ЧАСТКА ДРУГАЯ - ЦЭЛЕБРАЦЫЯ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ТАЯМНІЦЫ | Друк |
Раздзел першы: Сакрамэнтальная эканомія

Глава першая: ПАСХАЛЬНАЯ ТАЯМНIЦА Ў ЧАСЕ КАСЦЁЛА
Літургія — справа Найсвяцейшай Тройцы
Пасхальная таямніца ў сакрамэнтах Касцёла
Глава другая: САКРАМЭНТАЛЬНАЯ ЦЭЛЕБРАЦЫЯ ПАСХАЛЬНАЙ ТАЯМНIЦЫ
Цэлебрацыя літургіі Касцёла
Хто цэлебруе?
Як цэлебраваць?
Калі цэлебраваць?
Дзе целебраваць?
Літургічная разнастайнасць і адзінства таямніцы
Раздзел другі: Сем сакрамэнтаў Касцёла

Сем сакрамэнтаў Касцёла

Глава першая: САКРАМЭНТЫ ХРЫСЦIЯНСКАГА ЎТАЯМНIЧАННЯ
Сакрамэнт хросту
Сакрамэнт канфірмацыі
Сакрамэнт Эўхарыстыі
Глава другая: САКРАМЭНТЫ АЗДАРАЎЛЕННЯ
Сакрамэнт пакаяння і паяднання
Сакрамэнт намашчэння хворых
Глава трэцяя: САКРАМЭНТЫ СЛУЖЭННЯ СУПОЛЬНАСЦI I МIСII
Сакрамэнт пасвячэння
Сакрамэнт сужэнства
Глава чацвёртая: ІНШЫЯ ЛТУРГIЧНЫЯ ЦЭЛЕБРАЦЫI
Сакрамэнталіі
Хрысціянскае пахаванне

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
САКРАМЭНТАЛЬНАЯ ЭКАНОМІЯ

218. Што такое літургія?
1066-1070
Літургія — гэта цэлебрацыя таямніцы Хрыста і, асабліва, Яго Пасхальнай таямніцы. У ёй праз святарскае служэнне Езуса Хрыста з дапамогай знакаў аб’яўляецца і здзяйсняецца асвячэнне людзей, а Містычным целам Хрыста, гэта значыць Галавой і членамі, ажыццяўляецца публічны культ, належны Богу.

219. Якое месца займае літургія ў жыцці Касцёла?
1071-1075
Літургія, як выключна святое дзеянне, з’яўляецца вяршыняй, да якой скіравана дзейнасць Касцёла, а таксама крыніцай, з якой выцякае яго жыццёвая моц. Праз літургію Хрыстус працягвае ў сваім Касцёле, з ім і праз яго, справу нашага адкуплення.

220. Што такое сакрамэнтальная эканомія?
1076
Сакрамэнтальная эканомія — гэта ўдзяленне пладоў Хрыстовага адкуплення праз цэлебрацыю сакрамэнтаў Касцёла, перадусім Эўхарыстыі, «пакуль Ён [Хрыстус] не прыйдзе» (1 Кар 11, 26).


ГЛАВА ПЕРШАЯ
ПАСХАЛЬНАЯ ТАЯМНІЦА Ў ЧАСЕ КАСЦЁЛА

ЛIТУРГIЯ — СПРАВА НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ

221. У якім сэнсе Бог Айцец з’яўляецца крыніцай і мэтай літургіі?
1077-1083
1110
Падчас літургіі Бог Айцец напаўняе нас сваімі благаслаўленнямі ва ўцелаўлёным Сыне, памерлым і ўваскрослым дзеля нас, і ўлівае ў нашыя сэрцы Духа Святога. Адначасова Касцёл благаслаўляе Айца ў пакланенні, праслаўленні і чынах падзякі і просіць аб дары Ягонага Сына і Духа Святога.

222. Што здзяйсняе Хрыстус у літургіі?
1084-1090
У літургіі Касцёла Хрыстус азначае і здзяйсняе, галоўным чынам, сваю Пасхальную таямніцу. Даючы Апосталам Духа Святога, Ён даручыў ім і іх наступнікам уладу ажыццяўляць справу збаўлення праз эўхарыстычную Ахвяру і сакрамэнты, у якіх Ён сам дзейнічае, каб удзяляць сваю ласку вернікам ва ўсе часы і ва ўсім свеце.

223. Як у літургіі дзейнічае Дух Святы адносна Касцёла?
1091-1109
1112
У літургіі адбываецца найбольш цеснае ўзаемадзеянне паміж Духам Святым і Касцёлам. Дух Святы падрыхтоўвае Касцёл да сустрэчы са сваім Панам; нагадвае пра Хрыста і аб’яўляе Яго супольнасці веры; ажыццяўляе і актуалізуе таямніцу Хрыста; яднае Касцёл з жыццём і місіяй Хрыста і чыніць так, каб у Касцёле дар еднасці прыносіў плён.


ПАСХАЛЬНАЯ ТАЯМНIЦА Ў САКРАМЭНТАХ КАСЦЁЛА

224. Што такое сакрамэнты і колькі іх?
1113-1131
Сакрамэнты — гэта бачныя і дзейсныя знакі ласкі, устаноўленыя Хрыстом і даручаныя Касцёлу, праз якія нам удзяляецца Божае жыццё. Іх сем: хрост, канфірмацыя, Эўхарыстыя, пакаянне, намашчэнне хворых, пасвячэнне, сужэнства.

225. Як сакрамэнты звязаныя з Хрыстом?
1114-1116
Таямніцы жыцця Хрыста — аснова таго, што Хрыстус праз распарадчыкаў Касцёла ўдзяляе цяпер у сакрамэнтах.

«Тое, што было бачным у нашым Збаўцы, перайшло ў Яго сакрамэнты» (св. Леў Вялікі).


226. Якая сувязь сакрамэнтаў з Касцёлам?
1117-1119
Хрыстус даручыў сакрамэнты свайму Касцёлу. Яны «касцёльныя» ў падвойным сэнсе: «праз Касцёл», паколькі з’яўляюцца дзеяннем Касцёла, які сам ёсць сакрамэнтам дзеяння Хрыста; і «для Касцёла», таму што будуюць Касцёл.

227. Што такое сакрамэнтальны характар?
1121
Гэта духоўная пячаць, якую пакідаюць сакрамэнты хросту, канфірмацыі і пасвячэння, з’яўляецца абяцаннем і гарантыяй Божай апекі. Праз гэтую пячаць хрысціянін прыпадабняецца да Хрыста, розным чынам удзельнічае ў Яго святарстве і ўваходзіць у супольнасць Касцёла паводле свайго стану і выконваемых функцый. Такім чынам хрысціянін пакліканы да Божага культу і да служэння Касцёлу. Паколькі гэтая пячаць (характар) незнішчальная, то сакрамэнты, якія яе пакідаюць, удзяляюцца толькі адзін раз у жыцці.

228. Якая сувязь сакрамэнтаў з верай?
1122-1126
1133
Сакрамэнты не толькі прадугледжваюць веру, але насычаюць, умацоўваюць і выяўляюць яе словамі і абрадавымі элементамі. Цэлебруючы сакрамэнты, Касцёл вызнае веру, атрыманую ад Апосталаў. Гэта вынікае са старажытнага выказвання: «Lex orandi, lex credendi», гэта значыць, Касцёл верыць так, як моліцца.

229. Чаму сакрамэнты з’яўляюцца плённымі?
1127-1128
1131
Сакрамэнты з’яўляюцца плённымі ex opere operato («праз сам факт здзяйснення сакрамэнтальнага дзеяння»), бо гэта Хрыстус дзейнічае ў іх і ўдзяляе ласку, якую яны перадаюць незалежна ад асабістай святасці распарадчыка. Але плён сакрамэнтаў залежыць таксама ад падрыхтаванасці таго, хто іх прымае.

230. Чаму сакрамэнты неабходныя для збаўлення?
1129
Для веруючых у Хрыста сакрамэнты неабходныя для збаўлення — нават, калі не ўсе яны ўдзяляюцца паасобным вернікам, — бо даюць сакрамэнтальныя ласкі, прабачэнне грахоў, Божае ўсынаўленне, прыпадабненне да Хрыста Пана і прыналежнасць да Касцёла. Дух Святы аздараўляе і перамяняе тых, хто іх прымае.

