26 красавіка прыпадае 50-я гадавіна смерці слугі Божай с. Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка. Сястра Малгажата – адзіная з супольнасці сясцёр у Навагрудку, якая засталася ў жывых; астатнія 11 манахінь былі расстраляны гітлераўцамі 1 жніўня 1943 г.
У дзень 50-годдзя смерці с. Малгажаты ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку, з якім манахіня была звязана на працягу гадоў, адбудзецца ўрачыстая святая Імша ў інтэнцыі яе хутчэйшай беатыфікацыі.
Праграма: - 11.00 – кароткае апісанне жыцця слугі Божай с. Малгажаты Банась
- 11.30 – святая Імша, якую ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч
Біяграфія
Слуга Божая Марыя Малгажата ад Сэрца Езуса ў Агоніі ў Гетсэманскім садзе
(Людвіка Банась, 1896-1966) нарадзілася 10 красавіка 1896 г. у
мясцовасці Дольныя Клечы каля Вадавіц у сялянскай сям'і. Бацькі перадалі
ёй глыбокую веру, шчырую пабожнасць і моцныя маральныя прынцыпы. Ва
ўзросце 20 гадоў пачала працаваць у шпіталі ў Вадавіцах, які знаходзіўся
пад кіраўніцтвам сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
15 лютага 1917 г. уступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з
Назарэта. Пачаўшы навіцыят, атрымала манаскае імя Марыя Малгажата, а складаючы вечныя манаскія абяцанні, згодна з традыцыяй кангрэгацыi дадала да гэтага імені таямніцу ад Сэрца Езуса ў Агоніі ў Гетсэманскім
садзе. Выконвала простыя, звычайныя служэнні ў розных манаскіх дамах: у
Вадавіцах, Кракаве, Гродне, Варшаве. У 1934 г. была накіравана у
манаскі дом у Навагрудку. Падчас вайны ў 1939-1943 гг. працавала ў
мясцовым шпіталі. Адзіная з дванаццаці навагрудскіх назарэтанак
пазбегла арышту і расстрэлу нацыстамі 1 жніўня 1943 г.
31 ліпеня 1943 г. гестапа загадала настаяцельніцы назарэтанак с. Стэле і іншым сёстрам прыйсці ва ўчастак. Па дарозе маніхіні сустрэлі дванаццатую сястру з супольнасці, Малгажату, якая вярталася з дзяжурства ў шпіталі і была ў свецкім адзенні. Сястра Стэла сказала ёй ісці дадому і паклапаціцца аб святары і фарным касцёле. Сястра Малгажата ўжо больш ніколі не ўбачыла сваіх паплечніц. 1 жніўня 1943 г. адзінаццаць манахінь былі вывезены ў бліжэйшы лес і там расстраляны.
Праз нейкі час сястра Малгажата з дапамогай мясцовых жыхароў знайшла магілу сясцёр у лесе. Яна вырашыла апекавацца ёй і аберагаць яе да часу, калі можна будзе перанесці целы манахінь у навагрудскі фарны касцёл і пахаваць на касцёльных могілках. Сястра Малгажата была ўпэўнена ў тым, што, будучы адзінай з іх, якая засталася ў жывых, яна павінна апекавацца жыхарамі Навагрудка і касцёлам. У гады вайны і акупацыі Слуга Божая с. Марыя Малгажата, усведамляючы прынятую на сябе місію, цалкам аддала сябе навагрудскаму насельніцтву.
Яна казала: «Я адчуваю відавочна, што Бог мяне пакінуў на варце свайго дома». Сястра Марыя Малгажата цвёрда верыла, што «Бог дае сілы», таму
што ўмовы яе працы былі місіянерскія, як яна сама гэта акрэсліла: «Не
трэба Афрыкі. Тут добрая місія».
 Слуга Божая с. Малгажата Банась на месцы мучаніцтва сваіх паплечніц-назарэтанак
У далейшыя савецкія часы сястра Малгажата жыла ў маленькай сакрыстыі фарнага касцёла і займалася падрыхтоўкай дзяцей да сакрамэнтаў. Калі святар для бяспекі павінен быў хавацца, сястра клапацілася аб прысутнасці Найсвяцейшага Сакрамэнту ў касцёле і дапамагала людзям, падтрымліваючы ў іх дух веры. Жыхары Навагрудка называлі сястру Малгажату Вартаўніком табэрнакулюма. Яна збірала вернікаў на малітву, рыхтавала алтары, узначальвала набажэнствы, несла духоўную і матэрыяльную дапамогу святарам і свецкім людзям, сасланым у Сібір. Тыя, хто спазналі дабрыню Слугі Божай с. Малгажаты і былі сведкамі яе
жыцця, адданага Богу і людзям, казалі аб ёй: «жанчына мужная, гераічная,
ахвярная аж да гераізму, заўсёды гатовая аказаць дапамогу, адважная і
смелая, разумная Божай мудрасцю». Таксама яна перапісвалася з кіраўніцтвам Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта i манахінямі ў Гродне. Айцец Войцех Навачык OMI, які пасля вяртання з ссылкі працаваў у
навагрудскім фарным касцёле, так пісаў пра с. Марыю Малгажату: «У Наваградку,
як вартаўнік не толькі магіл сясцёр мучаніц, але і рэлігійнага і
маральнага духу, заставалася с. Малгажата. І не адна добрая справа праз
яе так споўнілася». Сястра Малгажата памерла пасля цяжкай хваробы 26 красавіка 1966 г. у Навагрудку. Беатыфікацыйны працэс Слугі Божай пачаўся 19 лютага 2003 г.
Малітва аб атрыманні ласкаў праз заступніцтва Слугі Божай с. Марыі Малгажаты Банась
Міласэрны Божа! Твой Сын Езус Хрыстус з адданасцю і любоўю прыняў Тваю волю, а Яго смерць стала для Касцёла крыніцай новага жыцця. Учыні ласкава, каб Твая Слуга, с. Малгажата, назарэтанка з Навагрудка, якая, як і Езус, прыняла пераслед і супярэчнасці лёсу як заклік да асаблівай паслугі ў Касцёле, была далучана да ліку благаслаўлёных.
Няхай прыклад яе веры, мужнасці і любові да бліжняга заахвочваюць нас да вернасці Хрысту і Яго Касцёлу. Праз яе заступніцтва адары нас ласкай, аб якой просім праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Аб усіх ласках, атрыманых праз заступніцтва Слугі Божай, просьба паведаміць у дыяцэзіяльную курыю ў Гродна або духоўным уладам Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Беларусі.
Кс. Юрый Марціновіч, (AG)
|