Хрысціянскае ўтаямнічанне. Агульныя ўводзіны. | Друк |

1.    Людзі, вызваленыя ад улады цемры праз сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання, разам з Хрыстом памерлыя, разам з Ім пахаваныя і ўваскрэшаныя, прымаюць Духа ўсынаўлення і разам з усім народам Божым здзяйсняюць успамін смерці і змёртвыхпаўстання Пана1.

2.    Праз хрост ужыўленыя ў Хрыста, яны становяцца народам Божым і, атрымаўшы адпушчэнне ўсіх грахоў, вырваныя з улады цемры, пераходзяць у стан усыноўленых дзяцей2. Стаўшы новым стварэннем праз адраджэнне з вады і Духа Святога, яны называюцца і з’яўляюцца сынамі Божымі3. Пазначаныя дарам таго ж Духа ў канфірмацыі, яны яшчэ больш дасканала становяцца падобнымі да Пана і напаўняюцца Духам Святым, каб, несучы сведчанне пра Яго свету, як найхутчэй давесці да паўнаты Цела Хрыста4. Затым, беручы ўдзел у эўхарыстычным сходзе, яны спажываюць Цела Сына Чалавечага і п’юць Яго Кроў, каб атрымаць жыццё вечнае5  і выявіць адзінства народа Божага; а ахвяруючы сябе разам з Хрыстом, бяруць удзел ва ўсеагульнай ахвяры, якою з’яўляецца сама супольнасць адкупленых6, складзеная ў ахвяру Богу Найвышэйшым Святаром. Яны просяць таксама, каб праз больш поўнае дзеянне Духа Святога ўвесь чалавечы род прыйшоў да адзінства сям’і Божай7. Такім чынам тры сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання спалучаюцца паміж сабою так, каб давесці да поўнай сталасці Хрыстовых вернікаў, якія спаўняюць у свеце і ў Касцёле пасланніцтва, даручанае ўсяму хрысціянскаму народу8.


І. ГОДНАСЦЬ ХРОСТУ

3.    Хрост, дзверы да жыцця і Валадарства Божага, з’яўляецца першым сакрамэнтам новага права, які Хрыстус даў усім, каб мелі жыццё вечнае9,
а затым разам з Евангеллем даверыў свайму Касцёлу, калі наказаў апосталам: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога»10. Таму хрост перш за ўсё з’яўляецца сакрамэнтам той веры, у якой людзі, асветленыя ласкаю Духа Святога, даюць адказ на Евангелле Хрыста. Таму Касцёл лічыць сваім даўнім і асноўным абавязкам заахвочваць усіх:
і катэхуменаў, і бацькоў тых дзяцей, якія атрымліваюць хрост, і хросных да той сапраўднай і дзейснай веры, у якой, трымаючыся Хрыста, яны заключаюць альбо пацвярджаюць дамову Новага Запавету. Менавіта на гэта скіраванае як пастырскае навучанне катэхуменаў і падрыхтоўка бацькоў, так і літургія слова Божага, а таксама вызнанне веры падчас хросту.

4.    Апрача таго хрост — гэта сакрамэнт, праз які людзі далучаюцца да супольнасці Касцёла і разам будуюцца на жыллё Божае ў Духу Святым11, становяцца каралеўскім святарствам і людам святым12. Хрост — гэта таксама сакрамэнтальная повязь адзінства, якая яднае ўсіх, хто ім пазначаны13. Дзеля таго нязменнага ўздзеяння, якое выяўляе сам абрад сакрамэнту ў лацінскай літургіі, калі ў прысутнасці народа Божага ахрышчаных намашчаюць хрызмам, хрост павінен быць у найвышэйшай пашане ва ўсіх хрысціянаў,
і яго нікому нельга паўтараць, калі ён як сапраўдны быў удзелены нават адлучанымі братамі.

5.     Водная купель у слове жыцця14 — бо менавіта гэта і ёсць хрост — абмывае людзей ад усялякай заганы граху як першароднага, так і асабістага
і чыніць іх удзельнікамі Божай натуры15  і ўсыноўленымі дзецьмі16, бо хрост, як абвяшчаецца ў малітвах благаслаўлення вады, з’яўляецца купеллю адраджэння17 сыноў Божых, даючы ім нараджэнне звыш. Закліканне Найсвяцейшай Тройцы над тымі, хто прымае хрост, чыніць тое, што пазначаныя Яе імем прысвячаюцца Ёй і ўваходзяць у лучнасць з Айцом і Сынам, і Духам Святым. Да гэтага галоўнага абраду падрыхтоўваюць і вядуць біблійныя чытанні, малітва супольнасці і патройнае вызнанне веры.