231. Што такое сакрамэнтальная ласка?
1129, 1131
1134, 2003
Сакрамэнтальная ласка — гэта ласка Духа Святога, дадзеная Хрыстом і ўласцівая кожнаму сакрамэнту. Гэтая ласка дапамагае верніку на яго шляху да святасці, а праз гэта дапамагае таксама Касцёлу ўзрастаць у любові і сведчанні.

232. Якая сувязь існуе паміж сакрамэнтамі і вечным жыццём?
1130
У сакрамэнтах Касцёл атрымлівае задатак вечнага жыцця, «чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага, Езуса Хрыста» (Ціт 2, 13).


ГЛАВА ДРУГАЯ
САКРАМЭНТАЛЬНАЯ ЦЭЛЕБРАЦЫЯ
ПАСХАЛЬНАЙ ТАЯМНІЦЫ

ЦЭЛЕБРАЦЫЯ ЛIТУРГII КАСЦЁЛА

Хто цэлебруе?

233. Хто дзейнічае падчас літургіі?
1135-1137
1187
У літургіі дзейнічае «ўвесь Хрыстус» («Christus totus»), Галава і цела. Як Найвышэйшы Святар Ён цэлебруе яе разам са сваім целам, якім ёсць нябесны і зямны Касцёл.

234. Хто цэлебруе нябесную літургію?
1138-1139
Нябесную літургію цэлебруюць анёлы, святыя Старога і Новага Запавету, а менавіта Маці Божая, Апосталы, мучанікі і «вялікі натоўп, якога ніхто» не можа падлічыць, «з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў» (Ап 7, 9). Калі мы ў сакрамэнтах цэлебруем таямніцу збаўлення, то ўдзельнічаем у гэтай вечнай літургіі.

235. Як Касцёл на зямлі цэлебруе літургію?
1140-1144
1188
Касцёл як народ святарскі цэлебруе на зямлі літургію, у якой кожны ўдзельнічае згодна са сваёй функцыяй, у еднасці Духа Святога: ахрышчаныя складаюць духоўную ахвяру; пасвячаныя распарадчыкі здзяйсняюць цэлебрацыю паводле атрыманага пасвячэння дзеля служэння ўсім членам Касцёла; біскупы і прэзбітэры дзейнічаюць у асобе Хрыста-Галавы.


Як цэлебраваць?

236. Як цэлебруецца літургія?
1145
Цэлебрацыя літургіі складаецца са знакаў і сімвалаў, значэнне якіх замацавана ў справе стварэння і ў чалавечай культуры, удакладняецца ў падзеях Старога Запавету і цалкам адкрываецца ў асобе і справе Хрыста.

237. Адкуль паходзяць сакрамэнтальныя знакі?
1146-1152
1189
Некаторыя паходзяць ад створаных рэчаў (святло, вада, агонь, хлеб, віно, алей); іншыя ўзятыя з грамадскага жыцця (абмыванне, памазанне, ламанне хлеба); яшчэ іншыя — з гісторыі збаўлення Старога Запавету (абрады Пасхі, ахвярапрынашэнні, ускладанне рук, кансэкрацыі). Гэтыя атрыманыя ад Хрыста знакі, некаторыя з якіх нарматыўныя і нязменныя, становяцца носьбітамі дзеянняў збаўлення і асвячэння.

238. Якая існуе сувязь паміж дзеяннямі і словамі падчас сакрамэнтальных цэлебрацый?
1153-1155
1190
У сакрамэнтальных цэлебрацыях дзеянні і словы цесна звязаныя. На самай справе, нават калі сімвалічныя дзеянні ўжо самі па сабе прамаўляюць, усё ж неабходна, каб словы абраду суправаджалі і ажыўлялі гэтыя дзеянні. Літургічныя словы і дзеянні непадзельныя як знакі і навучанне ў здзяйсненні таго, што яны азначаюць.

239. Паводле якіх крытэрыяў спеў і музыка выконваюць сваю функцыю ў літургічнай цэлебрацыі?
1156-1158
1191
Паколькі спеў і музыка цесна звязаныя з літургічнымі дзеяннямі, яны павінны прытрымлівацца наступных крытэрыяў: адпаведнасць каталіцкай дактрыне тэкстаў, браць якія трэба пераважна са Святога Пісання і літургічных крыніц; выразная прыгажосць малітвы; якасць музыкі; удзел супольнасці; выкарыстанне культурнага багацця Божага народу; захаванне сакральнага і ўрачыстага характару цэлебрацыі. «Хто спявае — моліцца двойчы» (св. Аўгустын).

240. Навошта патрэбны святыя абразы?
1159-1161
1192
Выява Хрыста — гэта найлепшы літургічны абраз. Іншыя, якія прадстаўляюць Божую Маці і святых, сімвалізуюць Хрыста, праслаўленага імі. Яны абвяшчаюць тое самае евангельскае пасланне, якое Святое Пісанне перадае праз слова, і дапамагаюць абудзіць і ўмацаваць веру вернікаў.


Калі цэлебраваць?

241. Што з’яўляецца цэнтрам літургічнага часу?
1163-1167
1193
Цэнтрам літургічнага часу з’яўляецца нядзеля — падмурак і ядро ўсяго літургічнага года, вяршыняй якога ёсць штогадовы Вялікдзень, свята святаў.

242. Якая функцыя літургічнага года?
1168-1173
1194-1195
На працягу літургічнага года Касцёл цэлебруе ўсю таямніцу Хрыста, ад уцелаўлення да Яго хвалебнага прыйсця. Ва ўстаноўленыя дні Касцёл з асаблівай любоўю ўшаноўвае благаслаўлёную Марыю, Божую Маці, і ўспамінае святых, якія жылі дзеля Хрыста, з Ім пакутавалі і з Ім праслаўленыя.

243. Што такое Літургія гадзінаў?
1174-1178
1196
Літургія гадзінаў — публічная і супольная малітва Касцёла — гэта малітва Хрыста і Яго цела, Касцёла. Праз яе таямніца Хрыста, якую мы цэлебруем у Эўхарыстыі, асвячае і перамяняе час кожнага дня. Літургія гадзінаў складаецца ў асноўным з псальмаў і іншых біблійных тэкстаў, а таксама з чытання твораў Айцоў Касцёла і настаўнікаў духоўнага жыцця.


Дзе целебраваць?

244. Ці патрэбны Касцёлу месцы для цэлебрацыі літургіі?
1179-1181
1197-1198
Культ у «духу і праўдзе» (Ян 4, 24) Новага Запавету не звязаны з нейкім выключным месцам, бо Хрыстус з’яўляецца сапраўднай святыняй Бога, дзякуючы гэтаму хрысціяне і ўвесь Касцёл пад дзеяннем Духа Святога становяцца святынямі жывога Бога. Тым не менш, Божаму народу, у яго зямным існаванні, патрэбныя месцы, у якіх супольнасць можа збірацца для цэлебрацыі літургіі.

245. Што такое святыня?
1181
1198-1999
Гэта дом Бога, сімвал Касцёла, які жыве ў гэтым месцы, а таксама сімвал нябеснага жылля. Гэта месца малітвы, у якім Касцёл цэлебруе перадусім Эўхарыстыю і пакланяецца Хрысту, які рэальна прысутнічае ў табэрнакулюме.

246. Якія месцы ў святыні з’яўляюцца прывілеяванымі?
1182-1186
Гэта алтар, табэрнакулюм, месца для захоўвання святога хрызма і іншых святых алеяў, пасад (катэдра) біскупа ці прэзбітэра, амбона, хрысцільня, канфесіянал.


ЛIТУРГIЧНАЯ РАЗНАСТАЙНАСЦЬ
I АДЗIНСТВА ТАЯМНIЦЫ

247. Чаму адзіная таямніца Хрыста цэлебруецца Касцёлам паводле розных літургічных традыцый?
1200-1204
1207-1209
Бязмежнае багацце таямніцы Хрыста не можа быць вычарпана ніводнай літургічнай традыцыяй. Вось чаму з самага пачатку гэтае багацце знаходзіла адлюстраванне ў розных народаў і ў розных культурах у формах, якія адзначаюцца дзівоснай разнастайнасцю і ўзаемадапаўняльнасцю.

248. Які крытэрый запэўнівае адзінства ў разнастайнасці?
1209
Гэта вернасць Апостальскай Традыцыі, а менавіта, еднасць веры і сакрамэнтаў, атрыманых ад Апосталаў, якая адзначаецца і гарантуецца апостальскай сукцэсіяй. Касцёл з’яўляецца каталіцкім, таму можа спалучаць у сваім адзінстве сапраўдныя культурныя багацці.

