Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі | Друк |

Вялікі навукова-тэхнічны прагрэс у галіне біялагічных навук адкрывае перад чалавецтвам магчымасць і для вялікага дабра, і для вялікага зла. Медыцына даволі дакладна вывучыла чалавечы «ген» і ў хуткім часе зможа яго відазмяняць. Шмат хваробаў можна выявіць ужо на першай стадыі эмбрыянальнага жыцця чалавека і вылечыць, пазбаўляючы яго ад многіх цярпенняў. На жаль, існуюць таксама шматлікія злоўжыванні сілаю, якой з’яўляюцца генетычныя веды і іх выкарыстанне супраць чалавека. Людзі робяць сябе гаспадарамі жыцця і смерці іншых людзей. Прыкладам гэтага можа быць штучнае стварэнне новых людзей метадам гэтак званага апладнення in vitro і іх успрымання ў якасці «чалавечага матэрыялу», а не жывых істотаў, прызначаных для жыцця вечнага. Парламенты некаторых краін зацвердзілі закон, які будзе дазваляць кланаванне чалавечых эмбрыёнаў з мэтаю вытворчасці «запасных частак», прыдатных да лячэння пэўных хваробаў. Некаторыя генетыкі ўжо заявілі, што насуперак прынятым у большасці дзяржаў прававым абмежаванням, яны будуць рабіць спробы кланавання людзей, каб забяспечыць патомствам бяздзетныя сужэнствы.

Зазначым, што ў гэтых краінах ужо зачатых дзяцей пазбавілі юрыдычнай абароны, легалізуючы аборты. Усё настойлівей гучыць заклік аб легалізацыі эўтаназіі. Паступова распаўсюджваецца перакананне, што жыццё чалавека не каштоўнае само па сабе, што яго вартасць залежыць толькі ад ступені інтэлектуальнага і эмацыянальнага развіцця і ад грамадскай прыдатнасці. Той, хто не адпавядае гэтым уяўным крытэрыям гуманнага чалавецтва, пазбаўляецца права на жыццё, а эўтаназія, якая па сутнасці з’яўляецца забойствам, апраўдваецца спачуваннем. Трэба выразна сказаць, што ніводны чалавек не мае права прымаць рашэнне перарываць уласнае жыццё або жыццё іншага чалавека. Кожнае жыццё даецца Богам, і толькі Ён з’яўляецца яго Гаспадаром. Толькі Ён як Найвышэйшы Творца можа вырашаць, калі пачнецца і калі скончыцца жыццё чалавека.

Да супрацоўніцтва ў справе перадачы новага жыцця Бог запрасіў бацькоў словамі: «Будзьце плоднымі і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю» (Быц 1, 28). Бацькі перадаюць дзіцяці толькі зямное жыццё, а душа чалавека створана непасрэдна Богам. Ствараючы душу чалавека, Бог стварае ўсяго чалавека ва ўлонні жанчыны і пры ўдзеле мужчыны. Зачаты чалавек падобны не толькі да сваіх зямных бацькоў, але таксама і да Створцы, бо мае ў сабе «вобраз і падабенства» Бога. З самага зачацця ён з’яўляецца асобаю, адоранаю годнасцю і пакліканнем да жыцця вечнага. Але з прычыны безабароннасці яму патрэбна абарона і дапамога бацькоў у развіцці закладзеных у ім дароў.

Жаданне мець дзяцей з’яўляецца цалкам натуральным, аднак адзіны годны спосаб зачацця дзіцяці – акт сужэнскай любові. Штучнае апладненне (in vivo ці in vitro), да якога звяртаюцца сужэнствы, пакрыўджаныя невылечнаю бясплоднасцю, пазбаўлены гэтага асабістага дару. Дзіця становіцца прадуктам медыцынскіх тэхнік, прадметам. Шмат дзяцей, зачатых такім чынам, павінна памерці, каб магло нарадзіцца адно дзіця. Ненатуральная па сваёй сутнасці тэхніка апладнення вядзе да «вырабу» большай колькасці чалавечых эмбрыёнаў, каб павялічыць верагоднасць удалай працэдуры. З маральнага пункту погляду, сужэнствы, якія згаджаюцца на штучнае апладненне, робяць цяжкі грэх.

Сужэнства не заўсёды дае магчымасць мець дзіця, але дае магчымасць весці сумеснае жыццё, у выніку якога можа быць зачата дзіця. Сужэнцы толькі ствараюць адпаведныя «ўмовы» для зачацця, а Бог дае жыццё, і Яго волю трэба прыняць. Для бяздзетных сем’яў вырашэннем праблемы можа быць усынаўленне. Акружыць бацькоўскаю апекаю і любоўю дзяцей, якія ўжо ёсць і якім гэта патрэбна, напэўна, больш высакародна, чым спробы зачаць «сваё» дзіця (або часткова «сваё») любым коштам, нават звяртаючыся да нікчэмных у маральных адносінах тэхнік.

