Пра літургію ў пытаннях і адказах | Друк |
Лікбез ад Catholic.by
30.06.2012 00:00

Пра Эўхарыстыю можна казаць шмат. Мы ж у сваім лікбезе, ставім самыя простыя, часам банальныя пытанні, але, як аказваецца дастаткова актуальныя.

Тым, хто ўпершыню заходзіць у святыню, цікава перш за ўсё, як сябе паводзіць: калі сесці, а калі ўстаць; чаму так, а не гэтак. Але ці заўсёды на такія простыя пытанні могуць адказаць практыкуючыя католікі? Ці ўвогуле важныя гэтыя дробязі, гэтыя знешнія праяўленні нашай малітвы? Паспрабуем разабрацца.

Дзякуем чытачам за скіраваныя пытанні і нагадваем, што іх, а таксама прапановы тэм можна дасылаць на нашу рэдакцыйную скрыню Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

На найбольш частыя пытанні адносна Эўхарыстыі адказвае кс. Юрый Санько.

У чым сутнасць святой Імшы?

Імша — гэта цэнтральны сакрамэнт, падчас якога мы сустракаемся непасрэдна з Хрыстом, з нашым Збаўцам, які прысутны сярод нас фізічна, тут і зараз, пад постаццю хлеба і віна. Гэта сакрамэнт, які дапамагае нам адчуць момант нашай прысутнасці ў небе — калі свядома і актыўна перажываем Імшу. Гэта момант, калі мы бачым Бога ў хлебе і віне, што пераменены ў Яго цела і кроў.

Ці трэба ісці на нядзельную Імшу другі раз, калі спазніўся на літургію па незалежных ад цябе абставінах, каб поўнасцю быць на ўсіх яе частках?

Калі абставіны незалежныя ад нас, то, канечне, не трэба ісці другі раз на Імшу. Але можна пайсці, калі дазваляе час і існуе такая магчымасць.

Чаму жэсты і паставы цела вернікаў у некаторых касцёлах Беларусі значна адрозніваюцца? Ці правільна гэта?

Канечне няправільна. Ёсць агульныя для ўсіх правілы, змешчаныя ва ўводзінах да Рымскага Імшала, адзіна зацверджанага ў Беларусі, дзе канкрэтна напісана, як мы павінны захоўваць сябе падчас Імшы. Літургія павінна быць аднолькавай. Адрозненняў, што мы яшчэ заўважаем у нашых беларускіх парафіях у адносінах да жэстаў і паставаў цела падчас літургіі, не павінна быць.

Дзе можна даведацца, як правільна весці сябе на Імшы?Ад чаго залежыць, калі трэба станавіцца на калені, калі стаяць, а калі сядзець?

У першую чаргу аб тым, якой павінна быць літургія, навучае біскуп. Кожная святая Імша з біскупам з’яўляецца прыкладам для наследавання як весці сябе вернікам. Ну і, канечне, павінен вучыць ксёндз-пробашч, бо ён адказны за тое, каб яго вернікі духоўна развіваліся, паглыблялі свае веды, у тым ліку і па літургіі.

Кожны вернік можа і сам азнаёміцца з дакументамі Касцёла адносна цэлебрацыі, ролі і месца літургіі.

Цяпер у Беларусі існуе магчымасць для свецкіх атрымаць катэхетычную адукацыю і паглыбіць свае веды ў катэхетычным каледжы, у Цэнтры падрыхтоўкі катэхетаў. Каб пасля атрыманыя веды ўводзіць у жыццё парафіяльнай супольнасці, дзяліцца імі.

Хочацца адзначыць, што калі падчас Імшы мы стаім — гэта азначае, што мы «гатовы вырушыць», гатовы да дзеяння. Калі сядзім — уважліва слухаем і ўспрымаем тое, што нам кажуць. Пастава малітвы на каленях выражае найбольшую пакору і павагу да Бога.

Ці можа святар апускаць некаторыя часткі Імшы (напр., малітву вернікаў)?

Калі Імша супольная з вернікамі, то так рабіць нельга. У такім выпадку святар бярэ на сябе адказнасць. Калі сутыкаецеся з такімі выпадкамі, можаце пасля Імшы запытаць у святара, чаму ён так робіць, чаму, напрыклад, літургія ў вашым касцёле адрозніваецца ад літургіі ў архікатэдры.

Якія музычныя інструменты ў Беларусі забаронена ўжываць падчас цэлебрацыі Імшы?

Пра кожны інструмент, які вернікі жадаюць выкарыстаць падчас святой Імшы, неабходна спытаць у пробашча. Вядома, што, напрыклад, гітара, звычайна ўжываецца падчас моладзевых Імшаў, а старэйшым вернікам больш блізка выкананне на клавішных інструментах. Улічваючы для каго Імша і іншыя моманты, святар вырашае: забараняць ужываць нейкі інструмент ці не.