249. Ці ўсё ў літургіі з’яўляецца нязменным?
1205-1206
У літургіі, асабліва што датычыць сакрамэнтаў, існуюць нязменныя — з увагі на Божае ўстанаўленне — элементы, якія Касцёл верна захоўвае. Але існуюць яшчэ і зменныя элементы, якія ён мае ўладу, а часам нават абавязаны, дастасоўваць да культур розных народаў.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
СЕМ САКРАМЭНТАЎ КАСЦЁЛА

Сем сакрамэнтаў Касцёла
Хрост
Канфірмацыя
Эўхарыстыя
Пакаянне
Намашчэнне хворых
Пасвячэнне
Сужэнства

Septem Ecclesiae Sacramenta
Baptísmum
Confirmátio
Eucharístia,
Paeniténtia,
Únctio infirmórum
Ordo
Matrimónium.

250. Які існуе падзел сакрамэнтаў Касцёла?
1210-1211
Яны дзеляцца на сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання (хрост, канфірмацыя і Эўхарыстыя); сакрамэнты аздараўлення (пакаянне і намашчэнне хворых); сакрамэнты служэння супольнасці і місіі (пасвячэнне і сужэнства). Яны ахопліваюць важныя моманты хрысціянскага жыцця. Усе сакрамэнты скіраваныя да Эўхарыстыі «як да сваёй канчатковай мэты» (св. Тамаш Аквінскі).


ГЛАВА ПЕРШАЯ
САКРАМЭНТЫ ХРЫСЦІЯНСКАГА ЎТАЯМНІЧАННЯ

251. Як адбываецца хрысціянскае ўтаямнічанне?
1212
1275
Яно адбываецца праз сакрамэнты, якія закладваюць падмуркі хрысціянскага жыцця: вернікі нанова нараджаюцца праз хрост, умацоўваюцца канфірмацыяй і жывяцца Эўхарыстыяй.

САКРАМЭНТ ХРОСТУ

252. Якія назвы мае першы сакрамэнт ўтаямнічання?
1213-1216
1276-1277
Мае перш за ўсё назву хрост з прычыны галоўнага абраду цэлебрацыі: «хрысціць» азначае «акунаць у ваду». Ахрышчаны акунаецца ў смерць Хрыста і адраджаецца з Ім як «новае стварэнне» (2 Кар 5, 17). Гэты сакрамэнт называецца таксама купеллю «адраджэння і аднаўлення Духам Святым» (Ціт 3, 5) і «асвячэннем», бо ахрышчаны становіцца «дзіцём святла» (Эф 5, 8).

253. Як прадказваўся хрост у Старым Запавеце?
1217-1222
У Старым Запавеце сустракаюцца розныя правобразы хросту: вада — крыніца жыцця і смерці; каўчэг Ноя, які ратуе праз ваду; пераход праз Чырвонае мора, які вызваляе Ізраэль з егіпецкай няволі; пераправа праз Ярдан, якая ўводзіць Ізраэль у абяцаную зямлю, вобраз вечнага жыцця.

254. Хто здзейсніў гэтыя правобразы?
1223-1224
Езус Хрыстус. Напачатку сваёй публічнай дзейнасці Ён быў ахрышчаны Янам Хрысціцелем у Ярдане; на крыжы з Яго прабітага боку выцеклі кроў і вада, якія з’яўляюцца знакамі хросту і Эўхарыстыі; пасля свайго ўваскрасення Езус даручае Апосталам місію: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19).

255. З якога часу і каму Касцёл удзяляе хрост?
1226-1228
З дня Пяцідзесятніцы Касцёл удзяляе хрост тым, хто верыць у Езуса Хрыста.

256. Які галоўны абрад хросту?
1229-1245
1278
Галоўны абрад гэтага сакрамэнту — акунанне ў ваду кандыдата або паліванне яго галавы вадой з адначасовым закліканнем імя Айца і Сына, і Духа Святога.

257. Хто можа атрымаць хрост?
1246-1252
Хрост можа атрымаць кожны яшчэ не ахрышчаны чалавек.

258. Чаму Касцёл хрысціць дзяцей?
1250
Нараджаючыся з першародным грахом, дзеці маюць патрэбу ў вызваленні з моцы злога духа і перанясення ў валадарства свабоды дзяцей Божых.

259. Што патрабуецца ад ахрышчанага?
1253-1255
Ад кожнага, хто прымае хрост, патрабуецца вызнанне веры, выказанае асабіста, калі гэта дарослы, або бацькамі і Касцёлам, калі гэта дзіця. Таксама хросны бацька або хросная маці і ўся супольнасць Касцёла часткова нясуць адказнасць за падрыхтоўку да хросту (катэхумэнат), а таксама за ўзрастанне ў веры і ласцы хросту.

260. Хто можа хрысціць?
1256
1284
Звычайнымі распарадчыкамі хросту з’яўляюцца біскуп і прэзбітэр; у Лацінскім Касцёле — таксама дыякан. У выпадку неабходнасці хрысціць можа кожны, галоўнае, каб у яго быў намер здзейсніць тое, што здзяйсняе Касцёл. Той, хто хрысціць, палівае вадой галаву кандыдата і вымаўляе трынітарную формулу хросту: «Я цябе хрышчу ў імя Айца і Сына, і Духа Святога».

261. Ці хрост неабходны для збаўлення?
1257
Хрост неабходны для збаўлення тым, каму было абвешчана Евангелле і хто мае магчымасць прасіць аб гэтым сакрамэнце.

262. Ці магчыма збаўленне без хросту?
1258-1261
1281-1283
Паколькі Хрыстус памёр дзеля збаўлення ўсіх, могуць быць збаўленыя нават без хросту тыя, хто памірае за веру (хрост крывёю), і катэхумэны, а таксама ўсе, хто пад дзеяннем ласкі, не ведаючы Хрыста і Касцёла, шчыра шукае Бога і імкнецца выконваць Ягоную волю (хрост жадання). Што датычыць дзяцей, якія памерлі без хросту, Касцёл у сваёй літургіі даручае іх Божай міласэрнасці.

263. Які плён хросту?
1262-1274
1279-1280
Хрост адпускае першародны грэх, усе асабістыя грахі і кары за грэх; праз асвячальную ласку — ласку апраўдання — дае ўдзел у трынітарным боскім жыцці, далучаючы да Хрыста і Яго Касцёла; дае ўдзел у святарстве Хрыста і з’яўляецца падставай супольнасці ўсіх хрысціянаў; адорвае тэалагальнымі цнотамі і дарамі Духа Святога. Ахрышчаны назаўсёды належыць Хрысту: пазначаецца незнішчальнай пячаццю Хрыста (характарам).

264. Якое значэнне мае хрысціянскае імя, атрыманае падчас хросту?
2156-2159
2167
Імя важнае, бо кожнага Бог ведае па імені, гэта значыць, у яго выключнасці. Падчас хросту хрысціянін атрымлівае ў Касцёле ўласнае імя, пераважна імя якога-небудзь святога, які з’яўляецца для ахрышчанага ўзорам святасці і заступніцтва перад Богам.


САКРАМЭНТ КАНФIРМАЦЫI

265. Якое месца займае канфірмацыя ў Божым плане збаўлення?
1285-1288
1315
У Старым Запавеце прарокі абвясцілі, што Дух Пана будзе ўдзелены чаканаму Месіі і ўсяму месіянскаму народу. Усё жыццё і місія Езуса праходзіць у поўнай еднасці з Духам Святым. Апосталы атрымліваюць Духа Святога ў дзень Пяцідзесятніцы і абвяшчаюць «вялікія справы Божыя» (Дз 2, 11). Яны перадаюць новаахрышчаным праз ускладанне рук дар самога Духа. На працягу стагоддзяў Касцёл працягвае жыць Духам Святым і перадае Яго сваім дзецям.

266. Чаму гэты сакрамэнт называецца хрызмаваннем або канфірмацыяй?
1289
Называецца хрызмаваннем (ва Усходніх Касцёлах — памазаннем святым мірам, мірапамазаннем) з прычыны галоўнага абраду — памазання. Называецца канфірмацыяй, бо пацвярджае і ўмацоўвае ласку хросту.

267. Які галоўны абрад канфірмацыі?
1290-1301
1318
1320-1321
Галоўны абрад канфірмацыі — намашчэнне святым хрызмам (алеем, змяшаным з бальзамам і асвячаным біскупам), якое адбываецца праз ускладанне рукі распарадчыка, які вымаўляе сакрамэнтальныя словы адпаведна абраду. На Захадзе здзяйсняецца памазанне чала ахрышчанага са словамі: «Прымі знак Дару Духа Святога». Ва Усходніх Касцёлах візантыйскага абраду адбываецца таксама памазанне іншых частак цела з вымаўленнем формулы: «Пячаць Дару Духа Святога».