Нядаўна генетыкі вынайшлі новыя магчымасці зачацця чалавечага жыцця, а менавіта – кланаванне. Гэты спосаб размнажэння паходзіць са свету раслінаў. Ён грунтуецца на атрыманні павялічанай лічбы генетычна ідэнтычных клетак, зародкаў або арганізмаў раслін ці жывёлаў, а таксама на капіраванні генаў і генетычных канструкцый. Магчымасць кланавання чалавечых асобаў прывяла да жадання займець поўную ўладу над існаваннем іншых, як бы замяшчаць Бога ў справе стварэння, даючы жыццё (або не) у адпаведнасці з чалавечымі памкненнямі і ўяўленнямі. Масавае кланаванне адной і той жа адзінкі парушае прынцып чалавечай раўнавагі, свабоды і годнасці нават у выпадку стварэння толькі адной копіі ўжо існуючага чалавека. Тое, што кожны чалавек, зачаты і народжаны натуральным чынам, адрозніваецца ад іншых, з’яўляецца прыгожым дарам, адлюстраваннем Божай мудрасці. Ці хочам мы парушыць гэтую мудрую, прыгожую гармонію?

Падыходзячы да гэтага пытання з «рэлігійных» пазіцый, мы гаворым, што гэты спосаб нараджэння людзьмі патомства пярэчыць Божай задуме. Чалавек, створаны на вобраз і падабенства Божае (пар. Быц 1, 27), павінен працягваць Яго справу стварэння, апекавацца ёю, развіваць яе і пераўтвараць, але захоўваць акрэсленыя ўмовы. У перадачы жыцця гэтыя ўмовы датычаць ушанавання чалавечай годнасці, паўнавартаснай перадачы жыцця і гарантавання дабра паасобным людзям і ўсяму чалавецтву. Гаворка ідзе пра ўшанаванне годнасці чалавека ад моманту зачацця і ўшанаванне годнасці перадачы жыцця. Кланаванне нясе з сабою такія ж вынікі, як і штучнае апладненне. Выкарыстанне значнай колькасці эмбрыёнаў, якія пераўзыходзяць дапушчальную колькасць, іх знішчэнне для атрымання аднаго індывідуума, а далей пазбаўленне дзіцяці ў біялагічным, псіхічным і юрыдычным вымярэннях права быць зачатым і нарадзіцца ў сям’і ад бацькоў, трактаванне яго як «прадукту» біямедыцынскіх методык – гэта галоўныя аргументы, якія сведчаць пра тое, што кланаванне людзей недапушчальнае. Небяспеку, што вынікае з кланавання чалавека, разумеюць нават няверуючыя людзі. У Еўрапейскім парламенце ўжо 3 сакавіка 1989 года сцвярджалася, што «прававая забарона з’яўляецца верагоднаю рэакцыяй на магчымасць стварэння чалавечых істотаў метадам кланавання».

Як для бясплодных сужэнстваў найбольшым жаданнем з’яўляецца магчымасць мець патомства, так для некаторых здаровых сужэнцаў іх плоднасць стварае шмат праблемаў. З гэтай прычыны цяпер у найбольшай небяспецы знаходзіцца жыццё ненароджаных. Шмат людзей забылася, што ад зачацця плод з’яўляецца асобаю, і як асоба мае права на жыццё. Людзі, захопленыя дасягненнем поспехаў, павелічэннем матэрыяльных дабротаў або змаганнем са штодзённымі цяжкасцямі, страцілі прыязнасць і да Бога, і да чалавека. Яны ўспрымаюць дзіця як ворага, які перашкаджае ім ажыццяўляць жыццёвыя планы. Яны абараняюцца ад яго рознымі метадамі, пачынаючы ад кантрацэптыўных сродкаў і заканчваючы абортамі.

Заданне кантрацэпцыі – знішчыць плоднасць, якая з’яўляецца дарам Створцы. Дзякуючы гэтаму дару чалавек супрацоўнічае з Богам у справе перадачы жыцця. Знішчэнне гэтага дару – самавольны ўчынак супраць Божых запаведзяў, бунт супраць Створцы. Кантрацэпцыя праз занядбанне (і нават пагарду) дара плоднасці выклікае нянавісць да новага жыцця і вядзе да дэградацыі чалавецтва. Такія адносіны спараджаюць разрыў кантакту з Богам і могуць стаць прычынай канфлікту сумлення. Кантрацэптыўныя сродкі забіваюць ужо зачатае дзіця ў першыя дні яго жыцця.У жанчыны гэта выклікае шматлікія фізічныя і нервовыя хваробы, а часам і псіхічныя растройствы. Выкарыстанне кантрацэптыўных сродкаў – заўсёды цяжкі грэх.