Ці можна падчас літургіі маліцца Ружанец, чытаць літанію і інш. (напр. падчас удзялення Камуніі)?

На гэтае пытанне нам адказвае Другі Ватыканскі Сабор, які кажа, што святая Імша павінна цэлебравацца на роднай мове, каб вернікі свядома ўдзельнічалі ў літургічным дзеянні. Час пасля Камуніі прызначаны для таго, каб падзякаваць Богу за гэты дар. Гэта не час для набажэнстваў. Але разам з тым малітвай падзякі можа быць, напрыклад, Літанія да Сэрца Езуса. Але наўрад ці такой малітвай можа быць Ружанец, бо на яго проста не хопіць часу. Найлепш, каб гэта былі малітвы праслаўлення, удзячнасці.

Традыцыя нашых бабуль маліцца Ружанец падчас Імшы звязана з яшчэ дасаборнай літургіяй. Калі вернікі, не разумеючы лацінскай мовы, маліліся асобна ад святара. Але цяпер так быць не можа і не павінна.  

Ці можна прымаць Камунію, калі спазніўся на Імшу? Калі можна, то які «крайні» момант Імшы, пасля спазнення на які Камунію нельга прымаць?

Адразу ўзнікае пытанне аб тым, якое ў нас стаўленне да Імшы. Чаму я прыходжу на літургію? Бо, калі прыходжу для таго, каб толькі паставіць «птушачку», то можам падыходзіць да гэтага пытання катэгарычна і казаць пра нейкія «крайнія» моманты.

Вядома, што багасловы падзяляюць Імшу на два сталы: стол Божага слова і стол Эўхарыстыі. Не сустрэўшыся з Хрыстом пры стале Божага слова, не зможам упоўні свядома сустрэцца з Ім пры стале Эўхарыстычным. Проста гэта будзе цяжка зрабіць. Вера нараджаецца праз слуханне. Таму, калі мы не былі на літургіі слова, то не можам прыступіць да Камуніі. 

Значыць, калі выпадкова трапляем на Імшу (напрыклад, у будні дзень) і не выслухалі ўсёй літургіі слова, не можам таксама прымаць Камунію. Але гэта не датычыць тых момантаў, калі спазніліся на Імшу не па сваёй віне.

Ёсць выключэнні. Па-за Імшой Камунія можа ўдзяляцца хворым, падчас сакрамэнтаў (хросту, сужэнства) і пасля сакрамэнту споведзі. Дарэчы, споведзь няправільна спалучаць з Імшой. У такім выпадку вернік не ўдзельнічае поўнасцю ў літургіі і не можа, часам, добра пачуць, што кажа святар на споведзі. Два сакрамэнты не могуць адбывацца адначасова (Эўхарыстыя і споведзь), але ў Беларусі такое часта сустракаецца па душпастырскіх прычынах.

Колькі разоў на дзень можна прымаць святую Камунію?

Камунію можна прыняць другі раз у дзень толькі пры той умове, што я цалкам паўдзельнічаю ў святой Імшы. 

Чаму ў Еўропе раздаюць Камунію на руку, а ў нас не? Ці ёсць розніца?

Няма розніцы ў спосабе прыняцця Камуніі. У Еўропе свае нормы, на нашых землях яны іншыя. На маю думку, наша традыцыя і норма прыняцця Эўхарыстыі на каленях больш яскрава паказвае Божую веліч і нашую ўдзячнасць Пану за магчымасць удзелу ў гэтым сакрамэнце.

Чаму ў адных парафіях кленчаць, прымаючы Камунію, а ў іншых — не? Ці гэта істотна?

Гэта парафіяльныя традыцыі. Можна дадаць, што пастава стаяць на каленях — пастава глыбокага прыніжэння і пакоры. А пастава ісці да Камуніі ў працэсіі сімвалізуе нашу пілігрымку да Хрыста. Абедзве паставы правільныя. Залежаць яны ад парафіяльнай традыцыі.

У Евангеліі Хрыстус кажа: бярыце і ешце, бярыце і піце. Гэтыя ж словы паўтараюцца падчас святой Імшы. Чаму тады ў Каталіцкім Касцёле Камунія для вернікаў часцей удзяляецца толькі пад адной постаццю, а не пад дзвюма? З чым гэта звязана?

Перш за ўсё гэта звязана з вялікай колькасцю вернікаў і жаданнем пазбегнуць прафанацыі, калі пры ўдзяленні Камуніі існуе рызыка зняважыць Хрыста (напр., упадзе кропля Крыві Хрыстовай на падлогу). Але ёсць моманты, калі не забараняецца ўдзяляць пад дзвюма постацямі (рэкалекцыі, сакрамэнт сужэнства, прыміцыйная святая Імша — тады Камунія пад дзвюма постацямі ўдзяляецца бацькам новапрэзбітара).