6.     Хрост у значнай ступені пераўзыходзіць ачышчэнні, прадпісаныя Старым Запаветам, бо дае гэтыя вынікі моцаю таямніцы мукі і змёртвыхпаўстання Пана. А тыя, хто прымае хрост, з’яднаныя з Хрыстом падабенствам Яго смерці і пахаваныя разам з Ім у смерць18, таксама ў Ім вяртаюцца да жыцця і разам з Ім уваскрасаюць19. Бо ў хросце ўшаноўваецца і здзяйсняецца нішто іншае, як пасхальная таямніца, паколькі ў ім людзі пераходзяць ад смерці граху да жыцця. Таму ў абрадзе хросту, асабліва калі ён адбываецца ў Пасхальную вігілію ці ў нядзелю, павінна ззяць радасць змёртвыхпаўстання.


ІІ. АБАВЯЗКІ І ПАСЛУГІ
ПРЫ ЎДЗЯЛЕННІ ХРОСТУ

7.    Падрыхтоўка да хросту і хрысціянскае навучанне найбольш датычыць народа Божага, г. зн. Касцёла, які перадае і ўмацоўвае веру, прынятую ад апосталаў. Праз служэнне Касцёла Святы Дух кліча дарослых да Евангелля, а дзеці прымаюць хрост і выхоўваюцца ў веры таго ж Касцёла. Таму вельмі важна, каб ужо ў падрыхтоўцы да хросту са святарамі і дыяканамі супрацоўнічалі катэхеты ды іншыя свецкія людзі. Апрача таго, вельмі пажадана, каб пры ўдзяленні хросту народ Божы быў прадстаўлены не толькі хроснымі, бацькамі і блізкімі, але таксама, наколькі гэта магчыма, сябрамі
і членамі сям’і, суседзямі ды іншымі прадстаўнікамі мясцовага Касцёла. Усім належыць браць чынны ўдзел, каб выявіць супольную веру і супольную радасць, з якою новаахрышчаныя прымаюцца ў Касцёл.

8.     Згодна з найстаражытнейшым звычаем Касцёла, дарослы не можа быць дапушчаны да хросту без хроснага, абранага з хрысціянскай супольнасці, які павінен дапамагаць яму прынамсі ў апошняй падрыхтоўцы да прыняцця сакрамэнту, а пасля хросту клапаціцца, каб ён трываў у веры і ў хрысціянскім жыцці.
На хросце дзіцяці таксама павінен прысутнічаць хросны, які тады прадстаўляе і сям’ю прымаючага хрост, пашыраную духоўна, і Касцёл, нашую Маці, а пры неабходнасці павінен дапамагаць бацькам у тым, каб дзіця прыйшло да вызнавання веры і выяўляла яе сваім жыццём.

9.     Хросны бярэ ўдзел прынамсі ў апошніх абрадах катэхуменату і ў самім удзяленні хросту, каб пацвердзіць веру прымаючага хрост дарослага альбо каб разам з бацькамі вызнаць веру Касцёла, у якой прымае хрост дзіця.

10.     Апрача таго, з душпастырскіх меркаванняў хросны, выбраны катэхуменам ці сям’ёю, павінен мець такія якасці, якія дазволілі б яму выконваць узгаданыя ў № 9 літургічныя чыннасці. Ім можа быць той, хто:
1) быў вызначаны самім прымаючым хрост ці яго бацькамі, альбо тым, хто іх замяняе, альбо, калі іх няма, пробашчам ці іншым служыцелем, а таксама мае адпаведныя якасці і жаданне выконваць гэты абавязак;
2) дастаткова сталы для спаўнення гэтага абавязку; гэта значыць, што ён мае поўных шаснаццаць гадоў, калі толькі дыяцэзіяльным біскупам не будзе ўстаноўлены іншы ўзрост, альбо пробашчам ці іншым служыцелем з важнай прычыны не будзе зроблена выключэнне;
3) прыняў тры сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання: хрост, канфірмацыю і Эўхарыстыю і вядзе жыццё, згоднае з вераю і абавязкам, які ён прымае на сябе;
4) не з’яўляецца бацькам ці маці прымаючага хрост;
5) з’яўляецца адным хросным ці адною хроснаю, хоць таксама можа быць і хросная маці, і хросны бацька;
6) належыць да каталіцкага Касцёла і права не забараняе яму спаўняць гэты абавязак. Той, хто ахрышчаны і прыналежыць да эклезіяльнай, але не каталіцкай супольнасці, можа быць дапушчаны толькі ў якасці сведкі хросту19' і толькі, калі хросным (хроснаю) будзе каталік (каталічка). Што датычыць адлучаных братоў з усходніх Цэркваў, належыць браць пад увагу асаблівыя прадпісанні для ўсходніх Цэркваў.

