Слова Жыцця на люты 2015 | Друк |

Прэзентацыя >>>

Прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай (Рым 15, 7)


Маючы намер адправіцца ў Рым, а адтуль далей у Іспанію, апостал Павел у адным са сваіх лістоў звярнуўся да хрысціянскіх суполак, якія iснавалi ў гэтым горадзе. Сярод тых, хто сведчыў аб шчырым і глыбокім прыняцці Евангелля, была вялікая колькасць пакутнікаў, але, як і ўсюды, хапала спакусаў, непаразуменняў і нават суперніцтва. Рымскія хрысціяне былі вельмі разнастайныя, бо мелi рознае сацыяльнае паходжанне, розныя культурныя і рэлігійныя каранi. Сярод iх былі тыя, хто прыйшоў з юдаізму, з колаў эліністычнай культуры, але таксама і са старажытных рымскiх рэлігій, са стаіцызму, з розных філасофскіх плыняў. Яны былi носьбiтамi традыцыйных для іх думак і этычных перакананняў. Некаторыя з іх апісаны як «слабыя», бо яны лёгка паддавалiся пэўным дыетычным звычкам, як, напрыклад, вегетарыянцы альбо тыя, хто прытрымлiваўся асаблівых посных дзён, вызначаных у календары. Іншыя названы «моцнымi», таму што, вольныя ад гэтых абмежаванняў, яны не залежалi ад нейкіх табу, звязаных з ежай або рытуаламi. Да iх усіх Павел звяртаецца з нечаканым запрашэннем:

Прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай.


Ужо ў першых словах гэтага ліста ён кранаецца гэтай тэмы: звяртаецца спачатку да «моцных», заахвочваючы іх прымаць «слабых», незалежна ад поглядаў; а потым да «слабых», каб прынялi «моцных», не асуджаючы, таму што i самі яны былі прыняты Богам.

Святы Павел перакананы, што кожны з iх, нягледзячы на разнастайнасць вераванняў і практык, кіруецца любоўю да Бога. Таму не можа быць прычынай для асуджэння кагосьці тое, што ён думае інакш, i тым больш нельга абражаць чалавека, выказваючы яму нейкія фанабэрыі або перавагі. Наадварот, трэба мець павагу і бачыць у кожным дабро, каб узаемна будаваць, ствараць супольнасць, каб будаваць у ёй адзінства (пар. 14, 1-23).

Святы Павел кажа аб тым, як у гэтым выпадку выконваць асноўны прынцып хрысціянскага жыцця, якi ён толькі што нагадаў у лісце: «любоў ёсць выкананнем Закону» (13, 10). Не паступаючы «згодна з любоўю» (14, 15), хрысціяне Рыма былі меней адкрытыя на «дух братэрства», які павінен ажыўляць членаў кожнай супольнасцi.

Апостал прапануе як узор узаемнай адкрытасці Езуса, «які не дагаджаў сабе», але праз сваю смерць узяў на сябе нашыя слабасцi (пар. 15, 1-3). З вышынi крыжа Ён прыцягвае ўсiх да сябе, абдымае Яна – габрэя разам з рымскiм сотнiкам, Марыю Магдаліну разам са злачынцам, укрыжаваным побач з Ім.

Прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай.

Гэтак жа i ў нашых хрысціянскіх супольнасцях, хоць усе мы «ўмілаваныя Бога, пакліканыя святымi» (1, 7) хапае, як i ў рымскіх, дысгармоніі і кантрастаў, звязаных з рознымі спосабамі бачання і культурнымi адрозненнямi.

Часта супрацьпастаўляюць традыцыяналістаў і наватараў, альбо — кажучы больш проста, але i больш выразна — тых, хто больш адкрытыя і больш закрытыя, разумеючыя хрысціянства больш сацыяльным ці больш духоўным. Разнастайнасць з’яўляецца крынiцай палітычных адрозненняў і паглыбляе адрозненні сацыяльныя. У цяперашні час мы бачым, што імігранты ўплываюць таксама на літургічныя групы, прысутнiчаюць у розных касцёльных суполках, якія становяцца ўсё больш разнастайнымі з пункту гледжання культуры і геаграфічнага паходжання.

Такую ж дынаміку можна ўбачыць у адносiнах паміж хрысціянамі розных канфесій, а таксама ў сем’ях, у асяроддзi на працы ці ў палітыцы.

I нараджаецца спакуса асуджэння тых, хто думае не так, як мы, ці адчування перавагі праз стэрыльнае параўнанне і ўзаемнае непрыняцце. Прыклад, прапанаваны апосталам Паўлам, мае на ўвазе не спрашчаючы унiфармiзм, але ўзбагачаючыя адносіны паяднання паміж разнастайным. Не без падстаў, на два абзацы раней у тым жа лісце гаворыцца аб адзінстве цела ў разнастайнасці яго членаў у выглядзе мноства дароў, якія ўзбагачаюць і ажыўляюць супольнасць (пар. 12, 3-13). Калi скарыстаць параўнанне Папы Францішка, то мадэллю гэтага з’яўляецца не сфера, дзе кожная кропка знаходзiцца на роўнай адлегласці ад цэнтра і няма ніякай розніцы паміж адной кропкай і іншай, а шматграннік, усе паверхнi якога розныя і скампанаваныя асіметрычна, дзе кожная частка мае сваю арыгінальнасць. «Нават людзі, якіх можна было б крытыкаваць за памылкі, маюць, што прапанаваць, і гэта не павінна быць згублена. Гэта адзінства народаў, якiя праз універсальны парадак захоўваюць свае індывідуальныя рысы. Гэта адзiнства людзей, якія шукаюць агульнага дабра, па-сапраўднаму ахоплiваючага ўсiх» (Evangelii Gaudium, 236).

Прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай.

Гэтае Слова Жыцця – нечаканае запрашэнне да таго, каб распазнаць тое, што з’яўляецца пазiтыўным у iншых, хоць бы таму, што Хрыстус ахвяраваў сваё жыццё таксама i за тых, каго мы схільныя асудзіць. Яно з’яўляецца запрашэннем да таго, каб слухаць іншых, не ўключаючы механізмаў абароны, застаючыся адкрытымі для пераменаў, да таго, каб з павагаю і любоўю прыняць розніцу, каб узнікла супольнасць разнастайная і ў той жа час адзіная.

Гэтае Слова было абрана евангелічнай супольнасцю ў Германіі, каб яно было перажыта сумесна яе членамі, стаўшы для іх святлом на 2015 год. Давайце дзяліцца гэтым Словам, хаця б у гэтым месяцы, з прадстаўнікамі розных канфесiй, каб яно сталася знакам узаемнага прыняцця.

Такім чынам мы можам узнесці хвалу Богу аднадушна і аднымi вуснамi (15, 6) — як казала К’яра Любіч у Жэневе, у саборы св. Пятра, які належыць Рэфармацкай Царкве: «Сучаснасць патрабуе ад кожнага з нас любовi, патрабуе еднасцi, адзінства і салідарнасці. I заклікае ўсе Цэрквы адбудаваць адзінства, разбуранае за стагоддзi. Гэта рэформа рэформ, аб якой просяць нас Нябёсы. Гэта першы і неабходны крок на шляху да ўсеагульнага братэрства ўсіх мужчын і жанчын свету. Свет паверыць, калі мы будзем адзіныя».

А. Фабiа К’ярдзi OMI

Адноўлена 02.02.2015 16:11
 
© 2003-2024 Catholic.by