268. Які плён канфірмацыі?
1302-1305
1316-1317
Плёнам канфірмацыі ёсць асаблівае ўдзяленне Духа Святога, такое, як у дзень Пяцідзесятніцы. Яно пакідае ў душы незнішчальны характар (пячаць) і дае ўзрастанне ласкі хросту: больш глыбока ўкараняе ў Божым усынаўленні; больш цесна яднае з Хрыстом і Ягоным Касцёлам; умацоўвае ў душы дары Духа Святога; адорвае асаблівай моцай для сведчання аб хрысціянскай веры.

269. Хто можа прыняць гэты сакрамэнт?
1306-1311
1319
Яго можа і павінен прыняць — толькі адзін раз — кожны ахрышчаны, які, дзеля большай плённасці сакрамэнту, павінен быць у стане ласкі.

270. Хто з’яўляецца распарадчыкам канфірмацыі?
1312-1314
Першым распарадчыкам з’яўляецца біскуп. Такім чынам выяўляецца сувязь канфірмаванага з Касцёлам у яго апостальскім вымярэнні. Калі гэты сакрамэнт удзяляе прэзбітэр, што звычайна мае месца на Усходзе і ў асаблівых выпадках — на Захадзе, сувязь з біскупам і Касцёлам выяўляецца праз прэзбітэра, супрацоўніка біскупа, і праз святое хрызма, асвячанае біскупам.


САКРАМЭНТ ЭЎХАРЫСТЫI

271. Што такое Эўхарыстыя?
1322-1323
1409
Гэта ахвяра Цела і Крыві Пана Езуса, якую Ён устанавіў, каб увекавечыць ажно да свайго прыйсця ахвяру Крыжа, даручаючы такім чынам Касцёлу ўспамін сваёй смерці і ўваскрасення. Гэта знак адзінства, повязь любові, пасхальная гасціна, на якой мы прымаем Хрыста, напаўняем душу ласкай і атрымліваем задатак вечнага жыцця.

272. Калі Езус Хрыстус устанавіў Эўхарыстыю?
1323
1337-1340
Езус устанавіў яе ў Вялікі чацвер, у «ноч, калі быў выданы» (1 Кар 11, 23), у той час, калі цэлебраваў са сваімі Апосталамі Апошнюю Вячэру.

273. Якім чынам яе ўстанавіў?
1337-1340
1365, 1406
Езус, пасля таго як сабраў сваіх Апосталаў на Апошняй Вячэры, узяў у свае рукі хлеб, ламаў і даваў ім, кажучы: «Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана». Затым узяў у рукі келіх з віном і сказаў ім: «Бярыце і піце з яго ўсе, бо гэта ёсць келіх Крыві Маёй новага і вечнага запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў. Гэта чыніце на Маю памяць».

274. Чым ёсць Эўхарыстыя ў жыцці Касцёла?
1324-1327
1407
Гэта крыніца і вяршыня ўсяго хрысціянскага жыцця. Падчас Эўхарыстыі асвячальная справа Бога адносна нас і наш культ адносна Яго дасягаюць сваёй вяршыні. Эўхарыстыя змяшчае ў сабе ўсё духоўнае дабро Касцёла: самога Хрыста — нашу Пасху. Еднасць Божага жыцця і адзінства Божага народу выражаюцца і здзяйсняюцца ў ёй. Праз цэлебрацыю Эўхарыстыі мы ўжо цяпер яднаемся з нябеснай літургіяй і маем прадчуванне вечнага жыцця.

275. Як называецца гэты сакрамэнт?
1328-1332
Бясконцае багацце гэтага сакрамэнту выражаецца словамі, якія закранаюць яго асаблівыя аспекты. Найчасцей ужываюцца наступныя выразы: Эўхарыстыя; святая Імша; Вячэра Пана; ламанне хлеба; эўхарыстычная цэлебрацыя; успамін мукі, смерці і ўваскрасення Пана; святая Ахвяра; святая і Божая Літургія; святая таямніца; Найсвяцейшы Сакрамэнт алтара; святая Камунія.

276. Якое месца Эўхарыстыі ў Божым плане збаўлення?
1333-1344
У Старым Запавеце Эўхарыстыя прадказана перадусім у штогадовай пасхальнай вячэры, падчас якой габрэі кожны год спажывалі прэсны хлеб на ўспамін раптоўнага і вызваленчага выйсця з Егіпта. Езус абвяшчае яе ў сваім навучанні і ўстанаўлівае яе, калі цэлебруе са сваімі Апосталамі Апошнюю Вячэру падчас пасхальнай гасціны. Касцёл, верны наказу Пана: «Гэта чыніце на Маю памяць» (1 Кар 11, 24), заўсёды цэлебраваў Эўхарыстыю, асабліва ў нядзелю, дзень уваскрасення Езуса.

277. Як цэлебруецца Эўхарыстыя?
1345-1355
1408
Цэлебрацыя Эўхарыстыі складаецца з дзвюх вялікіх частак, якія ствараюць адзіны акт культу: літургіі слова, якая змяшчае ў сабе абвяшчэнне і слуханне Божага слова; эўхарыстычнай літургіі, якая ўключае прыгатаванне хлеба і віна, эўхарыстычную малітву (г.зн. анафару) са словамі кансэкрацыі і Камунію.

278. Хто з’яўляецца распарадчыкам цэлебрацыі Эўхарыстыі?
1348
1411
Распарадчыкам з’яўляецца святар (біскуп або прэзбітэр), які атрымаў сапраўднае пасвячэнне і дзейнічае ў асобе Хрыста-Галавы і ад імя Касцёла.

279. Якія істотныя і неабходныя элементы здзяйснення Эўхарыстыі?
1412
Гэта пшанічны хлеб і вінаграднае віно.

280. У якім сэнсе Эўхарыстыя з’яўляецца ўспамінам ахвяры Хрыста?
1362-1367
Эўхарыстыя з’яўляецца ўспамінам, таму што выяўляе і здзяйсняе ахвяру, якую Хрыстус прынёс Айцу аднойчы за ўсіх на крыжы дзеля чалавецтва. Ахвярны характар Эўхарыстыі раскрываецца ў саміх словах устанаўлення: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана» і «Гэты келіх ёсць новым запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта» (Лк 22, 19-20). Ахвяра крыжа і ахвяра Эўхарыстыі — гэта адна ахвяра. Адным з’яўляюцца ахвяра і ахвярадаўца, рознымі з’яўляюцца толькі спосабы ахвярапрынашэння: крывавы — на крыжы, некрывавы — у Эўхарыстыі.

281. Якім чынам Касцёл удзельнічае ў эўхарыстычнай Ахвяры?
1368-1372
1414
У Эўхарыстыі ахвяра Хрыста становіцца таксама ахвярай членаў Ягонага цела. Жыццё вернікаў, іх ахвяра, іхнія праслаўленні, іх пакуты, малітва і праца злучаныя з Хрыстом. Паколькі Эўхарыстыя з’яўляецца ахвярай, яна ахвяруецца за ўсіх жывых і памерлых вернікаў як кампенсацыя за грахі ўсіх людзей, а таксама дзеля атрымання ад Бога духоўных і зямных дабротаў. Нябесны Касцёл таксама яднаецца з ахвярай Хрыста.

282. Якім чынам Езус прысутнічае ў Эўхарыстыі?
1373-1375
1413
Езус Хрыстус прысутнічае ў Эўхарыстыі выключным і непараўнальным чынам. Ён насамрэч прысутны праўдзіва, рэальна і субстанцыяльна: са сваім Целам і сваёй Крывёю, са сваёй Душой і Боскасцю. У Эўхарыстыі сакрамэнтальна, гэта значыць у эўхарыстычных постацях хлеба і віна, прысутнічае ўвесь Хрыстус: Бог і Чалавек.

283. Што азначае пераўтварэнне?
1376-1377
1413
Пераўтварэнне азначае перамену ўсёй субстанцыі хлеба ў субстанцыю Цела Хрыста і ўсёй субстанцыі віна ў субстанцыю Ягонай Крыві. Гэтае пераўтварэнне здзяйсняецца падчас эўхарыстычнай малітвы праз дзейснасць слоў Хрыста і дзеянне Духа Святога. Аднак, характэрныя рысы хлеба і віна, гэта значыць «эўхарыстычных постацяў», застаюцца нязменнымі.

