Слова Жыцця на красавiк 2014 | Друк |

Прэзентацыя >>>

Новую запаведзь даю вам, каб вы любiлi адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любiце адзін аднаго (Ян 13, 34).

Езус сказаў гэтыя словы перад мукаю. I яны сталiся адначасова i развітаннем, і завяшчаннем.

Задумайцеся, як гэта важна!

Калі вы не можаце забыць словы, што перад смерцю сказаў бацька, то тым больш гэта можна аднесцi да словаў Бога!

Падумайце, як гэта сур'ёзна.

Новую запаведзь даю вам, каб вы любiлi адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любiце адзін аднаго

Езус iдзе на смерць, і ў словах, сказаных Ім, ужо адчуваецца, што адыход блiзка. Ягоная надыходзячая смерць патрабуе, перш за ўсё, вырашыць пэўную праблему. А менавiта - што Ён можа зрабіць, каб застацца сярод сваіх і весцi Касцёл далей?

Ведаем, што Езус прысутнічае ў сакрамэнтах, напрыклад, з’яўляецца ў Эўхарыстыі падчас святой Імшы.

Але Езус таксама прысутнічае i там, дзе ёсць узаемная любоў. Бо Ён жа дакладна сказаў так: «Дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё (а гэта магчыма толькі пры ўзаемнай любові), там Я сярод іх».

Такiм чынам, Ён прысутнічае толькі ў такой супольнасцi, у якой ёсць сувязі ўзаемнай любові. Праз такую супольнасць Ён можа надалей аб’яўляцца свету і ўплываць на яго.

Хіба гэта не выдатна? Хіба вы не хацелi б неадкладна пачаць жыць такой любоўю разам з іншымі хрысціянамі, разам з вашымi блiжнiмi?

Святы Ян, спасылаючыся на гэтыя словы, бачыць ва ўзаемнай любові самую важную запаведзь Касцёла, чыё прызначэнне - быць супольнасцю, быць адзiнствам.

Новую запаведзь даю вам, каб вы любiлi адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любiце адзін аднаго

Далей Езус кажа: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».

Такім чынам, сапраўднай прыкметай вучняў Хрыста ёсць тое, што яны жывуць ва ўзаемнай любові. Па гэтым можна пазнаць хрысціянаў. А калі гэтага не будзе, свет не ўбачыць Езуса ў Касцёле.

Новую запаведзь даю вам, каб вы любiлi адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любiце адзін аднаго

Узаемная любоў будуе адзінства. А што робіць адзінства? Езус кажа далей: «...каб усе былі адно ... каб свет паверыў...» Так адзінства, якое аб’яўляе прысутнасць Езуса, прыцягвае свет да Яго. Свет верыць у Яго, шукаючы адзінства, шукаючы ўзаемнай любовi.

Новую запаведзь даю вам, каб вы любiлi адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любiце адзін аднаго

На Апошняй Вячэры Езус назваў гэтую запаведзь таксама "сваёю". Яна "Ягоная", і таму асабліва дарагая Яму. Таму мы не можам разглядаць яе як адну з многіх запаведзяў, яшчэ адно правіла альбо прынцып. Езус хоча тут паказаць нам, як трэба жыць, хоча сказаць, на чым трэба засноўваць сваё існаванне. Для хрысціянаў першых стагоддзяў гэтая запаведзь была асновай жыцця. Святы Пётр казаў: “Перш за ўсё, майце шчырую любоў адзін да аднаго” (1П 4, 8).

Перад тым, як пачаць працаваць, вучыцца, перш чым ісці на святую Iмшу цi рабіць хоць што звыклае, трэба ўпэўнiцца, ці ёсць паміж намi і тымi, хто з намi жыве, узаемная любоў. Калі так - тады ўсё набывае вартасць. А без гэтага падмурку перад Богам нiшто не iдзе ў залiк.

Новую запаведзь даю вам, каб вы любiлi адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любiце адзін аднаго

Езус кажа таксама, што гэтая запаведзь «новая».

Што гэта значыць? Ці гэтая запаведзь была раней невядомая?

Не. «Новая» - значыць «для новых часоў».

Аб чым тут iдзе гаворка?

Езус памёр за нас, таму што палюбіў нас у найвышэйшай ступенi. Ягоная любоў была і ёсць «Божая». Ён кажа: «Як палюбіў Мяне Айцец, так і Я палюбіў вас». Ён палюбіў нас той жа самай любоўю, якая існуе паміж Ім і Айцом.

Тою ж любоўю і мы павінны любіць адзін аднаго, каб споўніць «новую» запаведзь.

Кожны з нас з'яўляецца чалавекам, i мы не маем такой любовi, як Ён. Але мы шчаслівыя, бо, з’яўляючыся хрысціянамі, мы яе атрымаем. Дух Святы напоўнiць ёю нашыя сэрцы і сэрцы ўсіх вернікаў.

Дзякуючы гэтай адной-адзінай Божай любові, якую атрымлiваем, iснуе падабенства паміж Айцом, Сынам і намi, хрысціянамi. Менавіта гэтая любоў уводзiць нас у Святую Тройцу. Гэтая любоў робiць нас дзецьмі Бога.

Менавiта гэтая любоў злучае неба і зямлю. Праз гэтую любоў супольнасць хрысціянаў уваходзіць у сферу Бога, а гэтая Божая рэальнасць існуе на зямлі там, дзе хрысціяне ўзаемна любяць адзін аднаго. Хiба вас туды не цягне? Хіба жыццё хрысціянаў не здаецца вам прыгожым і годным падзiву?

К’яра Любiч
апублiкавана ў „Gość Niedzielny”, 1980/22

Адноўлена 02.04.2014 14:25
 
© 2003-2024 Catholic.by