Тэма беспамылковага навучання бiскупа Рыма ў экуменiчным дыялогу (частка II) | Друк |
Экуменічная старонка бр. Яраслава Крыловіча
04.05.2013 14:54

Ведаючы сэнс i межы дагмата аб беспамылковым навучаннi бiскупа Рыма, паразважаем над некаторымi аргументамi супраць яго, якія часта сустракаюцца.

На самым пачатку варта сказаць, што Першы Ватыканскi Сабор, якi абвясцiў гэты дагмат, быў добра падрыхтаваны. Усе мачымыя аргументы былi выслуханыя на iм i разважалiся. Па сутнасцi, пасля гэтага Сабору не з'явiлася нiякiх новых канкрэтных фактаў супраць прынятага навучання.

Вельмі часта некатолікі прыводзяць гістарычныя факты, калі Рымскія Папы памыляліся. Праблема, аднак, бачыцца толькі тады, калі да гэтых фактаў падыходзіць павярхоўна. Пры падрабязным аналізе становіцца відавочным, што ўсе прыведзеныя выпадкі знаходзіліся па-за межамі дагмата аб беспамылковым навучаннi. У нашым артыкуле мы толькі коратка прывядзем некаторыя дэталі з дзейнасці Рымскіх Папаў Ліберыя, Вігілія і Ганорыя, а прачытаць больш на гэтую тэму можна тут.

Ліберый1 быў біскупам Рыма ў 352–366 гадах, калі была распаўсюджана ерась арыянства і імператары націскалі на Папаў і іншых біскупаў, каб падпісваліся ерэтычныя веравызнанні. Папа Ліберый, хоць большую частку свайго жыцця мужна супрацьстаяў ерэтыкам, адзін раз паддаўся слабасці і падпісаў веравызнанне, якое можна назваць паўарыянскім: у тэксце знаходзіліся туманныя выказванні, якія маглі падпісаць як ерэтыкі, так і католікі, кожны разумеючы іх па-свайму. Улічваючы тое, што арыянская ерась разбурала асновы хрысціянства, адмаўляючы Богу Сыну роўнасці ў Бостве Богу Айцу, віна папы Ліберыя была цяжкая. Аднак не было тут таго ў поўні беспамылковага навучання, пра якое гаворыцца ў дагмаце. Подпіс, які Папа паставіў пад націскам свецкай улады, нельга ставіць нароўні з навучаннем, якое Рымскі Пантыфік ўрачыста абвяшчае, ясна акрэсліваючы, што прамаўляе як вярхоўны пастыр усяго Касцёла і яно абавязвае ўсіх вернікаў да прыняцця. Па-другое, веравызнанне, якое падпісаў папа Ліберый, было двузначнае, а не чыста ерэтычнае. Папа падпісваў, разумеючы яго па-каталіцку (падрабязней гл. тут).

Вігілій быў бікупам Рыма ў 537–555 гадах. Перад Пятым Сусветным Саборам і ў час пасяджэнняў Сабору ён выдаў некалькі афіцыйных дакументаў, у якіх прамаўляў як вярхоўны пастыр усяго Касцёла і якія былі супярэчныя паміж сабой. Нават калі не звяртаць увагу на тое, што ўсё гэта адбывалася ў атмасферы моцнага націску свецкай улады на прыняцце рашэнняў, тэма супярэчных выказванняў не датычыла ані спраў веры, ані звычаяў (лац. moribus, г. зн. маральнасці), аб чым гаворыцца ў дагмаце аб беспамылковым навучаннi. Уся праблема датычыла спраў кананічнага касцёльнага пакарання: асабістай анафемы на трох теолагаў пасля іх смерці, якіх папярэдні Сусветны Сабор не асудзіў, а некаторых нават апраўдаў2.

Справа папы Ганорыя (быў біскупам Рыма ў 625–638 гг.) варта найбольшай увагі. Сяргей, Патрыярх Канстанцінопаля, напісаў да яго пасланне з просьбаю падтрымаць яго выступленне супраць ужывання ў тэалогіі падыходу, што Езус Хрыстус, Богачалавек, меў у сабе два дзеянні і дзве волі — Божую і чалавечую. Вельмі важна, што ў сваім пасланні ён падобнае вучэнне прадстаўляе, як бы гэта былі дзве волі, супярэчныя адна другой (гл. тут). Адказваючы, папа Ганорый бачыў немагчымаць супрацьстаўлення дзвюх воляў Хрыста, таму ўжыў слоў «вызнаем у Пану Езусе Хрысце адну волю» (гл. тут), выражаючы гэтым адсутнасць унутранай нязгоды ў Хрысце. Менавіта так гэтае выказванне разумеў і св. Максім Вызнаўца (гл. яго дыспут з Піррам). Аднак пасля смерці папы Ганорыя гэтую цытату яго паслання пачалі выкарыстоўваць ерэтыкі-монафеліты, вырываючы гэтыя словы з кантэксту і падмацоўваючы сваё навучанне аўтарытэтам Рымскага Пантыфіка. Шосты Сусветны Сабор, які асудзіў гэтую ерась, таксама абвясціў анафему на папу Ганорыя, па прычыне яго віны ў распаўсюджанні ерасі. Гэтую анафему на Ганорыя потым пацвердзіў біскуп Рыма і яго наступнікі. Калі ж, аднак, мы ўважлівей прыгледзімся да выказванняў Папаў таго часу адносна анафемы на Ганорыя, то ўбачым, што яны бачылі ў ім віну пастырскага занядбання, небяспечнай няўвагі, але гэта не была анафема на ерэтыка-монафеліта3.

Першы Ватыканскі Сабор падрабязна займаўся аналізам справы папы Ганорыя і прыйшоў да высновы, што яна знаходзіцца па-за межамі дагмата аб беспамылковым навучаннi. Ганорый не толькі не абвясціў праўды аб волях Хрыста як канчатковай, але нават раіў паўстрымлівацца ад разважанняў на гэтую тэму, спыняючыся толькі на дзвюх натурах у Хрысце4. Дарэчы, быў гэта толькі асабісты ліст да Патрыярха.

Бр. Яраслаў Крыловіч

  1. Дарэчы, у Праваслаўнай Царкве ён ушанаваны як святы (гл. тут).
  2. Падрабязней гл. Задворный В. П. Сочинения Римских Понтификов I-IX веков, § 1.4.7.
  3. Напр. аналіз выказванняў папы Льва ІІ гл. Задворный В. П. Сочинения Римских Понтификов I-IX веков, § 4.1.3.
  4. Гл. канец фрагмента паслання

 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: bratjaroslav@gmail.com
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2022 Catholic.by