284. Ці ламанне хлеба падзяляе Хрыста?
1377
Ламанне хлеба не падзяляе Хрыста: Ён прысутнічае ўвесь і цалкам у кожнай эўхарыстычнай постаці і ў кожнай яе частцы.

285. Як доўга працягваецца эўхарыстычная прысутнасць Хрыста?
1377
Яна працягваецца да таго часу, пакуль існуюць эўхарыстычныя постаці.

286. Які культ належыць сакрамэнту Эўхарыстыі?
1378-1381
1418
Гэта павінен быць культ latria — пакланення, які належыць аднаму толькі Богу як падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі, так і па-за ёй. Касцёл з найбольшай стараннасцю захоўвае кансэкраваную Гостыю, заносіць яе хворым і іншым асобам, пазбаўленым магчымасці ўдзельнічаць у святой Імшы, выстаўляе яе вернікам для ўрачыстай адарацыі, нясе яе ў працэсіі і заахвочвае да частага наведвання і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, які захоўваецца ў табэрнакулюме.

287. Чаму Эўхарыстыя з’яўляецца пасхальнай гасцінай?
1382-1384
1391-1396
Эўхарыстыя з’яўляецца пасхальнай гасцінай, бо Хрыстус, здзяйсняючы сакрамэнтальна сваю Пасху, дае нам сваё Цела і сваю Кроў як ежу і напой, яднае нас з сабою і паміж сабою ў сваёй ахвяры.

288. Што такое алтар?
1383
1410
Алтар — гэта сімвал самога Хрыста, які прысутнічае як ахвяра (алтар — ахвяра Крыжа) і як нябесная ежа, якую Ён дае нам (алтар — эўхарыстычны стол).

289. Калі Касцёл абавязвае ўдзельнічаць у святой Імшы?
1389
1417
Касцёл абавязвае вернікаў удзельнічаць у святой Імшы кожную нядзелю і ў абавязковыя святы, рэкамендуе таксама ўдзельнічаць у ёй і ў іншыя дні.

290. Калі належыць прымаць святую Камунію?
1389
Вернікам, якія ўдзельнічаюць у святой Імшы, Касцёл рэкамендуе таксама прымаць з належнай падрыхтоўкай святую Камунію, прадпісваючы рабіць гэта прынамсі на Пасху.

291. Што патрабуецца для прыняцця святой Камуніі?
1385-1389
1415
Каб прыняць святую Камунію, неабходна быць цалкам далучаным да каталіцкага Касцёла і быць у стане ласкі, гэта значыць не мець на сумленні смяротнага граху. Той, хто ўсведамляе, што ўчыніў цяжкі грэх, павінен прыступіць да сакрамэнту паяднання перад тым, як будзе прымаць святую Камунію. Важнымі з’яўляюцца таксама дух засяроджанасці і малітвы, захаванне прадпісанага Касцёлам посту і пастаў цела (жэсты, адзенне), што з’яўляецца знакам павагі да Хрыста.

292. Які плён святой Камуніі?
1391-1397
1416
Святая Камунія ўмацоўвае нашую лучнасць з Хрыстом і Яго Касцёлам, ахоўвае і аднаўляе жыццё ў ласцы, атрыманае падчас хросту і канфірмацыі, дазваляе нам узрастаць у любові да бліжняга. Узмацняючы нас у любові, знішчае лёгкія грахі і захоўвае нас ад смяротных грахоў у будучыні.

293. Калі можна ўдзяляць святую Камунію іншым хрысціянам?
1398-1401
Каталіцкія распарадчыкі маюць права ўдзяляць святую Камунію членам Усходніх Касцёлаў, якія не маюць поўнай еднасці з каталіцкім Касцёлам, калі тыя дабравольна просяць аб ёй і адпаведна да яе падрыхтаваныя.
Што датычыць членаў іншых касцёльных супольнасцяў, то каталіцкія распарадчыкі могуць правамоцна ўдзяляць святую Камунію вернікам, калі яны пры наяўнасці сур’ёзнай неабходнасці просяць аб ёй, адпаведна падрыхтаваныя да яе і вызнаюць каталіцкую веру адносна гэтага сакрамэнту.

294. Чаму Эўхарыстыя — гэта «задатак будучай хвалы»?
1402-1405
Кожнага з нас Эўхарыстыя напаўняе ласкай і благаслаўленнем неба, узмацняе ў пілігрымаванні па зямным жыцці і абуджае прагу вечнага жыцця, яднае ўжо цяпер з Хрыстом, які сядзіць праваруч Айца, з нябесным Касцёлам, з благаслаўлёнай Дзевай і з усімі святымі.

У Эўхарыстыі мы ламаем «адзін хлеб, які ёсць ежай несмяротнасці, лекам, каб мы не памерлі, але жылі ў Езусе Хрысце назаўсёды» (св. Ігнацый з Антыёхіі).


ГЛАВА ДРУГАЯ
САКРАМЭНТЫ АЗДАРАЎЛЕННЯ

295. Навошта Хрыстус устанавіў сакрамэнты пакаяння і намашчэння хворых?
1420-1421
1426
Хрыстус, лекар душы і цела, устанавіў іх, бо новае жыццё, якое Ён нам дае ў сакрамэнтах хрысціянскага ўтаямнічання, можа быць аслаблена і нават згублена з прычыны граху. Таму Хрыстус пажадаў, каб Яго справу аздараўлення і збаўлення Касцёл працягваў праз гэтыя два сакрамэнты.


САКРАМЭНТ ПАКАЯННЯ I ПАЯДНАННЯ

296. Як называецца гэты сакрамэнт?
1422-1424
Ён называецца сакрамэнтам пакаяння, паяднання, прабачэння, споведзі, навяртання.

297. Навошта існуе сакрамэнт паяднання пасля хросту?
1425-1426
1484
Новае жыццё ў ласцы, атрыманае падчас хросту, не знішчае слабасці чалавечай натуры і яе схільнасці да граху (г. зн. пажадлівасці). Хрыстус устанавіў гэты сакрамэнт для навяртання ахрышчаных, якія аддаліліся ад Яго праз грэх.

298. Калі быў устаноўлены гэты сакрамэнт?
1485
Уваскрослы Пан устанавіў гэты сакрамэнт, калі вечарам у дзень Пасхі аб’явіўся сваім Апосталам і сказаў ім: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя, на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 22–23).

299. Ці ахрышчаныя патрабуюць навяртання?
1427-1429
Заклік Хрыста да навяртання пастаянна гучыць у жыцці ахрышчаных. Навяртанне — гэта пастаянны абавязак усяго Касцёла, які з’яўляецца святым, але прымае ў сваё ўлонне грэшнікаў.

300. Што такое ўнутранае пакаянне?
1430-1433
1490
Гэта актыўнасць «скрушанага сэрца» (Пс 51 [50], 19), ажыўленага Божай ласкай для адказу на міласэрную любоў Бога. Уключае жаль і агіду ад учыненых грахоў, цвёрды намер не грашыць больш у будучыні і веру ў Божую дапамогу. Жывіцца надзеяй на Божую міласэрнасць.

301. У якіх формах выражаецца пакаянне ў хрысціянскім жыцці?
1434-1439
Пакаянне выражаецца ў шматлікіх формах, асабліва праз пост, малітву, міласціну. Гэтыя і іншыя шматлікія формы пакаяння могуць практыкавацца ў штодзённым жыцці хрысціяніна, перадусім у перыяд Вялікага посту і ў дзень пакаяння — пятніцу.

302. Якія галоўныя элементы сакрамэнту паяднання?
1440-1449
Іх два: чыны чалавека, які навяртаецца пад дзеяннем Духа Святога, і адпушчэнне грахоў святаром, які ад імя Хрыста прабачае і вызначае спосаб сатысфакцыі.

303. Якія ёсць чыны пэнітэнта?
1450-1460
1487-1492
Гэта: належны рахунак сумлення; жаль (або скруха), які з’яўляецца дасканалым тады, калі матывуецца любоўю да Бога, недасканалым, калі грунтуецца на іншых матывах, і які ўключае намер больш не грашыць; споведзь, якая заключаецца ў вызнанні перад святаром учыненых грахоў; сатысфакцыя або выкананне пэўных чынаў пакаяння, якія спаведнік вызначае пэнітэнту для выпраўлення шкоды, учыненай грахом.

