Слова Жыцця на студзень 2015 | Друк |

Прэзентацыя >>>

«Кажа ёй Езус: "Дай Мне піць"» (Ян 4, 7)

Езус пакінуў Юдэю і накiроўваўся ў Галілею. Ён павінен быў праходзіць праз Самарыю. У паўднёвую спёку, стомлены дарогаю, прысеў каля студнi, якую патрыярх Якуб выкапаў 1700 гадоў таму. Адчуваў смагу, але не меў нiякага посуду, каб зачарпнуць вады. А студня мела глыбіню 35 метраў — што можна ўбачыць і сёння.

Вучні пайшлі ў горад, каб купіць што-небудзь паесці. Езус быў адзін. I вось прыходзіць жанчына са збаном, і Ён проста просіць, каб яна дала Яму піць. Але гэта была просьба, якая ламала прынятыя тады звычаi: мужчына не павінен быў звяртацца непасрэдна да жанчыны, асабліва калі яна не была яму знаёмая. Акрамя таго, паміж габрэямі і самаранамi iснавалі рэлігійныя адрозненні і забароны: Езус быў габрэем, а жанчына —  самаранкаю; нязгода і нават нянавісць паміж двума народамі мелi глыбокія гістарычныя і палітычныя карані.

Больш за тое, была яшчэ адна прычына для пагарды: маральнага кшталту — жанчына мела шмат мужчын і жыла ў неўпарадкаваных адносінах. Магчыма, менавіта па гэтай прычыне яна прыйшла па ваду не раніцай ці вечарам, разам з іншымі жанчынамі, але ў гэткi нязручны час — апоўдні, каб пазбегнуць перасудаў.

Езус перакрочвае ўсе бар'еры і распачынае дыялог з жанчынай-самаранкай. Ён хоча дакрануцца да яе сэрца і просiць яе:

«Дай Мне піць»

Унутры сябе Ён мае для яе дар, дар вады жывой. «Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п'е», - будзе потым заклiкаць у Ерузалемскай святыні (Ян 7, 37). Вада з’яўляецца найважнейшаю ўмовай для любой формы жыцця, і асабліва каштоўная яна ў засушлівых раёнах, такіх, як Палестына. Тая вада, якую Езус хоча даць, ёсць вадой «жывой», знакам аб’яўлення Бога, які ёсць Айцом і любоўю, знакам Духа Святога, жыцця Божага, якое Ён прынёс на зямлю.

Усё, што Ён дае, ёсць жыццём і для жыцця: Ён ёсць хлебам «жывым» (Ян 6, 51 і далей), Словам, якое дае жыццё (Ян 5, 25), і проста жыццём (Ян 11, 25-26). На крыжы, што таксама апісаў святы Ян - а ён быў сведкам гэтага, - калі адзін жаўнер дзідаю прабiў Яму бок, «адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 34) — найвышэйшы і поўны дар самога сябе.

Езус, аднак, нічога не навязвае. Нават не нагадвае жанчыне яе няправільных зносінаў. Ён, Той, хто можа даць усё, - просiць, бо сапраўды патрабуе ад яе дару: 

«Дай Мне піць»

Просiць, бо стомлены і хоча піць. Ён, Уладар жыцця, стаўся жабраком, не хаваючы сваёй сапраўднай чалавечнасцi.

Просiць таксама дзеля таго, каб дапамагчы ёй адкрыцца на прыняцце Ягонага дару. З гэтай просьбы распачаўся дыялог, у які ўкладалiся аргументы, сумнiвы, тлумачэнні і ў канцы якога Езус мог адкрыць сваю тоеснасць. У выніку гэтага дыялогу зламалiся бар’еры абароны i сталася магчымым адкрыццё праўды пра ваду, якую Ён прынёс. Жанчына адмаўляецца ад таго, што раней на дадзены момант мела б для яе бясцэнную вартасць — ад збана, поўнага вады, бо яна атрымлiвае іншае багацце, і бяжыць у горад, каб таксама распачаць дыялог са сваімі суседзямі. Яна таксама нічога ім не навязвае, толькi распавядае, што здарылася, дае сваё сведчанне і задаецца пытаннем пра Таго, хто папрасіў яе:

«Дай Мне піць»

Гэтая старонка Евангелля запрашае нас прыняць накірунак да экуменічнага дыялогу. Аб яго неабходнасці мы ўзгадваем кожны год у гэты месяц. Сусветны Тыдзень малітвы за адзінства хрысціянаў нагадвае нам пра скандальны падзел паміж Цэрквамі, якi працягваецца занадта доўга, і заклікае нас да дзеянняў, якія б паскорылi надыход глыбокай еднасцi, здольнай перакрочыць любы бар'ер — так, як Езус пераадолеў падзел паміж габрэямі і самаранамi.

Раскол памiж хрысціянамi з’яўляецца адным са шматлікага таго, што руйнуе адзінства розных асяроддзяў, з’яўляецца прычынай для непаразуменняў, разладаў у сем’ях ці сярод суседзяў, напружання на працы, прадузятасцi супраць імігрантаў. Бар’еры, якія нас падзяляюць, могуць мець сацыяльны, палітычны, рэлігійны характар альбо быць вынiкам культурнай традыцыі, якую мы не здольныя прыняць.

Яны з’яўляюцца прычынай канфліктаў паміж народамі, этнічнымі групамі, але таксама і прычынай варожасці ў нашым атачэннi. Хіба мы не можам, падобна Езусу, адкрыцца на іншага, пераадольваючы непаразуменнi і забабоны? Чаму б не прыслухацца да просьбы аб узаемаразуменні, аб дапамозе, аб кроплi ўвагі - незалежна ад таго, як яна сфармулявана? Акрамя таго, у тым, хто на супрацьлеглым баку цi належыць да чужога для нас культурнага, рэлігійнага, сацыяльнага кола, схаваны Езус, якi звяртаецца да нас і просiць:

«Дай Мне піць»

Спантанна прыходзіць на розум іншае слова Езуса, сказанае на крыжы i таксама запісанае ў Евангеллі св. Яна: «Прагну» (Ян 19, 28). Гэта ёсць найпярвейшая неабходнасць, якая ў той жа час сімвалізуе неабходнасць кожнай іншай патрэбы. У кожным чалавеку ў нястачы, у беспрацоўным, у самотнай асобе, у iншаземцу, а таксама асабліва ў тых, хто вызнае іншую рэлігію альбо мае іншыя перакананні ці проста варожа да нас настаўлены, мы можам распазнаць Езуса, якi ўсклікае: «Прагну» і просiць: «Дай мне піць». Дастаткова падаць шклянку вады, кажа Евангелле, каб атрымаць адплату (пар. Мц 10, 42), каб пачаць дыялог, які адбудуе братэрства.

Мы, са свайго боку, таксама можам выказваць нашыя патрэбы, не саромеючыся таго, што «прагнем», і прасiць: «Дай мне піць».

Такім чынам можна распачаць шчыры дыялог і канкрэтнае паяднанне, не асцерагаючыся пагарды ці рызыкi, звязанай з тым, што іншыя не будуць падзяляць нашых поглядаў, а нам будзе цяжка прыняць iх меркаваннi. Мы павінны лічыцца з магчымасцямi тых, каго сустракаем, высока ацэньваючы іх якасці, нават тыя, што схаваны, як гэта зрабіў Езус, які змог адкрыць жанчыне тое, што яна сама не змагла зрабіць, - магчымасць зачэрпнуць вады.

А. Фабiа К’ярдзi ОMI

Адноўлена 08.01.2015 14:38
 
© 2003-2024 Catholic.by