Дзень cвятога Патрыка — свята радасці і хрысціянскага патрыятызму | Друк |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
16.03.2016 17:54

Памяць свайго святога заступніка Ірландыя ўшаноўвае 17 сакавіка, і ў гэты дзень таксама адбываюцца гучныя фэсты ірландскай культуры ў многіх краінах свету. Адзначаюць гэтую дату і ў Беларусі.

Лічыцца, што святы Патрык нарадзіўся ў 385-390 гг. у Брытаніі, а потым у маладосці патрапіў у палон да піратаў, якія яго прадалі ў нявольніцтва ў Ірландыю.

Праз шэсць год Патрык уцёк і вярнуўся на Радзіму, але так палюбіў ірландскі народ і зямлю, на якой прысвяціў сябе Богу, што вярнуўся туды ў сталым узросце, калі ўжо стаў святаром і біскупам.

Магчыма, зараз у нашай жа Беларусі адбываецца нешта падобнае, калі святкуецца дзень святога Патрыка — людзі, якія ніяк не звязаныя з Ірландыяй (нават не былі там нявольнікамі), але проста палюбілі ірландскую культуру і музыку, збіраюцца разам, садзяцца за стол і спяваюць у гонар далёкай зямлі. На якой, дарэчы, таксама любяць вырошчваць бульбу.

Нястомнай місіянерскай працай Патрык навярнуў у хрысціянства мноства мясцовых жыхароў, за што іх нашчадкі дагэтуль яму ўдзячныя, прызналі яго сваім «нацыянальным святым» і склалі пра яго мноства легенд.


Гэтак, згодна з адной з іх, святы Патрык прагнаў з Ірландыі ўсіх змеяў. Ірландцы распавядалі, што змеі заміналі святому падчас 40-дзённага посту на вяршыні пагорка, таму ён усіх іх выгнаў у мора, чым таксама дапамог насельніцтву. Але археолагі кажуць, што ў Ірландыі пасля ледніковага перыяду і не было змеяў.

Іншая легенда распавядае, якім чынам зялёны колер і канюшына сталі сімваламі Ірландыі. Згодна з аповедам, які на гэты раз ніяк не абвяргаецца вучонымі, менавіта на прыкладзе трылісніка святы Патрык патлумачыў мясцовым язычнікам сэнс Святой Тройцы — Адзінай і ў Трох Асобах.

У Чыкага кожны год 17 сакавіка раку фарбуюць у зялёны колер.

У выніку Касцёл у асобе святога Патрыка стаў крыніцай усёй ірландскай нацыянальнай сімволікі, а імя Патрык — такім жа тыпова ірландскім іменем, як Ян — у беларусаў. Цяпер, каб падкрэсліць свой патрыятызм і еднасць у дзень святога Патрыка, ірландцы і іх сябры носяць нешта зялёнае ці значкі ў выглядзе трылісніка.

А раней зялёны колер быў сімвалам змагання за незалежнасць Ірландыі. З канца XVIII стагоддзя вядома песня, як ірландскіх патрыётаў пераследуюць за «нашэнне зялёнага»:

Ты трыліснік можаш зняць,
Кінуць нават на зямлю,
Будзе ж зноў ён прарастаць,
Бо Ірландыю люблю!

Верагодна, якраз аптымізм, музыкальнасць і ўпартасць ірландцаў выклікалі такую папулярнасць Ірландыі ў свеце. Дапамагла гэтаму, канешне, і ірландская дыяспара — ад беднасці і пераследу мільёны ірландцаў за апошнія 300 гадоў перасяліліся ў Амерыку, Аўстралію і Еўропу, але захавалі сваю ідэнтычнасць і эмацыянальную сувязь з Радзімай.


Адзін з канцэртаў на дзень святога Патрыка ў Мінску.

Як і для большасці еўрапейскіх народаў, у тым ліку для беларусаў, амаль немагчыма адрозніць хрысціянскае і нацыянальнае ў гісторыі і культуры Ірландыі. Адрачэнне ад хрысціянскіх каранёў культуры фактычна для любога еўрапейца значыць адрачэнне ад сябе і свайго народа.

Кожны год недзе з пачатку сакавіка ў беларускіх сацыяльных сетках ужо можна заўважыць запрашэнні на канцэрты і танцавальныя вечары з нагоды Дня святога Патрыка. Звычайна абавязковым пунктам праграмы гэтых імпрэзаў з'яўляецца ўжыванне алкаголю, пасля чаго многія ўдзельнікі, калі і ведалі, то, на жаль, ужо слаба памятаюць, з якой нагоды сабраліся.

У гэтым годзе 17 сакавіка прыпадае на Вялікі пост, дык адзначым жа гэтае свята так, каб святому Патрыку не трэба было за нас чырванець!

Аляксандр Гелагаеў, пераклад верша — Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2022 Catholic.by