304. Якія грахі неабходна вызнаваць?
1456
Неабходна вызнаваць усе цяжкія грахі, якія яшчэ не былі вызнаныя і якія ўспомніліся пасля належнага рахунку сумлення. Вызнаванне цяжкіх грахоў з’яўляецца адзіным звычайным спосабам для атрымання прабачэння.

305. Калі неабходна вызнаваць цяжкія грахі?
1457
Кожны вернік, дасягнуўшы свядомага ўзросту, мае абавязак вызнаваць асабістыя цяжкія грахі прынамсі раз у год і ў кожным выпадку перад тым, як прыняць святую Камунію.

306. Чаму лёгкія грахі таксама могуць быць прадметам сакрамэнтальнай споведзі?
1458
Вызнанне лёгкіх грахоў, хоць гэта не з’яўляецца неабходным, горача рэкамендуецца Касцёлам, бо дапамагае нам правільна фарміраваць сумленне, змагацца супраць дрэнных схільнасцяў, даверыцца аздараўляльнай моцы Хрыста і ўзрастаць у духоўным жыцці.

307. Хто з’яўляецца распарадчыкам гэтага сакрамэнту?
1461-1466
1495
Хрыстус даручыў паслугу паяднання сваім Апосталам, іх наступнікам — біскупам, і супрацоўнікам біскупаў — прэзбітэрам, якія такім чынам становяцца прыладамі Божай міласэрнасці і справядлівасці. Яны здзяйсняюць уладу прабачэння грахоў у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

308. За кім замацавана права адпушчэння некаторых грахоў?
1463
Права адпушчэння некаторых асабліва цяжкіх грахоў (напр., тых, якія караюцца экскамунікай) замацавана за Апостальскай Сталіцай або за мясцовым біскупам ці за ўпаўнаважанымі ім прэзбітэрамі; аднак кожны святар можа адпускаць кожны грэх і здымаць экскамуніку з таго, хто знаходзіцца ў небяспецы смерці.

309. Ці абавязаны спаведнік захоўваць таямніцу?
1467
Беручы пад увагу далікатнасць і значнасць гэтай паслугі, а таксама належную павагу да асобы, кожны спаведнік абавязаны без выключэнняў і пад вельмі суровымі карамі захоўваць сакрамэнтальную пячаць, гэта значыць абсалютную таямніцу адносна вызнаных на споведзі грахоў.

310. Які плён гэтага сакрамэнту?
1468-1470
1496
Плён сакрамэнту пакаяння наступны: паяднанне з Богам і тым самым прабачэнне грахоў; паяднанне з Касцёлам; вяртанне стану ласкі, калі ён быў страчаны; дараванне вечнай кары, заслужанай з прычыны смяротных грахоў і, часткова, кар часовых, якія з’яўляюцца наступствамі граху; спакой сумлення, а таксама духоўнае суцяшэнне; павелічэнне духоўных сілаў для хрысціянскага змагання.

311. Ці можна ў некаторых выпадках цэлебраваць гэты сакрамэнт з агульным вызнаннем і агульным адпушчэннем грахоў?
1480-1484
У выпадках сур’ёзнай неабходнасці (напр., небяспека блізкай смерці) можна здзейсніць супольную цэлебрацыю паяднання з агульным вызнаннем і агульным адпушчэннем грахоў згодна з нормамі Касцёла і пры наяўнасці намеру вернікаў індывідуальна вызнаць цяжкія грахі ў адпаведны час.

312. Што такое адпуст?
1471-1479
1498
Адпуст — гэта дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана. Вернік атрымлівае яго пры пэўных умовах, для сябе самога або для памерлых, праз паслугу Касцёла, які, як той, хто раздае ласкі адкуплення, размяркоўвае скарб заслуг Хрыста і святых.


САКРАМЭНТ НАМАШЧЭННЯ ХВОРЫХ

313. Як перажывалася хвароба ў Старым Запавеце?
1499-1502
У Старым Запавеце чалавек падчас хваробы адчуваў сваю бездапаможнасць і ў той жа час разумеў, што хвароба таямнічым чынам звязана з грахом. Прарокі прадбачылі, што яна можа мець таксама збаўчую каштоўнасць адносна ўласных грахоў і грахоў іншых. Такім чынам, хвароба перажывалася перад абліччам Бога, якога чалавек прасіў аб аздараўленні.

314. Што азначае спачуванне Езуса хворым?
1503-1505
Спачуванне Езуса хворым і шматлікія аздараўленні Ім хворых з’яўляюцца выразным знакам таго, што надыходзіць Божае Валадарства, а значыць — перамога над грахом, пакутамі і смерцю. Праз сваю муку і смерць Езус надае новы сэнс пакутам, якія, калі яны злучаныя з Ягонымі, могуць стаць сродкам ачышчэння і збаўлення для нас і для іншых.

315. Якое стаўленне Касцёла да хворых?
1506-1513
1526-1527
Касцёл, атрымаўшы ад Пана наказ аздараўляць хворых, абавязаны здзяйсняць яго, клапоцячыся пра хворых, узносячы за іх малітвы заступніцтва. Перадусім Касцёл мае спецыяльны сакрамэнт, устаноўлены для хворых самім Хрыстом і засведчаны св. Якубам: «Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана» (Як 5, 14–15).

316. Хто можа атрымаць сакрамэнт намашчэння хворых?
1514-1515
1528-1529
Яго можа атрымаць вернік, які знаходзіцца ў небяспецы смерці з-за хваробы ці старасці. Той жа вернік можа атрымаць яго таксама зноў, калі абвастраецца хвароба або калі з ім здараецца іншая цяжкая хвароба. Цэлебрацыі гэтага сакрамэнту павінна, па магчымасці, папярэднічаць індывідуальная споведзь хворага.

317. Хто ўдзяляе гэты сакрамэнт?
1516
1530
Ён можа быць удзелены толькі святарамі (біскупамі ці прэзбітэрамі).

318. Як цэлебруецца гэты сакрамэнт?
1517-1519
1531
Цэлебрацыя гэтага сакрамэнту, па-сутнасці, складаецца з намашчэння чала і рук (згодна з рымскім абрадам) або таксама іншых частак цела (у іншых абрадах) алеем, па магчымасці благаслаўленым біскупам; намашчэнне суправаджаецца малітвай святара, які просіць аб асаблівай ласцы гэтага сакрамэнту.

319. Які плён гэтага сакрамэнту?
1520-1523
1532
Сакрамэнт намашчэння хворых удзяляе асаблівую ласку, якая найбольш глыбока яднае хворага з мукай Хрыста дзеля дабра самога хворага і ўсяго Касцёла, адорвае хворага суцяшэннем, спакоем, мужнасцю, а таксама прабачэннем грахоў, калі хворы не мог прыступіць да споведзі. Гэты сакрамэнт дае, калі гэтага хоча Бог, таксама фізічнае аздараўленне. У кожным выпадку, гэтае намашчэнне рыхтуе хворага да пераходу ў дом Айца.

320. Што такое Віятык?
1524-1525
Гэта Эўхарыстыя, якую атрымліваюць тыя, хто адыходзіць з зямнога жыцця і рыхтуецца да пераходу ў жыццё вечнае. Атрыманая ў момант пераходу з гэтага свету да Айца, Камунія Цела і Крыві Хрыста, памерлага і ўваскрослага, з’яўляецца зародкам вечнага жыцця і моцаю ўваскрашэння.


ГЛАВА ТРЭЦЯЯ
САКРАМЭНТЫ СЛУЖЭННЯ СУПОЛЬНАСЦІ І МІСІІ

321. Якія сакрамэнты служаць супольнасці і місіі?
1533-1535
Два сакрамэнты — пасвячэнне і сужэнства — удзяляюць спецыяльную ласку для асаблівай місіі ў Касцёле і служаць будаванню Божага народу. Яны асаблівым чынам прычыняюцца да будавання касцёльнай супольнасці і збаўлення іншых людзей.


САКРАМЭНТ ПАСВЯЧЭННЯ

322. Што такое сакрамэнт пасвячэння?
1536
Гэта сакрамэнт, дзякуючы якому місія, якую даручыў Хрыстус сваім Апосталам, працягвае здзяйсняцца ў Касцёле аж да сканчэння веку.

323. Чаму ён называецца сакрамэнтам пасвячэння?
1537-1538
Пасвячэнне азначае касцёльны стан, да якога ўваходзяць праз спецыяльную кансэкрацыю (ordinatio — пасвячэнне), якая праз асаблівы дар Духа Святога дазваляе здзяйсняць «святую ўладу» (sacra potestas) ад імя і моцаю Хрыста дзеля служэння Божаму народу.

