«Эўхарыстыя нараджае любоў» - пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на Нацыянальны дзень Caritas | Друк |

Чарговы раз у трэцюю нядзелю Вялікага посту мы адзначаем Нацыянальны дзень Caritas. Ён прыпадае на год, калі ў Канадзе адбудзецца 49-ы Эўхарыстычны кангрэс. Рыхтуючыся да гэтай падзеі, Касцёл нагадвае нам пра вялікае значэнне Эўхарыстыі ў жыцці хрысціяніна. Указвае на тое, што яна з’яўляецца Божым дарам для жыцця кожнага чалавека і ўсяго свету.

Ідучы да Езуса Эўхарыстычнага, мы вучымся ахвяроўваць сябе іншым. Папа Бэнэдыкт ХVІ у адгартацыі Sacramentum Caritatis выразна падкрэслівае, што, «прымаючы ўдзел у ахвяры крыжа, хрысціянін удзельнічае ў ахвярнай любові Хрыста і атрымлівае здольнасць, а таксама абавязак жыць гэтай любоўю ва ўсіх сваіх жыццёвых паставах і чынах» (SC, 82).

Дзякуючы частаму ўдзелу ў Эўхарыстыі, мы напаўняем сваё сэрца клопатам пра людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. «Ніводную хрысціянскую супольнасць немагчыма стварыць, калі ў яе няма кораня і асновы ў цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі. [...] Каб цэлебрацыя Эўхарыстыі была сапраўднай і поўнай, яна павінна таксама весці да розных справаў міласэрнасці і ўзаемадапамогі» (Presbyterium ordinis, 6), — вучыць Другі Ватыканскі Сабор.

З пачатку гісторыі Касцёла таямніца Эўхарыстыі сягае яшчэ далей, ахопліваючы ўсіх, хто знаходзіцца ў патрэбе. Неўзабаве пасля спаслання Духа Святога вернікі ерузалемкай супольнасці пачалі дабравольна аддаваць свае дамы, каб апосталы маглі дзяліць паміж беднымі грошы, атрыманыя ад іх продажу (пар. Дз 2, 44). Касцёл у ІІ стагоддзі яднаў з Эўхарыстыяй — Хлебам Божым — дзяленне звычайным хлебам. У той час вернікі складалі ў рукі святара, які ўзначальваў Эўхарыстыю, розныя дары. «Бо Ён атуляе клопатам сіротаў, удоваў, хворых або тых, хто з іншае прычыны церпіць нястачу, вязняў, чужаземцаў, гасцей, карацей кажучы, спяшаецца на дапамогу ўсім, хто мае патрэбу», — напісана ў адным з твораў святога Юстына.

Дзякуючы ахвярнасці вернікаў, хрысціянская супольнасць можа спазнаць тое, што абвяшчае ў Божым слове і што цэлебруе ў Эўхарыстыі. Цяжка гаварыць пра дзейснае прапаведванне і пра плённую літургію, калі ім не спадарожнічае адказнасць за бліжняга і калі слова і сакрамэнт не вядуць да служэння, да аказання дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Эўхарыстычная камунія з Хрыстом адкрывае вочы веры на вечныя каштоўнасці, робіць нас здольнымі распазнаваць аблічча Хрыста ў тварах бліжніх, якія знаходзяцца ў патрэбе.

З усіх бакоў даходзіць да нас найчасцей бязгучная просьба аб дамозе. Уменне з разуменнем ставіцца да іншага чалавека патрабуе выйсця з кола ўласнага эгаізму і адкрыцця значэння і прыгажосці служэння бліжніму, нават калі ён здаецца «найменшым» у вачах іншых людзей. Салідарнасць з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе, азначае прысутнасць чалавечага сэрца. У бескарыслівым абмене нараджаецца рэальнае дабро, якое вяртае надзею, умацоўвае, а таксама здольнае падняць з найцяжэйшага ўпадку.

