Слова Жыцця на красавiк 2015 | Друк |

Прэзентацыя >>>

“Для ўсіх я зрабіўся ўсім”(1Кар 9, 22)

У сваім першым пасланні да супольнасцi Карынта, адкуль выбрана Слова Жыцця на гэты месяц, Павел вымушаны абараняцца ад жорсткай ацэнкі некаторых хрысціянаў. Яны сумняваліся ці нават адмаўлялiся лiчыць Паўла апосталам. Даводзячы, што ён мае поўнае права на такi тытул, таму што «бачыў Езуса Хрыста» (пар 1, 9), Павел тлумачыць сваё сціплае і пакорнае стаўленне да гэтага, кажа, што адмаўляецца ад усялякай узнагароды за сваю працу. Хоць ён мог бы высока ацаніць аўтарытэт і правы апостала, ён палічыў за лепшае стаць «слугой усім». Гэта была яго евангельская стратэгія.

Ён салідарызуецца з людзьмі ўсіх катэгорый ажно так далёка, што дзеля таго, каб прынесці ім навіну Евангелля, ён хоча стаць адным з іх. Пяць разоў ён паўтарае: «Я стаўся» адзiным: адзiным з габрэямі - і з любовi да іх падпарадкаваўся закону Майсея, хоць ведаў, што закон для яго неабавязковы; адзiным з негабрэямi, якія не выконвалi закону - і гэтак жа, як яны, ён жыве так, нібыта закону Майсея няма, бо ёсць патрабавальны закон самога Езуса; адзiным з тымі, каго лічылi «слабымi» - яны, верагодна, былі cкрупулёзнымi хрысціянамi, i, разглядаючы праблему, есці ці не есці мяса, прысвечанае ідалам – ён таксама становіцца «слабым», хоць насамрэч ёсць «моцным», бо дасведчвае вялiкую свабоду. Адным словам: ён становіцца «ўсiм для ўсіх».

I кожны раз ён паўтарае, што робіць гэта дзеля таго, каб кожнага «здабыць» для Хрыста, каб любой цаной хоць бы некага «ўратаваць». Не мае ілюзій, не чакае трыумфу, бо добра ведае, што толькі некаторыя людзі адкажуць на ягоную любоў, нягледзячы на тое, што ён любіць усіх і ўсiм служыць, па прыкладу Пана, які прыйшоў «служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх» (Мц 20, 28). Хто ж больш, чым Езус Хрыстус, з'яднаўся з намі? Ён, якi быў Богам, «выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, зрабіўшыся падобным на людзей» (Флп 2, 7).

“Для ўсіх я зрабіўся ўсім”

К'яра Любіч зрабіла гэтае слова адным з асноўных прынцыпаў «майстэрства любовi» - сканцэнтравала ўсё ў выразе "стацца адзiным", "паяднацца". У гэтым яна бачыла выраз "дыпламатыi" любовi. "Калі нехта плача, - пісала яна, - мы павінны плакаць разам з ім. А калі смяецца, цешыцца разам з iм. Такім чынам крыж падзяляецца і яго нясуць шматлiкiя рукі, а ў падзеленай радасцi ўдзельнiчаюць многія сэрцы. [...] З'яднацца з блiжнiм з любовi да Езуса, з любоўю Езуса, ажно так, каб блiжнi, нават лёгка паранены любоўю Бога ў нас, захацеў бы стацца адным з намі ва ўзаемным абмене дапамогаю, ідэаламi, планамi, пачуццямi. [...] Гэта дыпламатыя любові, якая мае мноства асаблiвасцяў і выразаў звычайнай дыпламатыі, і таму не кажа ўсяго, што можна было б сказаць, бо брату гэта не спадабалася б, а Богу не было б міла; умее чакаць, умее сказаць, умее дамагчыся мэты. Божая дыпламатыя Слова, якое сталася целам, каб нас абожыць" (Dyplomacja, [w:] Chiara Lubich, Tylko jedno, Katowice: Księgarnia św. Jacka 1986, s. 66.)1.