324. Якое месца мае сакрамэнт пасвячэння ў Божым плане збаўлення?
1539-1546
1590-1591
У Старым Запавеце правобразам гэтага сакрамэту з’яўляецца служэнне левітаў, а таксама святарства Аарона і ўстанаўленне сямідзесяці «старэйшын» (Ліч 11, 25). Гэтыя правобразы знаходзяць сваё здзяйсненне ў Езусе Хрысце, які праз ахвяру свайго крыжа з’яўляецца адзіным «пасрэднікам паміж Богам і людзьмі» (1 Цім 2, 5), «Першасвятаром на ўзор Мэльхізэдэка» (Гбр 5, 10). Адзінае святарства Хрыста ажыццяўляецца праз службовае святарства.

«Хрыстус ёсць адзіным сапраўдным Святаром, іншыя — толькі Яго слугі» (св. Тамаш Аквінскі).


325. Якія ступені сакрамэнту пасвячэння?
1554
1593
Сакрамэнт пасвячэння мае тры ступені, якія з’яўляюцца неад’емнымі ў арганічнай структуры Касцёла: біскупства, прэзбітэрат, дыяканат.

326. Які плён біскупскага пасвячэння?
1557-1558
1594
Біскупскае пасвячэнне дае паўнату сакрамэнту пасвячэння, робіць біскупа легітымным наступнікам Апосталаў, далучае яго да Калегіі Біскупаў, у якой ён падзяляе з Папам і іншымі біскупамі клопат аб усім Касцёле, а таксама даручае яму абавязак навучаць, асвячаць і кіраваць.

327. Які абавязак мае біскуп у даручаным яму мясцовым Касцёле?
1560-1561
Біскуп, якому даручаны мясцовы Касцёл, з’яўляецца бачным пачаткам і падмуркам адзінства гэтага Касцёла, у якім ён як вікарый Хрыста выконвае пастырскі абавязак з дапамогаю сваіх прэзбітэраў і дыяканаў.

328. Які плён прэзбітэрскага пасвячэння?
1562-1567
1595
Намашчэнне Духам Святым пазначае прэзбітэра незнішчальнай духоўнай пячаццю (характарам), прыпадабняе яго да Хрыста-Святара і робіць здольным дзейнічаць у імя Хрыста-Галавы. З’яўляючыся супрацоўнікам біскупа, ён кансэкраваны, каб абвяшчаць Евангелле і цэлебраваць Божы культ, асабліва Эўхарыстыю, з якой атрымлівае моц для свайго служэння, а таксама, каб быць пастырам вернікаў.

329. Якім чынам прэзбітэр выконвае сваю паслугу?
1568
Будучы пасвячаным дзеля паўсюднай місіі, прэзбітэр здзяйсняе яе ў мясцовым Касцёле ў сакрамэнтальным братэрстве з іншымі прэзбітэрамі, якія ствараюць «прэзбітэрый» і, у еднасці з біскупам і падпарадкоўваючыся яму, нясуць адказнасць за мясцовы Касцёл.

330. Які плён дыяканскага пасвячэння?
1569-1571
1596
Дыякан, прыпадабняючыся да Хрыста, які служыў усім, пасвячаны дзеля служэння Касцёлу, якое ён здзяйсняе пад кіраўніцтвам свайго біскупа і якое датычыць паслугі слова, Божага культу, пастырскіх заданняў і дабрачыннасці.

331. Як цэлебруецца сакрамэнт пасвячэння?
1572-1574
1597
Сакрамэнт пасвячэння ўсіх трох ступеняў удзяляецца праз ускладанне рук біскупа на галаву кандыдата. Пры гэтым біскуп вымаўляе ўрачыстую кансэкрацыйную малітву. У ёй біскуп просіць Бога аб асаблівым праліцці Духа Святога і Яго дароў на кандыдата, адпаведна яго будучаму служэнню.

332. Хто можа ўдзяляць гэты сакрамэнт?
1575-1576
1600
Сапраўдна пасвячаныя біскупы, паколькі з’яўляюцца наступнікамі Апосталаў, могуць удзяляць сакрамэнт пасвячэння ўсіх трох ступеняў.

333. Хто можа атрымаць гэты сакрамэнт?
1577-1578
1598
Яго можа сапраўдна атрымаць толькі ахрышчаны мужчына: Касцёл абавязаны да такога выбару, зробленага самім Панам. Ніхто не можа патрабаваць атрымання сакрамэнту пасвячэння, але павінен быць прызнаны прыгодным да такога служэння ўладамі Касцёла.

334. Ці патрабуецца цэлібат ад таго, хто прымае сакрамэнт пасвячэння?
1579-1580
1599
Для біскупства заўсёды патрабуецца цэлібат. Для прэзбітэрату ў Лацінскім Касцёле звычайна выбіраюцца веруючыя нежанатыя мужчыны, якія маюць намер захаваць цэлібат «дзеля Нябеснага Валадарства» (Мц 19, 12); ва Усходніх Касцёлах не дазваляецца жаніцца пасля атрымання пасвячэння. Да сталага дыяканату могуць быць дапушчаныя таксама і жанатыя мужчыны.

335. Які плён сакрамэнту пасвячэння?
1581-1589
Гэты сакрамэнт дае асаблівыя ласкі Духа Святога, які прыпадабняе асвячанага да Хрыста ў Яго патройнай функцыі: Святара, Прарока і Караля адпаведна ступеням сакрамэнту. Пасвячэнне пакідае незнішчальны духоўны характар (пячаць), таму не можа паўтарацца і не можа ўдзяляцца на абмежаваны час.

336. Якой уладай здзяйсняецца службовае святарства?
1547-1553
1592
Пасвячаныя святары, здзяйсняючы святое служэнне, навучаюць і дзейнічаюць не ўласнай уладай і не па загадзе ці даручэнні супольнасці, але ў асобе Хрыста-Галавы і ад імя Касцёла. Таму службовае святарства істотна адрозніваецца, і не толькі ўзроўнем, ад агульнага святарства вернікаў, дзеля служэння якому яго ўстанавіў Хрыстус.


САКРАМЭНТ СУЖЭНСТВА

337. Які Божы намер адносна мужчыны і жанчыны?
1601-1605
Бог, які ёсць любоўю і які стварыў чалавека з любові, паклікаў яго да любові. Ствараючы мужчыну і жанчыну, Ён паклікаў іх да глыбокай еднасці жыцця ў сужэнстве і да ўзаемнай любові, «таму яны ўжо не двое, але адно цела» (Мц 19, 6). Благаслаўляючы іх, Бог кажа: «Пладзіцеся і размнажайцеся» (Быц 1, 28).

338. Навошта Бог устанавіў сужэнства?
1659-1660
Сужэнскі саюз мужчыны і жанчыны, заснаваны і арганізаваны па законах самога Стварыцеля, па сваёй натуры ўстаноўлены дзеля супольнасці і дабра сужэнцаў, а таксама дзеля нараджэння і выхавання дзяцей. Сужэнскі саюз, паводле першапачатковага Божага намеру, непарыўны, як сцвярджае Езус Хрыстус: «Тое, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае» (Мц 10, 9).

339. Якім чынам грэх пагражае сужэнству?
1606-1608
З прычыны першага граху, які таксама парушыў дадзеную Стварыцелем супольнасць мужчыны і жанчыны, сужэнскі саюз вельмі часта знаходзіцца пад пагрозай нязгоды і нявернасці. Але Бог у сваёй бязмежнай міласэрнасці дорыць мужчыну і жанчыне сваю ласку, дзеля ажыццяўлення адзінства іх жыцця паводле першапачатковага Божага намеру.

340. Чаму навучае Стары Запавет адносна сужэнства?
1609-1611
Бог, галоўным чынам праз педагогіку Закону і прарокаў, дапамагае свайму народу ўзрастаць ва ўсведамленні адзінства і непарыўнасці сужэнства. Абранніцкі запавет Бога з Ізраэлем рыхтуе і прадвызначае новы, здзейснены Сынам Бога, Езусам Хрыстом, запавет з Касцёлам — Яго абранніцай.

341. Чым новым адарыў Хрыстус сужэнства?
1612-1617
1661
Езус Хрыстус не толькі захоўвае першапачатковы парадак, прадвызначаны Богам, але адорвае сужэнства ласкай існавання ў новай сакрамэнтальнай якасці, што з’яўляецца знакам Яго абранніцкай любові да Касцёла: «Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл» (Эф 5, 25).