11.    Звычайна хрост удзяляюць біскупы, святары і дыяканы.
1) Удзяляючы гэты сакрамэнт, яны павінны памятаць, што чыняць гэта
ў Касцёле ў імя Хрыста і моцаю Духа Святога. Таму яны павінны быць руплівымі ў абвяшчэнні слова Божага і ў здзяйсненні сакрамэнту.
2) Яны павінны пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія слушна могуць быць успрынятыя вернікамі як праяўленне асаблівых адносінаў да пэўных асобаў20.
3) За выключэннем выпадкаў неабходнасці, яны не могуць без належнага дазволу ўдзяляць хрост на чужой тэрыторыі нават тым, на каго распаўсюджваецца іх пастырская ўлада.

12.    Біскупы, галоўныя эканомы (dispensatores) Божых сакрамэнтаў
і кіраўнікі ўсяго літургічнага жыцця ў давераным ім Касцёле21, кіруюць удзяленнем хросту, у якім адкрываецца доступ да ўдзелу ў каралеўскім святарстве Хрыста22. Таму пажадана, каб яны не прапускалі нагоды, асабліва
ў Пасхальную вігілію, удзяляць хрост асабіста. Менавіта да іх абавязкаў належыць хрост дарослых і клопат пра іхнюю падрыхтоўку.

13.    Абавязак пастыраў — дапамагаць біскупу ў навучанні дарослых, якія былі ім даручаныя, і ва ўдзяленні ім хросту, калі толькі біскуп не вырашыць інакш. Апрача таго, да іх абавязкаў належыць падрыхтоўка і належная пастырская дапамога бацькам і хросным перад хростам дзяцей пры дапамозе катэхетаў ды іншых адпаведных свецкіх асобаў, а таксама ўдзяленне хросту дзецям.

14.     Іншыя прэзбітэры, а таксама дыяканы, якія з’яўляюцца супрацоўнікамі біскупа і пробашчаў у іх паслузе, падрыхтоўваюць да хросту і ўдзяляюць яго па распараджэнні альбо са згоды біскупа ці пробашча.

15.     Цэлебранту, асабліва калі прымаючых хрост вельмі шмат, могуць дапамагаць іншыя святары ці дыяканы, альбо таксама свецкія асобы, як гэта прадугледжана ў адпаведных частках абраду.

16.     У выпадку небяспекі для жыцця, а асабліва пры кананні, калі няма святара ці дыякана, можа, а часам і павінен удзяляць хрост кожны вернік,
і нават любы чалавек, кіруючыся належным намерам. Калі ж небяспека смерці не з’яўляецца непасрэднай, то сакрамэнт удзяляецца, наколькі гэта магчыма, вернікам і паводле карацейшага парадку, пададзенага ніжэй (№ 157-164). Пажадана, каб нават у гэтым выпадку сабралася невялікая супольнасць; альбо, наколькі гэта магчыма, хрост удзяляецца прынамсі ў прысутнасці аднаго ці двух сведкаў.

17.    Усе свецкія католікі, паколькі яны — члены святарскага народа, а асабліва бацькі і, з увагі на свае абавязкі, катэхеты, акушэркі і жанчыны, якія займаюцца дапамогаю сем’ям, сацыяльнымі праблемамі ці даглядам хворых, а таксама медыкі і хірургі павінны старацца ў меру сваіх здольнасцяў добра засвоіць правільны спосаб хросту ў надзвычайных выпадках. Іх павінны навучаць гэтаму пробашчы, дыяканы і катэхеты, а ў межах дыяцэзіі адпаведныя захады для іхняга навучання павінны прадугледзець біскупы.


ІІІ. Што неабходна для ўдзялення Хросту

18.     Вада для хросту павінна быць натуральнаю і чыстаю як для таго, каб паказаць сапраўднасць знаку, так і дзеля патрабаванняў гігіены.

19.     Хрысцільня ці чаша, у якой, паводле патрэбы, рыхтуецца вада для здзяйснення абраду ў прэзбітэрыі, павінна ззяць чысцінёю і прыгажосцю.