Педагогіка К’яры таксама паказвае штодзённыя перашкоды, якія перашкаджаюць "паяднанню": "Часам гэта няўважлівасць, часам нецярплівае жаданне навязаць свае думкі, настойванне ў непадыходзячы час на сваiх парадах. У іншых абставiнах мы бываем занадта мала сканцэнтраваныя на тым, каб паяднацца з бліжнiм, бо лічым, што ён не зразумее нашае любовi, альбо спыняюць нас нейкiя нашыя меркаваннi пра яго. У пэўных выпадках перашкаджае нам схаванае жаданне ўключыць яго ў нашыя справы". Такім чынам: "цалкам неабходна адкінуць або аддалiць ўсё, што напаўняе наш розум і нашае сэрца, каб паяднацца з бліжнiмі" (Myśl Chiary Lubich w Collegamento z 2.września1982). Так будзе праяўляцца пастаянная і нястомная, настойлівая і бескарыслівая любоў, якая, у сваю чаргу, давяраецца вялiкай і магутнай любові Божай.

Гэтыя каштоўныя заўвагi могуць дапамагчы нам у гэтым месяцы жыць Словам Жыцця, каб мы сапраўды пачалі прыслухоўвацца да бліжняга, разумець яго да глыбінi, атаясамлiваючы сябе з тым, што ён перажывае і адчувае, падзяляць з ім ягоныя клопаты i радасцi:

„Для ўсіх я зрабіўся ўсім”

Аднак мы не можам разумець гэтага евангельскага закліку так, каб адмовіцца ад сваіх перакананняў, каб амаль без крытыкі прымаць якія-небудзь учынкi іншага чалавека альбо адмовiцца ад свайго разумення жыцця, ад сваіх уласных прынцыпаў. Калі мы любілі ажно так, што сталіся тым, iншым, калі сумесна набытыя каштоўнасцi былi дарам любові і стварылі нашыя шчырыя адносіны, тады можна і трэба выказаць сваю думку, нават калі гэта будзе балюча, аднак заўсёды трэба знаходзiцца ў паставе найглыбейшай любові. У той жа час гэта не ёсць прыкметаю слабасці або пошуку спакойнага і мірнага суіснавання, але ёсць ладам жыцця вольнага чалавека, які хоча служыць, а гэта патрабуе мужнасці і рашучасці.

Таксама важна памятаць пра мэту паяднання з iншымi.

Заклiк ап. Паўла, якім - як мы ўжо адзначылi раней - мы будзем жыць у гэтым месяцы, працягваецца так: "...каб уратаваць, прынамсі, некаторых". Павел апраўдвае сваё "паяднанне" жаданнем прынесці выратаванне. Бо гэта ёсць спосаб увайсці ў іншага чалавека так, каб у iм выявілася паўната праўды і дабра, якія ўжо жывуць у iм, але каб спаліць магчымыя заганы і закласці ў iм зерне Евангелля. Для самога апостала выкананне гэтага заклiку не мае анi абмежаванняў, анi ўмоваў. Ён не можа адступіцца ад яго, бо гэта даверана яму самім Богам. I павінна быць выканана "любой цаной", з фантазiяй, да якое здольная толькі любоў.

Такое стаўленне ёсць найважнейшым матывам нашага «паяднання». У палітыцы і гандлі таксама iснуе зацікаўленасць у тым, як наблізіцца да людзей, як увайсці ў іх думкі, зразумець іх патрэбы і намаганні, але там гэта заўсёды пошук прыбытку. Замест гэтага: "тое, што ўласціва для Божай дыпламатыі, магчыма, нават уласцiва толькі ёй, гэта тое, што яна кiруецца дабром для iншага, і таму яна вольная ад найменшага ценю эгаізму" (Dyplomacja, [w:] Chiara Lubich, Tylko jedno, Katowice: Księgarnia św. Jacka 1986, s. 67).

Такім чынам, "становячыся адным", каб дапамагаць кожнаму ўзрастаць у любові, мы, тым самым, будзем удзельнiчаць у рэалізацыi ўсеагульнага братэрства – аб якiм Бог марыць для чалавецтва, дзеля якога Езус аддаў сваё жыццё.

А. Фабiа К’ярдзi

Адноўлена 30.03.2015 16:53
 
© 2003-2024 Catholic.by