Слова Жыцця на люты 2014 | Друк |

Прэзентацыя >>>

Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць (Mц 5, 8).

Езус распачаў сваё грамадскае навучанне Нагорнай пропаведдзю. Звычайна габрэйскія настаўнікi садзiліся на ўзгорку над Тыберыядскiм возерам недалёка ад Капернаума і прамаўлялi натоўпам пра тое, якi чалавек ёсць благаслаўлёным. У Старым Запавеце слова “благаслаўлёны” паўтараецца шмат разоў і мае на ўвазе хвалу чалавека, які ў розных сітуацыях спаўняе слова Божае.

У благаславенствах Езуса рэхам прагучалi благаславенствы, ужо вядомыя вучням, але ўпершыню яны пачулі, што людзі з чыстым сэрцам будуць годныя не толькі ўзысці на гару Пана, як спяваецца ў псальме (пар. Пс 24, 4), але змогуць убачыць Бога. Якая ж гэта чысціня, настолькі ўзвышаная, што заслугоўвае так шмат? Езус тлумачыць гэта шмат разоў. Паспрабуем самы прыгледзецца да гэтага, каб знайсцi крыніцу сапраўднай чысціні.

Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць

Езус паказвае самы галоўны шлях ачышчэння: “Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведаваў вам”. I таму не рытуалы здольныя ачысціць душу, але толькi слова Езуса. Слова Езуса не такое, як чалавечыя словы. У iм прысутнічае Хрыстус, як Ён - хоць па-іншаму - прысутнічае ў Эўхарыстыі. Праз слова Хрыстус уваходзіць у нас, і, калі мы дазваляем Яму дзейнiчаць, Ён робіць нас свабоднымі ад граху, і таму людзьмі чыстага сэрца.

Таму чысціня ёсць вынiкам жыцця Словам, усiмi словамi Езуса, якія вызваляюць нас ад так званых залежнасцяў, якія непазбежна з’яўляюцца, калі сэрца не пагружана ў Бога і Ягонае навучанне. Можна быць залежным, так бы мовiць, прывязаным да рэчаў, да людзей, да самога сябе. Але калі сэрца звернута да Бога, усё астатняе марнее.

Каб прабываць у такім стане, можа быць карысным на працягу дня скiроўваць да Езуса, да Бога, заклiк з псальма: “Ты Бог мой, дабро маё толькi ў Табе” (пар. Пс 16, 2). Давайце часта паўтараць гэта, асабліва калі розныя залежнасці захочуць павярнуць нашыя сэрцы да тых рэчаў, пачуццяў, захапленняў, якія могуць захілiць дабро і адабраць у нас свабоду.

Калі мы спакусімся разглядаць некаторыя рэкламныя плакаты ці глядзець пэўныя тэлевізійныя праграмы, трэба сказаць Богу: "Ты Бог мой, дабро маё толькi ў Табе". I гэта будзе першы крок, які дапаможа нам вызваліцца ад саміх сябе і нанова выказаць Богу нашую любоў. Праз гэта мы станем больш чыстымi.

Калi часам мы ўбачым, што нейкi чалавек ці праца становяцца перашкодай паміж намі і Богам, выкажам нашае адзінства з Ім. Бо маем нагоду паўтарыць: “Ты Бог мой, дабро маё толькi ў Табе!” Гэта дапаможа ачысціць нашы намеры і знайсці ўнутраную свабоду.

Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць

Слова, ператворанае ў жыццё, робіць нас вольнымі i чыстымi, таму што яно ёсць любоў. Менавiта любоў Божым агнём ачышчае нашы намеры і ўсё нашае нутро, як бы ўсё “сэрца”, якое, паводле Святога Пісання, з’яўляецца найглыбейшым месцам захавання розуму і волі.

Ёсць такая любоў, запаведаная нам Езусам, якая дазваляе жыць сэнсам гэтага благаслаўлення. Гэта ўзаемная любоў паміж тымі, хто, беручы прыклад з Езуса, гатовы аддаць жыццё за іншых. Яна ўзбуджае ўзаемнасць, у атмасферы якой дамінуючай нотай з’яўляецца яснасць, чысціня - дзякуючы прысутнасцi Бога, які адзін толькi можа стварыць у нас чыстае сэрца (пар. Пс 50, 12). Калі жывем узаемнай любоўю, Слова робiць нас чыстымi і святымi.

Сам па сабе чалавек не здолее доўга супрацьстаяць спакусам свету, а ва ўзаемнай любовi знаходзiць здаровае асяроддзе, якое здольна абараніць ягоную чысціню і сапраўднае хрысціянскае жыццё.

Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць

Менавiта такі плён прыносiць чысціня, якую мы заўсёды здабываем нанова: можам “бачыць” Бога, альбо разумець Ягонае дзеянне ў нашым жыцці і ў гісторыі, альбо пачуць у сэрцы Ягоны голас, цi ўбачыць Яго прысутнасць там, дзе Ён ёсць: ва ўбогiх, у Эўхарыстыі, у братэрскiм адзінстве, у Касцёле.

Гэта ёсць прадчуваннем Божай прысутнасці, якая пачынаецца ўжо ў гэтым жыцці, калі мы дзейнічаем “паводле веры, а не паводле бачання” (пар. 2 Кар 5, 7), ажно да той хвiлiны, пакуль не ўбачым “тварам у твар” (пар. 1 Кар 13, 12) навекi.

К’яра Любiч
надрукавана: „Città Nuova” 1999/5


Адноўлена 03.02.2014 12:58
 
© 2003-2022 Catholic.by