Еўропа і мігранты: паміж «Кёльнам» і добрым самаранінам | Друк |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
27.01.2016 00:00

Накарміць галоднага, прыняць у дом падарожных,— гэта ўчынкі міласэрнасці ў адносінах да бліжніх. Аднак як паводзіць сябе, калі прыход уцекачоў прыводзіць да павелічэння небяспекі, росту злачынстваў, такіх, як у Кёльне ў навагоднюю ноч?

Хто б з нас не хацеў, каб нейкі спагадны чалавек з прыпавесці Езуса пра добрага самараніна спыніўся побач з намі, калі мы, абрабаваныя і пабітыя, ляжым у прыдарожным брудзе? І хіба мы не павінны заўсёды быць падобнымі да добрага самараніна?

Менавіта пра гэта згадваў Святы Айцец Францішак 11 студзеня ў сваёй прамове да дыпламатаў, заклікаючы «магутных гэтага свету» прыслухацца да словаў Хрыста. «Важна падыходзіць да мігрантаў не толькі з пазіцыі іх рэгулярнага або нерэгулярнага статусу, але перш за ўсё як да людзей, якія — пры павазе да іх годнасці — могуць унесці свой уклад у росквіт і развіццё», — сказаў Папа.

У гэты самы час увесь еўрапейскі свет быў узрушаны падзеямі ў Германіі, якія быццам патрабавалі ад Пантыфіка зусім іншых слоў…

СЛЯЗІНКА ЕЎРАПЕЙСКАЙ ЖАНЧЫНЫ

У навагоднюю ноч у Кёльне некалькі тысяч чалавек традыцыйна сабраліся ў цэнтры горада, каб весяліцца і святкаваць, аднак тое, што адбылося, стала шокам не толькі для Германіі. Большасць натоўпу склалі маладыя людзі арабскага і афрыканскага паходжання, якія сталі рабаваць, пагражаць, дамагацца дзяўчат і жанчын. Адбылося некалькі згвалтаванняў.

Паліцыя не была здольная ці не жадала аператыўна рэагаваць, баючыся палітычных наступстваў і абвінавачванняў у расізме. Агульнанацыянальная прэса аказалася таксама палітычнай ангажаванай і пачала пісаць пра злачынствы толькі праз тыдзень, калі скандал ужо немагчыма было замоўчваць.


Інфармацыйны выбух нарадзіў мора рэпартажаў, аналітычных артыкулаў і каментароў. У Беларусі, як і ў цэлым ва Усходняй Еўропе, пераважалі крытычныя заўвагі рознай ступені радыкальнасці: ад «еўрапейцы дагуляліся са сваёй талерантнасцю» да «пусцілі дзікуноў да цывілізаваных людзей, гамон Еўропе». На Захадзе, як і раней, у буйных СМІ панавалі спробы апраўдаць «прадстаўнікоў іншай культуры», «няшчасных мігрантаў, якія не ведалі, як сябе паводзіць», а потым з'явіліся спробы даказаць, што самі немцы паводзяць сябе не лепш на масавых мерапрыемствах.

Гэтак было ўкінута «апраўданне», што на буйнейшым у свеце піўным фэсце «Актобэрфэст», які адбываецца ў Мюнхене, узровень непавагі і гвалту да жанчын мала чым адрозніваецца ад «кёльнскага мігранцкага». Хоць гэтае «апраўданне» было адразу абвергнута канкрэтнымі лічбамі, але яно трапіла і ў артыкулы беларускіх каментатараў левай палітычнай арыентацыі.


У казцы пра Гары Потэра дасланая міністэрствам Далорэс Амбрыдж забараняла вучням вучыцца абароне ад чорнай магіі.

Квінтэсенцыяй гэтай пазіцыі сталі спробы паліцэйскага пераследу ў Кёльне тых мясцовых мужчын, якія патрулявалі горад, каб хоць неяк ахоўваць у ім спакой у тую ноч, калі паліцыя аказалася цалкам недзеяздольнай. Атрымалася так, што гарадская паліцыя не толькі нічога не робіць, каб абараніць еўрапейцаў ад злачынцаў сярод мігрантаў, але і карае еўрапейцаў, калі яны спрабуюць абараніцца. Зразумела, што гэткая палітычная ангажаванасць выклікала дадатковае абурэнне людзей і яшчэ больш узмацніла адчуванне ўсёдазволенасці ў злачынцаў.

ХЛУСНЯ, ЯКАЯ ЗАБІВАЕ І ЛАМАЕ ЛЁСЫ

Як жа так сталася, што краіна, якая дагэтуль уяўляецца нам сімвалам парадку і дысцыпліны, аказалася безабароннай? Як выйшла, што добра ўзброеная і падрыхтаваная паліцыя, якая без праблем разганяе футбольных хуліганаў і мітынгі крайнеправых, нічога не магла ці не хацела зрабіць са звычайнымі крымінальнікамі?

Дарэчы, нешта падобнае прыхавана адбывалася многія гады за пралівам Ла-Манш — у ціхім брытанскім Ротэрхеме. Там 16 гадоў запар банда злачынцаў пакістанскага паходжання гвалтавала і змушала пагрозамі і катаваннямі да прастытуцыі дзяўчат, многім з якіх было па 11-12 гадоў. Ахвярамі сталі больш за 1400 дзяцей.


Паліцыя, якая потым закрывала крымінальныя справы, апраўдвалася тым, што не хацела пераследаваць этнічную меншасць, каб не паказацца «расістамі» і не ўчыняць скандалу. Да таго ж і горадам кіравала лева-ліберальная Лейбарысцкая партыя, за якую звычайна галасавалі якраз пакістанцы.