У перыяд Вялікага посту Касцёл нагадвае нам пра асноўныя практыкі, якімі з’яўляюцца малітва, пост і міласціна. Яны павінны дапамагчы нам у працэсе ўнутранай адновы. А Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта ХVI на Вялікі пост 2008 года звяртае нашу ўвагу на міласціну, «якая з’яўляецца канкрэтным спосабам дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, і ў той жа час аскетычным практыкаваннем з мэтаю вызваліцца ад прывязанасці да зямных дабротаў. [...] Міласціна дапамагае нам перамагчы гэтую неадступную спакусу і вучыць нас ісці насустрач патрэбам бліжніх, дзелячыся з іншымі тым, што мы маем дзякуючы Божай шчодрасці. Для гэтага прызначаны спецыяльныя зборы ахвяраванняў на карысць бедных, якія падчас Вялікага посту адбываюцца ў многіх рэгіёнах свету. Такім чынам, унутранае ачышчэнне дапаўняецца жэстам касцёльнай еднасці, як гэта адбывалася ўжо ў раннім Касцёле».

Хрыстус абуджае ў нас пачуццё адказнасці за грамадскія справы. Калі Яго вучні спрабуюць аддаліць ад сябе праблему галодных людзей, прапануючы Яму загадаць ім разысціся і купіць сабе ежы ў навакольных вёсках, бо ўжо позняя гадзіна, Езус рашуча і катэгарычна адказвае: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці!» Катэгарычныя словы Хрыста «вы дайце ім есці» застаюцца актуальнымі аж да сканчэння свету. Ніхто з людзей не вызвалены ад гэтага грамадскага абавязку. Ніякае «няхай яны неяк самі спраўляюцца», ніякія падказкі, што, можа, «няхай іншыя гэта зробяць», не могуць брацца пад увагу. Езус, прысутны ў галодным натоўпе, заўсёды будзе глядзець на кожнага чалавека позіркам, поўным просьбы.

Можа, мяне непакоіць думка, што мая сям’я не дастаткова заможная і няздольная на справы дабрачыннасці. Сапраўдная любоў усё ж грунтуецца на прынцыпе: бедныя — бедным. Паслухайце сведчанне святой маці Тэрэзы з Калькуты: «Аднойчы вечарам у наш дом прыйшоў нейкі мужчына і сказаў, што ёсць сям’я, у якой восем дзяцей, і ім даўно ўжо няма чаго есці. Я занесла гэтай сям’і крыху рысу. На тварах дзяцей я бачыла жудасныя прыкметы голаду. А маці падзяліла рыс на дзве часткі і выйшла. Калі яна вярнулася, я запытала: „Куды ты хадзіла? Што рабіла?“ Прыгожым быў адказ гэтай жанчыны: „Яны таксама галодныя“. Я не здзівілася, што яна падзялілася з суседзямі. Яна вызнавала індуізм, а суседзі былі мусульманамі».

Дзейнасць маці Тэрэзы, як і многіх іншых добрых людзей, не магла вырашыць праблему голаду ў сусветным маштабе. Аднак шмат могуць зрабіць паасобныя хрысціяне. Давайце задумаемся пра тысячы тон хлеба, які выкідаецца ў адходы. Пра вялікія сумы грошай, якія выдаткоўваюцца на дыеты і іншыя сродкі для пахудзення, яшчэ больш на алкаголь, цыгарэты і раскошнае адзенне. Тым, хто так робіць, — як і кожнаму з нас — маці Тэрэза кажа: «Калі часам нашы бедныя былі вымушаны паміраць з голаду, то не таму, што Бог не паклапаціўся пра іх, але таму, што ты і я нічым іх не адарылі, не былі прыладамі любові ў руках Бога, не далі ім хлеба, не далі ім адзежы, не распазналі Хрыста, калі Ён прыйшоў яшчэ раз у бедным адзенні, у галодным, у самотным, у бяздомным чалавеку і ў тым, хто шукае прытулку, у дзіцяці».

