Слова Жыцця на верасень 2015 | Друк |

Прэзентацыя >>>

«Любі бліжняга твайго, як самога сябе» (Mк 12, 31).

Гэта адно са словаў Евангелля, якое патрабуе рэалiзацыi неадкладнай, «зараз жа». Яно такое яснае, празрыстае і такое настойлiвае што не патрабуе шмат каментароў. Каб лепш зразумець схаваную ў iм сілу, карысна было б прачытаць гэтую параду ў яе кантэксце.

Езус адказвае на пытанне таго, хто вывучаў Пісанне: Якая першая з усіх запаведзяў? Гэта была справа адкрытая, тым больш што ў пісаннях равінаў было сабрана 613 дазволаў i забаронаў, якія трэба было захоўваць.

Адзін з вялікіх настаўнікаў, якія жылі за некалькі гадоў перад тым, равін Шамай, адмовіўся сказаць, якая запаведзь з'яўляецца найбольш важнай. Іншыя, аднак, гэтак жа, як зрабіў i Езус, ужо паказвалi на цэнтральнае месца любові. Равін Хiлель, напрыклад, казаў: Не рабі бліжняму твайму таго, што непрыемна табе; у гэтым утрымлiваецца ўвесь закон. Астатняе гэта проста каментары.

Езус не толькі выказвае навучанне пра любоў як пра падмурак, але i ўказвае на гэта як на адну-адзiную запаведзь: любоў да Бога (Дрг 6, 4) і любоў да блiжняга (Лев 19, 18). Вось адказ, якi Ён дае на пытанне кніжніка: Першая [запаведзь] такая: Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш – Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсiм сэрцам тваiм, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя.

«Любі бліжняга твайго, як самога сябе»


Гэтая другая частка адзiнай запаведзі вынiкае з першай: з любовi да Бога. Бог так моцна зацiкаўлены ў кожным сваiм стварэннi, што дзеля таго, каб парадаваць Яго, каб на справе даказаць Яму любоў, якую мы да Яго адчуваем, няма лепшага спосабу, як толькi стацца выразам Ягонай любові да ўсіх. Гэтак жа, як бацькі шчаслівыя, калі яны бачаць, што дзеці жывуць у згодзе, адзiнстве, дапамагаюць адзін аднаму, падобна таму Бог якi для нас як бацька і маці – з задавальненнем бачыць, што мы любім кожнага блiжняга, як саміх сябе, спрыяючы, такім чынам, адзінству чалавечай сям'і.

На працягу стагоддзяў прарокі тлумачылі народу Ізраэля, што Бог хоча любові, а не ахвяры і целаспаленняў (Ос 6, 6). Сам Езус далучаецца да гэтага навучання, калі кажа: «Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: міласэрнасці хачу, а не ахвяры»» (Мц 9, 13). Як можна любіць Бога, якога не бачыш, калі не любiш свайго брата, якога бачыш (1Ян 4, 20)? Мы любім Яго, служым Яму, славiм Яго – у той самай меры, у якой мы любім, служым, шануем кожнага чалавека: сябра ці незнаёмага, таго, хто належыць да нашага народа ці да іншых народаў, асабліва «найменшых», найбольш патрабуючых.

Гэтае запрашэнне скiравана да хрысціян усіх часоў, каб ператварыць абрад у жыццё, каб выйсці з касцёлаў, дзе адаравалі, любілі, шанавалі Бога, і ісцi насустрач іншым, выконваючы тое, што зразумелі падчас малітвы і паяднання з Богам.

«Любі бліжняга твайго, як самога сябе»

Як жа нам жыць гэтым Божым загадам? Успомнім найперш, што ён з'яўляецца часткай непарыўнага дыптыху*, у якiм прадстаўлена любоў Бога. Трэба мець час, каб усвядомiць, чым ёсць любоў і як нам любiць, таму трэба вылучыць час на момант малітвы, «сузірання», дыялогу з Ім, і тады ад Бога, які ёсць Любоўю, мы гэтаму навучымся.