20.     Прадугледжваецца таксама, што, з увагі на мясцовыя ўмовы, вада, пры неабходнасці, можа падагравацца.

21.     За выключэннем выпадкаў неабходнасці, ні святар, ні дыякан не павінны хрысціць іншаю вадою, а толькі асвячанаю для гэтага. Калі асвячэнне адбылося ў Пасхальную вігілію, то асвячаная вада, наколькі гэта магчыма, захоўваецца і ўжываецца на працягу ўсяго Велікоднага перыяду для больш выразнага сцвярджэння сціслай еднасці гэтага сакрамэнту
з пасхальнай таямніцай. Пажадана, каб па-за Велікодным перыядам вада асвячалася пры кожным удзяленні хросту, каб у саміх словах асвячэння ясна выяўлялася таямніца збаўлення, якую ўшаноўвае і абвяшчае Касцёл. Калі хрысцільня зробленая так, што вада струменіць з яе, належыць асвяціць саму гэтую крыніцу.

22.    Нароўні можна ўжываць як абрад акунання, які больш дакладна азначае смерць і  змёртвыхпаўстанне Хрыста, так і абрад палівання вадою.

23.     Словы, якімі ў лацінскім Касцёле ўдзяляецца хрост, наступныя:
Я ЦЯБЕ ХРЫШЧУ Ў ІМЯ АЙЦА І СЫНА, І ДУХА СВЯТОГА.

24.    Для літургіі Божага слова рыхтуецца адпаведнае месца ў баптыстэрыі ці ў касцёле.

25.    Баптыстэрый, альбо месца, у якім струменіць крыніца з вадою для хросту, ці дзе гэтая вада захоўваецца, павінна быць прызначанае для хросту і ў поўнай меры годнае таго, каб хрысціяне адраджаліся там з вады і Духа Святога. Нягледзячы на тое, ці будзе яно ў пэўнай капліцы ўнутры касцёла альбо па-за ім, ці ў якойсьці частцы касцёла ў полі зроку вернікаў, яго належыць уладкаваць такім чынам, каб яно давала магчымасць для ўдзелу многіх вернікаў. Пасля заканчэння Велікоднага перыяду ў баптыстэрыі належыць
з пашанаю захоўваць пасхал і запальваць яго пры ўдзяленні хросту, каб ад яго можна было лёгка запальваць свечкі ахрышчаных.

26.     Пажадана, каб абрады пры ўдзяленні хросту, якія павінны адбывацца па-за баптыстэрыем, адбываліся ў розных месцах касцёла, якія лепей адпавядаюць колькасці прысутных і розным часткам літургіі хросту. Калі ж хрысцільная капліца не можа змясціць усіх катэхуменаў альбо ўсіх прысутных, то для тых частак хросту, якія звычайна адбываюцца ў баптыстэрыі, можна выбраць іншыя, больш адпаведныя, месцы ў касцёле.

27.     Наколькі гэта магчыма, хрост павінен удзяляцца ўсім нованароджаным разам, у адзін дзень. Але нельга без сур’ёзнай прычыны ў адзін дзень у тым самым касцёле ўдзяляць хрост больш за адзін раз.

28.    Пра час хросту як дарослых, так і дзяцей больш дакладна гаворыцца ў адпаведным месцы. Аднак удзяленне гэтага сакрамэнту павінна заўсёды выяўляць яго пасхальны характар.

29.     Пробашчы павінны дакладна і своечасова ўносіць у кнігу хросту імёны цэлебранта хросту, ахрышчаных, бацькоў і хросных, падаючы пры гэтым таксама месца і дзень удзялення хросту.


ІV. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЦА
КАНФЕРЭНЦЫЯМІ БІСКУПАЎ