Цяжкі грэх робяць таксама жанчыны, якія перарываюць цяжарнасць, а таксама тыя, хто якім-небудзь чынам спрычыняюцца да забойства дзіцяці, напрыклад, даюць парады, шантажуюць або непасрэдна прымаюць удзел у аборце, як медыцынскія работнікі. Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae піша: «Сярод усіх злачынстваў супраць жыцця, якія можа ўчыніць чалавек, перарыванне цяжарнасці мае наступствы, якія робяць яго асабліва сур’ёзным злачынствам, што заслугоўвае асуджэння» (EV 58), а ў Кнізе Быцця Бог перасцерагае: «Спаганю таксама душу чалавека ад рукі чалавека, ад рукі брата ягонага» (гл. Быц 9, 5).

Жыццё чалавека недатыкальнае ад зачацця аж да натуральнай смерці. Таму трэба атуліць апекаю таксама людзей старэйшых, знямоглых, інвалідаў і псіхічна хворых, бо ў многіх краінах ім пагражае небяспека эўтаназіі. Эўтаназія – гэта скарачэнне цярпенняў хворага па яго просьбе праз выкарыстанне смяротных сродкаў альбо таксама праз неаказанне яму медыцынскай дапамогі з мэтаю прыспешыць яго смерць.

Прыхільнікі эўтаназіі лічаць, што такім чынам чалавек можа распараджацца ўласным жыццём. Размова ідзе не столькі пра магчымасць распараджацца ўласным жыццём, сколькі жыццём іншых. Такім чынам, легалізуецца выдаленне з грамадства людзей, жыццё якіх лічыцца менш каштоўным і занадта абцяжарвае бліжніх.

Такія ж погляды леглі ў аснову легалізацыі эўтаназіі ў нацыянальна-сацыялістычнай Германіі, у выніку чаго яшчэ перад пачаткам Другой сусветнай вайны лекары забілі 80 тысяч быццам бы «непаўнацэнных» людзей. Агульная колькасць людзей, страчаных у выніку так званай «міласэрнай смерці», магла дасягнуць 400 тысяч, не ўлічваючы масавага знішчэння ў канцэнтрацыйных лагерах, дзе менш «міласэрна» і ў большых маштабах ажыццяўляліся гэтыя «праграмы». Тыя лекары дзейнічалі цалкам легальна ў межах закона.

Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae піша аб гэтай практыцы: «Эўтаназія становіцца актам, які яшчэ больш заслугоўвае асуджэння, калі набывае форму забойства і ажыццяўляецца над іншым чалавекам, які ніякім чынам гэтага не прасіў і ніколі не выказваў на гэта згоды. Вяршыня дэспатызму і несправядлівасці – пазіцыя, у якой некаторыя людзі, напрыклад, лекары альбо працадаўцы, прэтэндуюць на права распараджацца тым, хто павінен жыць, а хто памерці (...). Толькі Бог мае ўладу распараджацца смерцю і жыццём» (EV 66).

Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium vitae з клопатам і болем звяртае ўвагу на зніжэнне ў сучасным грамадстве маралі і разумення святасці жыцця чалавека. «Свядомае і дабравольнае рашэнне пазбавіць жыцця бязвінную чалавечую істоту з маральнага пункту погляду – заўсёды зло і ніколі не можа быць дазволена ні як мэта, ні як сродак на шляху да добрай мэты. (...) Ніхто і нішто не можа даць права забіваць бязвінную чалавечую істоту (...). Ніякая ўлада не мае права змушаць да гэтага ці даваць на гэта дазвол (EV 57).

Мы, біскупы Каталіцкага Касцёла на Беларусі, настойліва нагадваем, што жыццё кожнага чалавека – старога або малога, здаровага або хворага, які выконвае важныя абавязкі ў грамадстве або выкінуты па-за межы грамадскага жыцця – святое. Езус у прытчы аб апошнім судзе вучыць нас: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне» (гл. Мц 25, 40).

«Абараняць жыццё і ўмацоўваць яго, шанаваць яго і любіць – вось задача, якую Бог даручыў кожнаму чалавеку» (EV 42), асабліва бацькам, медыцыне, дзяржаве і Касцёлу.

Біскупы Каталіцкага Касцёла
Адноўлена 13.07.2009 13:48
 
© 2003-2021 Catholic.by