342. Ці сужэнства абавязковае для ўсіх?
1618-1620
Сужэнства не абавязковае для ўсіх. Асаблівым чынам Бог кліча некаторых мужчын і жанчын наследаваць Пана Езуса на шляху дзявоцтва ці цэлібату дзеля Нябеснага Валадарства, адмаўляючыся ад вялікага дабра сужэнства дзеля таго, каб клапаціцца аб справах Пана і імкнуцца падабацца Яму, становячыся знакам абсалютнай першаснасці любові Хрыста і адданага чакання Яго хвалебнага прыйсця.

343. Як цэлебруецца сакрамэнт сужэнства?
1621-1624
Паколькі сужэнства ўстанаўлівае публічны стан жыцця сужэнцаў у Касцёле, яго літургічная цэлебрацыя публічная і адбываецца ў прысутнасці святара (ці ўпаўнаважанага Касцёлам сведкі) і іншых сведкаў.

344. Што такое сужэнская згода?
1625-1632
1662-1663
Сужэнская згода — гэта воля, выражаная мужчынам і жанчынай, прысвяціць сябе ўзаемна і канчаткова жыццю ў запавеце вернай і плоднай любові. Паколькі згода стварае сужэнства, яна неабходная і незаменная. Для сапраўднасці сужэнства згода павінна мець за мэту стварэнне сапраўднага сужэнства, яна павінна быць свядомым і дабравольным чынам нарачоных, павінна быць выказаная без гвалту ці прымусу.

345. Што неабходна, калі адзін з сужэнцаў не з’яўляецца католікам?
1633-1637
Для заключэння змешанага сужэнства (паміж католікам і ахрышчаным некатолікам) неабходны дазвол касцёльнай улады. У выпадку розных рэлігій (паміж католікам і неахрышчаным) для сапраўднасці сужэнства неабходна дыспенса. У кожным выпадку істотным з’яўляецца тое, каб сужэнцы ведалі і прымалі мэты і істотныя якасці сужэнства, і каб сужэнец-католік пацвердзіў свае абавязкі, вядомыя таксама другому сужэнцу, захаваць веру, а таксама запэўніць хрост і каталіцкае выхаванне дзяцей.

346. Які плён сакрамэнту сужэнства?
1638-1642
Сакрамэнт сужэнства стварае паміж сужэнцамі вечныя і выключныя повязі. Сам Бог замацоўвае сужэнскую згоду. Таму сужэнства, заключанае і здзейсненае паміж ахрышчанымі, ніколі не можа быць скасавана. Больш за тое, гэты сакрамэнт дае сужэнцам неабходную ласку для дасягнення святасці ў сужэнскім жыцці, для адказнага прыняцця дзяцей і іх выхавання.

347. Якія самыя цяжкія грахі супраць сакрамэнту сужэнства?
1645-1648
Гэта: чужаложства; палігамія, паколькі супярэчыць роўнай годнасці мужчыны і жанчыны, унікальнасці і выключнасці сужэнскай любові; адмова ад плоднасці, што пазбаўляе сужэнскае жыццё дару дзяцей; развод, які парушае непарыўнасць.

348. Калі Касцёл дапускае фізічную сепарацыю сужэнцаў?
1629
1649
Касцёл дапускае фізічную сепарацыю сужэнцаў, калі іх сумеснае жыццё з-за сур’ёзных прычын становіцца практычна немагчымым, аднак пажадана было б іх паяднаць. Пакуль жыве другі сужэнец, яны несвабодныя і не могуць заключыць новы саюз, акрамя выпадкаў, калі толькі іх сужэнства з’яўляецца несапраўдным і гэта прызнана касцёльнымі ўладамі.

349. Як адносіцца Касцёл да разведзеных, якія жэняцца нанова?
1650-1651
1665
Касцёл, верны Пану, не можа прызнаць сужэнствам грамадзянскі саюз разведзеных. «Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чыніць распусту» (Мк 10, 11–12). У адносінах да іх Касцёл праяўляе старанны клопат і запрашае да жыцця ў веры, да малітвы, да спраў любові і хрысціянскага выхавання дзяцей. Аднак яны не могуць атрымліваць сакрамэнтальнага адпушчэння грахоў, прымаць эўхарыстычную Камунію, выконваць некаторыя касцёльныя абавязкі да таго часу, пакуль доўжыцца такая сітуацыя, якая аб’ектыўна супярэчыць Божаму закону.

350. Чаму хрысціянская сям’я называецца таксама хатнім Касцёлам?
1655-1658
1666
Сям’я выяўляе і здзяйсняе супольнасны і сямейны характар Касцёла, як Божай сям’і, у якой кожны паводле ўласнай ролі рэалізуе святарства хросту, прычыняецца да таго, каб сям’я стала супольнасцю ласкі і малітвы, школай чалавечых і хрысціянскіх цнотаў, месцам першага абвяшчэння веры дзецям.


ГЛАВА ЧАЦВЁРТАЯ
ІНШЫЯ ЛІТУРГІЧНЫЯ ЦЭЛЕБРАЦЫІ

САКРАМЭНТАЛII

351. Што такое сакрамэнталіі?
1667-1672
1677-1678
Гэта святыя знакі, устаноўленыя Касцёлам, з дапамогай якіх адбываецца асвячэнне некаторых абставін жыцця. Яны ўключаюць малітву, якая суправаджаецца знакам крыжа і іншымі знакамі. Сярод сакрамэнталій важнае месца займаюць благаслаўленні, якія з’яўляюцца праслаўленнем Бога і малітвай аб атрыманні Яго дароў; кансэкрацыя асобаў і благаслаўленне рэчаў для Божага культу.

352. Што такое экзарцызм?
1673
Экзарцызм — гэта просьба Касцёла, якую ён узносіць на моцы сваёй улады ад імя Езуса, каб асоба ці прадмет былі абароненыя ад уздзеяння злога духа і вызваленыя з-пад яго ўлады. У простай форме экзарцызм здзяйсняецца падчас абраду хросту. Урачысты экзарцызм, які называецца яшчэ вялікім экзарцызмам, могуць здзяйсняць толькі ўпаўнаважаныя біскупам прэзбітэры.

353. Якія формы народнай пабожнасці суправаджаюць сакрамэнтальнае жыццё Касцёла?
1674-1676
1679
Рэлігійнае пачуццё хрысціянскага народу заўсёды знаходзіла адлюстраванне ў разнастайных формах пабожнасці, якія суправаджаюць сакрамэнтальнае жыццё Касцёла, а менавіта: ушанаванне рэліквій, наведванне санктуарыяў, пілігрымкі, працэсіі, Крыжовы шлях, Ружанец. Касцёл святлом веры асвячае і падтрымлівае аўтэнтычныя формы народнай пабожнасці.


ХРЫСЦIЯНСКАЕ ПАХАВАННЕ

354. Якая сувязь існуе паміж сакрамэнтамі і смерцю хрысціяніна?
1680-1683
Хрысціянін, які памірае ў Хрысце, пасля заканчэння свайго зямнога існавання пераходзіць да спаўнення новага жыцця, распачатага падчас хросту, умацаванага канфірмацыяй і ўскормленага Эўхарыстыяй, якая з’яўляецца прадвяшчэннем нябеснай гасціны. Сэнс смерці хрысціяніна выяўляецца ў святле смерці і ўваскрасення Хрыста, нашай адзінай надзеі; хрысціянін, які памірае ў Езусе Хрысце, пакідае цела, каб «пасяліцца ў Пану» (2 Кар 5, 8).

355. Што выражае пахаванне?
1684-1685
Пахаванне, хоць цэлебруецца паводле розных абрадаў, што адпавядаюць сітуацыям і традыцыям асобных рэгіёнаў, выяўляе пасхальны характар хрысціянскай смерці ў надзеі на ўваскрашэнне і сэнс лучнасці з памерлым, асабліва праз малітву аб ачышчэнні яго душы.

356. Якія галоўныя моманты пахавання?
1686-1690
Звычайна пахаванне ўключае чатыры асноўныя моманты: вітанне астанкаў памерлага супольнасцю словамі суцяшэння і надзеі, літургію слова, эўхарыстычную Ахвяру і развітанне, падчас якога душа памерлага даручаецца Богу, які ёсць крыніцай вечнага жыцця, у той час як цела памерлага аддаецца зямлі ў чаканні ўваскрашэння.
 
© 2003-2024 Catholic.by