Аказанне неадкладнай дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, не можа вырашыць усіх праблемаў, вакол якіх засяроджваецца дабрачынная дзейнасць. Неадкладаная дапамога можа аказвацца дзейсна і ў дастатковай колькасці асобам, якія маюць часовую патрэбу. Аднак у грамадстве заўсёды ёсць шмат катэгорый людзей, якім патрэбна пастаянная апека (дзеці, інваліды, невылечна хворыя і іншыя). Апека над імі патрабуе пастаяннага клопату, кваліфікаванага персаналу, сістэматычнага фінансавання і іншых захадаў). Усяго гэтага можна дасягнуць толькі арганізавана, таму абедзве гэтыя формы дзейнасці неабходныя і ўдзел католікаў у абодвух абавязковы.

Дабрачынная дзейнасць, якая вядзецца Дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas у нашай краіне, ахоплівае ўсіх людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, незалежна ад іх веравызнання і нацыянальнасці. Галоўным крытэрыем аказання дапамогі з’яўляецца чалавек, які мае патрэбу. Дабрачыннае таварыства Caritas скіроўвае гуманітарную дапамогу ў шпіталі, дамы састарэлых, дзіцячыя дамы, у школы і каталіцкія парафіі. Арганізоўвае адпачынак, злучаны з кліматычным лячэннем, для дзяцей і моладзі як у Беларусі, так і за мяжою. З нагоды Божага Нараджэння дзеці з бедных і шматдзетных сем’яў атрымліваюць падарункі. Аказваецца таксама медыцынская дапамога. У некаторых мясцовасцях дзейнічаюць прытулкі, дзе дзеці са шматдзетных і праблемных сем’яў могуць зрабіць урокі і атрымаць гарачую ежу. У сталоўках для бедных выдаюцца абеды. Праводзяцца акцыі дапамогі інвалідам. Дзейнічае швейная майстэрня і камп’ютэрныя класы. Цэнтр св. Лукі ў Мінску аказвае дапамогу сем’ям, якія маюць дзяцей, хворых на рак. Ва ўсіх гэтых акцыях

удзельнічаюць валанцёры. Дапамога патрабуючым не абмяжоўваецца толькі жыхарамі Беларусі. Мы далучаемся таксама да сусветных акцый, напрыклад, была аказана дапамога ахвярам землятрусу ў Іране і стыхійнага бедства ў Азіі.

Мы хочам шчыра падзякаваць тым, хто штодня праяўляе любоў і міласэрнасць да сваіх блізкіх. Выконваючы запаведзь любові ў найбліжэйшым асяроддзі, яны будуюць Божае Валадарства. Сведчаць пра тое, што жыццё паводле Евангелля ў сённяшні час магчымае і дае шчасце зямное і вечнае. У першую чаргу мы дзякуем дзецям, якія не забываліся пра сваіх старых і хворых бацькоў і знайшлі для іх месца ў сваіх дамах. Суседзям, якія спяшаюцца са штодзённаю дапамогаю інвалідам, старым і самотным асобам. Усім, хто змог заўважыць людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, і падтрымаць іх словам, дарам, дапамогаю або малітваю.

Няхай Божая ласка дапамагае нам служыць бліжнім так, каб мы калісьці пачулі словы Пана: «Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (Мц 25, 35–36) і радаваліся прабываннем з Ім ў небе.

Усім людзям, якія пэўным чынам аказваюць дапамагу тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, выказваем словы шчырай удзячнасці і на далейшую працу ў справах міласэрнасці ад усяго сэрца благаслаўляем.

Каталіцкія біскупы Беларусі
24 лютага 2008 г., ІІІ нядзеля Вялікага посту.
Адноўлена 13.07.2009 15:51
 
© 2003-2024 Catholic.by