Слова Жыцця на чэрвень 2014 | Друк |

Прэзентацыя >>>

I вось Я з вамi ва ўсе днi аж да сканчэння веку (Mц 28, 20)

Евангелiст Мацвей на пачатку свайго Евангелля нагадвае нам, што Езус, чыю гісторыю ён пачынае распавядаць, - гэта «Бог-з-намі», Эмануэль (Mц 1, 23), а ў канцы ён цытуе словы, у якіх Езус абяцае застацца з намі назаўсёды, нават пасля свайго вяртання на нябёсы. Да канца свету Ён будзе «Богам-з-намі».

Езус звяртае гэтыя словы да сваіх вучняў пасля таго, як ужо даверыў iм заданне ісцi i несцi па ўсім свеце Ягонае пасланне. Ён цалкам усведамляе, што пасылае іх як авечак сярод ваўкоў, і што яны сустрэнуць супрацiўленне і пераслед (Mц 10, 16-22). Але Ён не хоча пакiнуць iх адных пры выканнi гэтай місіi. Менавіта таму ў хвiлiны адыходу Ён запэўнiвае, што  застанецца з імі! Яны не будуць бачыць Яго сваiмi вачыма, не пачуюць Ягонага голасу, не змогуць дакрануцца да Яго, але Ён застанецца паміж імі, як і раней, і нават больш, чым раней. I калі да гэтага часу Ягоная прысутнасць была звязана з пэўным месцам: Ён прысутнiчаў у Капернауме ці ля возера, на гары ці ў Ерусаліме, з гэтага часу і назаўсёды Ён будзе паўсюль там, дзе Ягоныя вучні.

Езус таксама меў на ўвазе і ўсiх нас, хто ў будучыні дасведчыць цяжкасці штодзённага жыцця. Езус – Уцелаўлёная Любоў - магчыма, думаў: Я хацеў бы заўсёды быць з людзьмі,  хацеў бы падзяляць іхнія турботы, хацеў бы даваць ім парады, суправаджаць іх на iхнiх шляхах, уваходзiць у iхнiя дамы, сваёй прысутнасцю хацеў бы ажыўляць іхнюю радасць.

Вось чаму ён хацеў застацца з намі - каб мы маглi адчуваць Ягоную блізкасць, Ягоную сілу, Ягоную любоў.

У Евангеллi паводле Лукi сказана (Лк 24, 52), што вучні, убачыўшы Езуса, узыходзячага на неба, «з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерусалім». Як гэта было магчыма? Бо яны дасведчылі, што Ягоныя словы ёсць праўдай.

Гэтак жа i мы будзем перапоўненыя радасцю, калі сапраўды паверым у абяцанне Езуса:

I вось Я з вамi ва ўсе днi аж да сканчэння веку

Гэтыя словы, апошнія словы, якiя сказаў Езус сваім вучням, азначаюць канец Ягонага зямнога жыцця і адначасова пачатак жыцця Касцёла, у якiм Ён прысутнічае ў шэрагу розных спосабаў: у Эўхарыстыі, у Ягоным Слове, у сваіх прадстаўніках (біскупах, святарах), у бедных, у маленькіх, у адкiнутых... ва ўсіх блiжніх.

Для нас незвычайна блізка гэтае акрэсленне асаблівай прысутнасцi Езуса, на якую Ён сам - таксама ў Евангеллі паводле Мацвея (Mц 18, 20) - нам паказаў: «Дзе двое цi трое сабраныя ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх». Ён прагне, каб праз гэтую прысутнасць Ён мог быць у кожным месцы.

Калі мы жывем так, як Ён нас просiць, а асабліва Ягоным Новым Запаветам, мы можам дасведчыць гэтую Ягоную прысутнасць таксама i па-за касцёламі, i пасярод людзей, у месцах, дзе жывем, паўсюль.

Тады адзiнае, што неабходна, - гэта ўзаемная любоў, ахвярная, разумеючая, якая ўдзельнічае ў пакутах, трывогах і радасцях нашых братоў: тая любоў, якая ахоплівае ўсё, усё даруе, якая тыповая для хрысціянства.

Давайце будзем жыць так, каб кожны меў магчымасць сустрэцца з Ім ужо тут, на зямлі.

К’яра Любіч
апублiкавана ў „Nowe Miasto” 2002, № 3

Адноўлена 01.07.2014 16:02
 
© 2003-2024 Catholic.by