Мы не крадзем Божага часу, калі мы з нашым блiжнiм, наадварот, мы рыхтуемся да таго, каб любіць Яго ўсё больш і больш шчодра і правільна. І калi адразу пасля таго, як мы любiлi блiжнiх, мы вяртаемся да Бога, наша малітва стаецца больш дакладнай, больш праўдзiвай і ў ёй прысутнічаюць усе спатканыя намi перад тым людзі, якіх мы прыносiм цяпер да Яго.

Каб любіць бліжняга свайго, як самога сябе, трэба спазнаць яго так, як мы спазналi саміх сябе. Мы павінны дайсці да такое любові да бліжняга, якой ён сам прагне, а не да тае, якой мы хацелі б яго любiць. Цяпер, калі нашыя грамадствы становяцца ўсё больш шматнацыянальнымi праз людзей з самых розных частак свету, гэтае заданне становіцца яшчэ большым. Той, хто трапляе ў іншую краіну, павінен даведацца пра яе традыцыі і каштоўнасці, бо толькі ў гэтым выпадку можна зразумець і палюбіць яе жыхароў. Тое ж самае датычыць і людзей, якія прымаюць новых імігрантаў, часта дэзарыентаваных, не ведаючых мовы, маючых праблемы з адаптацыяй.

Існуюць адрозненні i ў сем'ях, i ў працоўным асяроддзі, і ў суседстве, нават у групах той самай культуры. Цi было б нам прыемна сустрэць чалавека, які прысвяціў бы нам свой час, каб выслухаць нас, дапамагчы нам падрыхтавацца да экзамену, знайсці працу, упарадкаваць свой дом? А, можа быць, гэты бліжнi мае падобныя патрэбы? Мы павінны быць у стане адчуць гэта, слухаючы яго, слухаючы яго шчыра, залазячы «ў ягоную скуру».

Але важнай ёсць i якасць любові. Апостал Павел у сваім знакамітым гімне любові ўзгадвае некаторыя з яе асаблівасцяў, якія добра цяпер нагадаць: любоў доўгацярплівая, прагне дабра для бліжняга, не зайздройсцiць, не прымае стаўлення перавагі, прымае блiжняга як важнейшага за сябе, хапае ў ёй павагi да іншых, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё зносiць (1 Кар 13, 4,7).

Колькі ёсць магчымасцяў, каб гэтым жыць, столькі ж ёсць адценняў любовi:

«Любі бліжняга твайго, як самога сябе»
    
Напрыканцы варта ўзгадаць, што агульнай нормай чалавечага жыцця з'яўляецца знакамітае «залатое правіла», якое мы знаходзім ва ўсіх рэлігіях і ў вялікіх знаўцаў духоўнага жыцця, а таксама ў «свецкай» духоўнасці. Кожны чалавек, звяртаючыся да ўласных культурных або рэлігійных традыцый, можа знайсцi падобныя стымулы да таго, каб любіць бліжняга свайго, каб дапамагчы сабе, каб нам добра было жыць разам: індусам і мусульманам, будыстам і паслядоўнікам традыцыйных рэлігій, хрысціянам і таксама мужчынам і жанчынам добрай волі.

Мы павінны працаваць разам, каб стварыць новы менталітэт, які шануе іншых, падкрэслiвае павагу да асобы, які абараняе этнічныя меншасцi, накiроўвае ўвагу да найбольш слабых, адсоўвае на другi план уласныя інтарэсы, каб аддаць першынство іншым.

Калі б мы ўсе сапраўды ўсведамлялi, што трэба любіць бліжняга, як самога сябе, настолькi, каб не рабіць іншым таго, чаго не хацелi б, каб нехта зрабіў нам, але рабіць тое, што б мы хацелi, каб iншыя зрабілi для нас, спынiлiся б войны, знікла б карупцыя, усеагульнае братэрства перастала б быць марай, а цывілізацыя любові хутка стала б рэальнасцю.
                                                                                                            
Фабiа К’ярдзi

*Дыптых - карціна або барэльеф, які складаецца з дзвюх частак, аб’яднаных агульнай рамаю; найчасцей гэта двухчастковыя раскладаныя алтарыкi ці надстаўкі на алтар.


Адноўлена 02.09.2015 12:15
 
© 2003-2024 Catholic.by