13 студзеня прыпадае 25-я гадавіна смерці ксяндза Пятра Барташэвіча, які
апошнія гады свайго жыцця быў пробашчам парафіі Унебаўзяцця
Найсвяцейшай Панны Марыi ў Жалудку (Гродзенская дыяцэзія), a ў
1955-1963 гг. пробашчам парафіі ў Адэльску. 15 студзеня прыпадае 25-я гадавіна смерці ксяндза Фелікса Сарокі, які адразу пасля кс. Барташэвіча, з 1963 г., да моманту сваёй смерці ў 1991 г. быў пробашчам парафіі ў Адэльску.
Святая Імша з гэтай нагоды адбудзецца 13 студзеня ў парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску а 18-й гадзіне. Мясцовы пробашч кс. Віталій Унароўскі разам з парафіяльнай супольнасцю запрашаюць да супольнай малітвы ў інтэнцыі святароў, якія верна служылі Касцёлу Хрыста. Імшу ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Біяграфіі святароў
Ксёндз Пётр Барташэвіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1914 г. у Вільні, дзе скончыў школу і гімназію. У 1934 г. паступіў вучыцца ў семінарыю ў Вільню. У 1939 г. атрымаў ступень магістра тэалогіі. 16 чэрвеня 1940 г. з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага ў Вільні прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Спачатку служыў вікарыем у Шумску, а пазней — у віленскай Кальварыі. У кастрычніку 1941 г. быў накіраваны на працу ў Зембіна пад Мінскам, але не трапіў туды. Па просьбе дэкана кс. Антонія Зянкевіча, тагачаснага генеральнага вікарыя біскупа ў сваім дэканаце, ён застаўся ў парафіі ў Глыбокім.
 У 1943 г. быў пробашчам парафіі ў Пярплішчы, у 1946 г. — пробашчам парафіі ў Крулеўшчызне. Восенню быў арыштаваны і прывезены ў Полацк. Яго абвінавацілі ў тым, што ён не верыць у моц Чырвонай арміі, прымушаў дзяцей маліцца і актыўна ўдзельнічаў у сустрэчах святароў.
У пачатку 1949 г. быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў і канфіскацыю маёмасці. Спачатку быў накіраваны ў турму ў Оршу, адтуль — у лагер Старая Вятка ў Рэспубліку Комі. Праз два гады быў высланы ў лагер Чуна ў Сібір. Быў вызвалены 1 мая 1955 г., прыбыў у парафію ў Пярплішчы, дзе касцёл быў ужо зачынены.
Ксёндз Пётр накіраваўся ў Гродна, да дэкана кс. Міхала Арановіча, які накіраваў яго ў Адэльск. 13 чэрвеня 1955 г., пасля атрымання адпаведных дакументаў, пачаў там працу. Займаўся моладдзю, пры касцёле арганізаваў спартыўныя спаборніцтвы. У адэльскай школе не было піянераў і камсамольцаў. Улады абвінавачвалі ў гэтым ксяндза. З-за гэтага па распараджэнні ўладаў ён быў вымушаны пакінуць Адэльск і пачаў працу ў Жалудку. З-за вельмі руплівай працы ў яго адабралі дакументы (т. зв. даведку).
Ксёндз Барташэвіч паехаў у Маскву, каб сустрэцца там з Румянцавым, старшынёй Найвышэйшай рады па справах рэлігіі. Пасля гэтай сустрэчы святар атрымаў дакументы.
У 1963 г. ён быў вымушаны пакінуць парафію ў Адэльску і накіравацца ў Жалудок, дзе выконваў функцыі пробашча аж да смерці. Дзякуючы старанням кс. Пятра ў ВДС у Рыгу быў прыняты Антоні Ханько, цяперашні канцлер біскупскай курыі ў Гродне. Ксёндз Пётр разам з кс. Юзафам Грасевічам заснаваў патаемную супольнасць сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. У 1990 г. кс. Пётр Барташэвіч быў прызначаны папскім прэлатам.
13 студзеня 1991 г. ён памёр у Жалудку, дзе быў пахаваны каля магілы сваёй маці.
Ксёндз Фелікс Сарока нарадзіўся ў 1910 г. У 1932-1938 гг. вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Вільні. У 1938 г. з рук кс. арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Затым быў прызначаны вікарыем у парафію ў Васількаве каля Беластока. Пасля Другой сусветнай вайны быў пробашчам парафіі ў Парэччы недалёка ад Гродна. Больш за тры гады быў пазбаўлены савецкімі ўладамi т. зв. даведкі за катэхізацыю дзяцей і моладзі.
Падчас пераезду кс. Пятра Барташэвіча з Адэльска ў Жалудок кс. Фелікс Сарока атрымаў дазвол для душпастырскай працы ў Адэльску. З 1963 г. да сваёй смерці, 15 студзеня 1991 г., выконваў там функцыю пробашча.
Кс. Юрый Марціновіч
|