Гэтая гісторыя стала вядомай толькі летам 2014 года. Усяго восем пакістанцаў селі ў турму, а іх белыя памагатыя... проста сышлі ў адстаўку. Аналагічныя гісторыі адбываліся і ў Оксфардзе, Дэрбі, Рочдэйле, Тэльфардзе і іншых брытанскіх гарадах. Непараўнальную з працэнтам у агульным насельніцтве Брытаніі ролю ў гэтых злачынствах адыгралі мусульмане.


Цяпер следчыя і паліцыя пачынаюць казаць пра такую з'яву, як «тахарруш» — сексуальны гвалт, які выкарыстоўваецца натоўпам як сродак запалохвання. Гэты феномен быў зафіксаваны ў мусульманскім арабскім свеце ў 2011 годзе і цяпер, відавочна, прыйшоў у Еўропу.

У кёльнскай кроплі адбіўся акіян культурных адрозненняў і хваробаў, ад якіх пакутуюць цяпер і азіяцкі, і еўрапейскі свет. Хлусня тых, хто называў «фашыстам» любога, хто казаў пра патрэбу бараніць еўрапейскую ідэнтычнасць і традыцыі, стала яўнаю і завішчала, нібы вампір, які трапіў пад сонечнае святло.

ІСЦІНА І СВАБОДА

Чаму ж Пантыфік застаўся са сваім меркаваннем, што да мігрантаў, у тым ліку з мусульманскага свету, трэба ставіцца як да асобаў, якія маюць права на дабрыню еўрапейцаў і могуць дапамагчы нам самім?

«Мы пакліканы служыць Хрысту Укрыжаванаму ў кожнай адрынутай асобе. Мы кранаемся цела Хрыста ў тым, хто выгнаны, галодны, пакутуе ад смагі, шукае прытулку», — кажа Папа ў сваёй новай кнізе «Імя Бога — Міласэрнасць».

Сапраўдная хрысціянская любоў — гэта не ідэалізацыя бліжняга, гэта разумная дапамога яму. Хрысціянскае імкненне да праўды абавязвае да ўсведамлення не толькі цнотаў, але і хваробаў, і заганаў іншага чалавека.

«Не менш значным (чым патрэба дапамагаць уцекачам) з'яўляецца фактар росту небяспекі, які дадаткова ўзмацняецца пагрозай міжнароднага тэрарызму», — адзначыў Папа на сустрэчы з дыпламатамі.

Сапраўдная хрысціянская любоў не можа быць скіравана мною на нейкага чалавека за кошт іншых асобаў, нельга дапамагаць адным, адначасова ствараючы небяспеку для іншых.


Святая Імша для міратворчых войск падчас вайны ў Карэі.

Мігранты не будуць пагражаць Еўропе, у тым ліку і Беларусі, калі яна будзе прытрымлівацца хрысціянскіх прынцыпаў у палітыцы і маралі, калі будзе трываць у праўдзе і не паддавацца хлусні, рашуча пераследаваць злачынцаў любога паходжання і адначасова падаваць руку дапамогі пакутуючым і выхоўваць іх дзяцей.

Менавіта гэта сапраўдныя еўрапейскія каштоўнасці, якім 1000 гадоў, а не аборты, легалізацыя прастытуцыі і «правы секс-меншасцяў», як кажуць шматлікія свядомыя і несвядомыя прапагандысты антыхрысціянскага і антыеўрапейскага ладу жыцця.

Каталіцкія святыя — апекуны Еўропы: Бэнэдыкт Нурсійскі, Кірыл і Мятод, Брыгіта Шведская, Кацярына Сіенская, Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа (Эдыт Штайн).

Выхоўваць належным чынам трэба і беларускіх дзяцей ужо цяпер — каб думалі сваёй галавой, не паддаваліся прапагандзе і маніпуляцыям, умелі аналізаваць інфармацыю з ТБ, інтэрнэту, газет, рабілі самастойныя высновы, не ішлі на спакусу простых рашэнняў.

У нашай гісторыі былі такія прыклады — гэтак сотні гадоў таму нашымі землякамі сталі літоўска-беларускія татары і чаркесы, якія разам з нашымі продкамі баранілі Вялікае княства Літоўскае, самі сталі ў большасці хрысціянамі і далі нашчадкаў з прозвішчамі Татарыновіч, Чаркашэвіч і г.д. Ад тых жа нашых татар вядзе род па мужчынскай лініі нараджэнец Падляшша і вялікі хрысціянскі пісьменнік Генрык Сянкевіч, аўтар знакамітага рамана «Quo vadis?».


Суіснаванне нідзе і ніколі не было простым і бесканфліктным, але ніхто не адмаўляе, што яно шмат дало нашаму народу, зрабіла яго больш моцным і культурна багатым.

Пакуль Еўропа застаецца вернай сваім хрысціянскім караням, вернай праўдзе, вернай Хрысту, яна будзе непераможнай, яе жанчыны і дзеці будуць абароненыя, і яна застанецца духоўным арыенцірам для ўсяго свету.

Папа Бэнэдыкт ХVI калісьці вельмі дакладна казаў пра «неад'емныя хрысціянскія карані еўрапейскай культуры і цывілізацыі» і пра тое, што прычына сучасных праблем кантынента — «нянавісць Еўропы да сябе і сваёй гісторыі», адпрэчванне Хрыста.

Мяркую, гэта самы дакладны дыягназ, і ў ім жа — рэцэпт ад усіх хваробаў нашага часу.

Аляксандр Гелагаеў, часопіс «Ave Maria»
 
© 2003-2022 Catholic.by