Ці «залічваецца» католікам удзел у нядзельнай літургіі ў праваслаўных, пратэстанцкіх цэрквах?

У праваслаўнай царкве «залічваецца» толькі ў выпадках, калі не існуе магчымасці даехаць да каталіцкай святыні. У такім выпадку вернік проста ўдзельнічае ў ліургіі без прыняцця Камуніі. Тое самае і з удзелам у пратэстанцкіх малітвах праслаўлення, але ў іх увогуле няма Камуніі.

Праўда, гледзячы на карту Беларусі, не думаю, што ў нас рэальна існуе праблема даезду да святыняў, толькі для састарэлых людзей. Хворыя, старэйшыя могуць удзельнічаць у Імшы, якая транслюецца па радыё. Тады размова ідзе пра духоўную Камунію, духоўную лучнасць. Але, калі мы можам быць у каталіцкай святыні на нядзельнай Імшы, то не можам замест яе ісці на літургію ў праваслаўную ці пратэстанцкую святыню. Калі чалавек можа цалкам удзельнічаць у Імшы, прымаць Камунію, то незразумела, чаму ён абірае малітву ў іншым храме?

У большасці касцёлаў Імша цэлебруецца тварам да людзей, але ў некаторых — да алтара (напр., у Сікстынскай капэле). Ад чаго гэта залежыць? Як правільна?

Да Другога Ватыканскага Сабору Імша адпраўлялася спіной да людзей. Але Сабор пажадаў, каб была лучнасць паміж святаром і вернікамі, таму Імша набыла форму дыялога, а не маналога. У новых касцёлах алтар павінен быць пабудаваны па новых нормах, так, каб маліцца да людзей. Калі ж касцёл старажытны, то, зразумела, што перабудоўваць яго ніхто не будзе.

Што можна прыносіць да алтара ў працэсіі з дарамі? Які сэнс гэтых дароў?

Працэсія з дарамі не можа мець сімвалічны характар. Мы нясём дары, якія жадаем ахвяраваць Хрысту, а не сімвалічна падараваць Яму. Не можа быць у касцёле «дзяжурнага» Святога Пісання, якое пастаянна прыносяць у працэсіі з дарамі, ці «дзяжурнай» свечкі і гд. Гэта датычыць і ўсіх традыцыйных камянёў, глобусаў, дзённікаў і шмат іншага, якія мы любім прыносіць у працэсіі як сімвалы нечага. Мы павінны ахвяраваць тое, што будзе пасля ўжывацца ў літургі і ніколі больш не панясецца ў дарах.

Дарэчы, наконт паставы падчас прцэсіі з дарамі: вернікі павінны сядзець, бо нашыя прадстаўнікі ўжо ідуць з дарамі ў працэсіі.

Наколькі рацыянальна патрабаванне некаторых святароў, каб жанчыны хадзілі ў касцёл у спадніцах?

Думаю, не трэба так ужо катэгарычна падыходзіць да гэтага пытання. Адзенне проста павінна быць урачыстым. Паглядзіце на нашых бабуль і дзядуль — у іх заўсёды было святочнае адзеннне для касцёла, якое не ўжывалася на штодзень. Гэта ў нейкай ступені правільна, бо праз адзенне таксама выражаецца наша стаўленне да месца і падзеі, на якой мы прабываем. Чамусьці мы не дазваляем сабе прыйсці на вяселле ў шортах, а ў касцёл часта заходзім у неадпаведным адзенні.

Адзежа — гэта таксама своеасаблівы спосаб евангелізацыі, бо мы пэўным чынам сведчым, якое месца ў нашым штодзённым жыцці займае святая Імша.

Што такое Трыдэнцкая Імша? З якой мэтай яна цэлебруецца ў наш час?

Трыдэнцкая святая Імша — літургія, якая цэлебравалася да ўвядзення новых нормаў Другім Ватыканскім Саборам. У апошні час цікавасць да гэтай Імшы павялічылася. Для таго, каб арганізаваць цэлебрацыю такой Імшы, павінна быць група людзей, якія ведаюць лацінскую мову і зразумеюць такую форму літургіі, і адпаведна падрыхтаваны святар. Цэлебрацыя такой Імшы вельмі складаная з-за вялікай колькасці ўказанняў і прадпісанняў.

Аднак калі мы палюбім, навучымся цаніць дар Эўхарыстыі і разумець кожны момант святога дзеяння, якое адываецца падчас  «сучаснай» Імшы, а не будзем толькі «вольнымі слухачамі», то зможам, кожны раз прыходзячы на літургію, сустракацца з Хрыстом Эўхарыстычным.  

Святлана Жылевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by