўзрастання хрысціянскай супольнасцi. Тыя, хто прыйшлi пасля яго, працягвалi справу евангелізацыі. Але новым хрысціянам пагражала тое, што яны рабiлiся больш прыхільныя да людзей, якія прыносiлі iм пасланне Хрыста, чым да самога Хрыста. Такім чынам узнікалi фракцыі: “Я - Паўлаў”, - казалі адны, а іншыя, звяртаючыся да ўмiлаванага апостала, казалi: “Я - Апалосаў”, ці “Я - Пётраў”.

Ва ўмовах гэткага падзелу, якi парушаў жыццё супольнасцi, Павел ясна тлумачыць, што будаўнікоў Касцёла - які ён параўноўвае да будынку, да храма, - можа быць шмат, але ёсць толькі адзін падмурак, жывая скала: Езус Хрыстус.

У гэтым месяцы, асабліва ў час Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, Касцёл і касцёльныя супольнасці разам узгадваюць, што толькі Хрыстус з’яўляецца iх падмуркам і што толькі тады, калі належым да Яго і жывем адзіным Евангеллем, можам знайсці поўнае і бачнае адзінства паміж сабой.

Хрыстус, адзiны падмурак Касцёла.

Будаваць сваё жыццё на падмурку Хрыста азначае быць адзіным з Ім, думаць так, як думаў Ён, жадаць таго, чаго жадае Ён, жыць так, як Ён.

Але як закласці падмурак у Ім, як у Iм укаранiцца? Як стаць адзiным з Хрыстом?

Рэалізуючы ў жыццi Евангелле. Езус ёсць Словам Божым, якое сталася Целам. А калі Ён ёсць Слова, якое прыняло чалавечую прыроду, мы станем сапраўднымі хрысціянамі, калі ўсё сваё жыццё будзем удасканальвацца паводле Божага Слова.

Калі мы жывем Ягонымi словамi, больш за тое - калі Ягонае Слова ажыўляе нас так, што мы становімся “жывым Словам”, тады мы адзіныя з Ім, з кожным разам мы больш цесна звязваемся з Ім: і тады ўжо ёсць не “я” альбо “мы”, але ва ўсіх жыве Слова. Можам бачыць, што, жывучы такім чынам, мы ўносім свой уклад у тое, каб адзінства ўсіх хрысціянаў стала рэальнасцю.

Гэтак жа, як цела, каб жыць, дыхае, таксама i душа, каб жыць, жыве Словам Божым.

Адным з першых плёнаў гэтага ёсць нараджэнне Езуса ў нас і сярод нас. І гэта змяняе менталітэты: засявае ва ўсіх сэрцах – у еўрапейцаў альбо азіятаў, аўстралійцаў, амерыканцаў, афрыканцаў - пачуцці самога Хрыста, яднаючы, у залежнасцi ад сітуацыi, як асобных людзей, так і грамадствы. [...]

Жыццё Словам вызваляе нас ад чалавечай абумоўленасцi, прыносіць радасць, супакой, прастату, напоўненую жыццём і святлом. Дазваляючы нам прытуліцца да Хрыста, паступова ператварае нас у другога Хрыста.

Хрыстус, адзiны падмурак Касцёла.

Але ёсць, аднак, такое Слова, якое яднае ўсе астатнія. Гэтае слова - любiць. Любіць Бога і бліжняга. Езус яднае ў ім “увесь закон і прарокі” (Мц 22, 40).

На самай справе, кожнае слова Евангелля, апроч таго, што можа выяўляцца ў розных чалавечых тэрмінах, застаецца словам Божым, і, як Бог ёсць Любоў, кожнае слова ёсць Любоўю.

Як жа нам жыць у гэтым месяцы?

Як прытулiцца да Хрыста, “адзінага падмурку Касцёла”?

Любіць так, як Ён сам нас навучыў.

“Любi і рабі, што хочаш”, - сказаў святы Аўгустын, нiбыта абагульняючы нормы жыцця Евангеллем, бо калi любiш, не згубiшся, але будзеш цалкам выконваць волю Бога.

К’яра Любiч

Адноўлена 09.01.2014 10:26
 
© 2003-2022 Catholic.by