30.     На падставе Канстытуцыі пра святую Літургію (арт. 63b), Канферэнцыі Біскупаў маюць права падрыхтаваць у мясцовых Рытуалах раздзел, які адпавядаў бы цяперашняму раздзелу Рымскага Рытуала, з дастасаваннем да патрэбаў асобных рэгіёнаў. Пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцаю, яго можна будзе ўжываць у тых рэгіёнах, для якіх ён прызначаны.
У гэтай справе Канферэнцыі Біскупаў павінны:
1) Вызначыць дастасаванні, пра якія гаворыцца ў арт. 39 Канстытуцыі пра святую Літургію.
2) Старанна і разважліва разгледзець, што з традыцый і характару кожнага асобнага народа было б карысна захаваць; а таксама прапанаваць Апостальскай Сталіцы іншыя дастасаванні, якія яны лічаць карыснымі ці неабходнымі, і якія з яе згоды могуць быць уведзеныя.
3) Калі ва ўжо існуючых мясцовых Рытуалах ёсць нейкія ўласныя элементы, яны могуць захаваць ці дастасаваць іх з той умовай, каб яны адпавядалі Канстытуцыі пра святую Літургію і надзённым патрэбам.
4) Рыхтаваць пераклады тэкстаў такім чынам, каб яны сапраўды адпавядалі характару розных моваў і культураў, і дадаваць, наколькі гэта будзе мэтазгодным, адпаведныя мелодыі для спеву.
5) Дастасоўваць і дапаўняць Уводзіны да Рымскага Рытуала такім чынам, каб цэлебранты цалкам разумелі значэнне абрадаў і належна іх здзяйснялі.
6) У выданнях літургічных кніг, якія рыхтуюцца намаганнямі Канферэнцый Біскупаў, укладаць матэрыял такім чынам, каб гэта найбольш адпавядала пастырскім патрэбам.

31.    Перадусім беручы пад увагу нормы, пададзеныя ў №№ 37-40 і 65 Канстытуцыі пра святую Літургію, на тэрыторыях місій Канферэнцыі Біскупаў маюць права вырашаць, ці могуць элементы ўтаямнічання, якія існуюць у некаторых народаў, быць дастасаванымі да абраду хрысціянскага хросту і ці могуць яны быць у яго ўключанымі.

32.     Там, дзе Рымскі Рытуал хросту падае некалькі формулаў на выбар, мясцовыя Рытуалы могуць дадаваць іншыя падобныя формулы.

33.    Ва ўдзяленні хросту вялікую дапаможную ролю адыгрывае спеў: і таму, што абуджае духоўную еднасць прысутных, і таму, што спрыяе супольнай малітве, і, нарэшце, таму, што выяўляе пасхальную радасць, якая павінна напаўняць абрад. Таму Канферэнцыі Біскупаў павінны заахвочваць вопытных музыкаў і дапамагаць ім у тым, каб яны аздаблялі літургічныя тэксты адпаведнымі мелодыямі.


V. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЦА
ЦЭЛЕБРАНТАМІ ХРОСТУ

34.     Пажадана, каб цэлебрант, беручы пад увагу абставіны, а таксама патрэбы і жаданні вернікаў, ахвотна выкарыстоўваў розныя магчымасці, якія даюцца яму ў абрадзе.
35.     Апрача тых дастасаванняў, якія прадугледжваюцца самім Рымскім Рытуалам у дыялогу і благаслаўленнях, цэлебрант можа, беручы пад увагу розныя абставіны, уводзіць іншыя, пра якія больш дакладна гаворыцца ва Уводзінах да хросту дарослых і да хросту дзяцей.

й 1   Conc. Vat. II, Decr. de activitate missionali Ecclesiae, Ad gentes, n. 14.
 2   Клс 1, 13; Рым 8, 15; Гал 4, 5; пар. Conc. Trid., Sess. VI, Decr. de iustificatione, cap. 4: Denz. 796 (1524).
 3   Пар. 1 Ян 3, 1.
 4   Пар. Conc. Vat. II, Decr. de activitate missionali Ecclesiae, Ad gentes, n. 36.
 5   Пар. Ян 6, 55.
 6   S. Augustinus, De Civitate Dei, X, 6: PL 41, 284; Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 11; Decr. de         presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 2.
 7   Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28.
 8   Пар. там жа, n. 31.
 9   Пар. Ян 3, 5.
 10 Мц 28, 19.
 11 Пар. Эф 2, 22.
 12 Пар. 1 П 2, 9.
 13 Пар. Conc. Vat. II, Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio, n. 22.
 14 Пар. Эф 5, 26.
 15 Пар. 2 П 1, 4.
 16 Пар. Рым 8, 15; Гал 4, 5.
 17 Пар. Ціт 3, 5.
 18 Пар. Рым 6, 5.4.
 19 Пар. Эф 2, 5.6.
 19' Пар. C.I.C., cann. 873 et 874 § 1 et § 2.
 20 Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 32; Const. past. de Ecclesia in mundo huius                  temporis, Gaudium et spes, n. 29.
 21 Conc. Vat. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere, Christus Dominus, n. 15.
 22 Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 26.

 
© 2003-2024 Catholic.by