Усход — справа тонкая | Друк |
Усяго патроху
16.10.2012 14:00

Усход і ўсходнія практыкі сёння ў модзе. «Карысць ёгі для здароўя, працы і сям’і» — падобнага кшталту аб’явы мы можам сустрэць у метро, у пад’ездах нашых дамоў, на аўтобусных прыпынках.

На паліцах кнігарняў мы пастаянна сутыкаемся з дзясяткамі кніг, якія апісваюць розныя віды ёгі і медытацыі, на старонках якіх аўтары запэўніваюць, што без намаганняў можна авалодаць сіламі прыроды і тэхнікай спаўнення жаданняў, следуючы іх указанням. Нас заклікаюць адкрыць чакры і ачысціць карму для паляпшэння фінансавага дабрабыту, фізічнага і душэўнага здароўя. Нярэдка абяцаюць пашырыць свядомасць і надзяліць звышнатуральнымі магчымасцямі, такімі, як тэлепатыя і яснабачанне.

Вышэйпералічаныя практыкі, як правіла, мала чаго агульнага маюць з традыцыйнымі ўсходнімі вераваннямі і з’яўляюцца сучаснай перапрацоўкай іх на заходні манер. Дзіця неаіндуізму. Мноства рэлігійных арганізацый, якія носяць размытыя назвы «ўніверсітэтаў духоўных ведаў», разнастайных «цэнтраў самаўдасканалення», усялякіх «асацыяцый» і «клубаў», хоць часта і пазіцыянуюць сябе проста як людзей, якія «цікавяцца ўсходняй духоўнасцю», але выкарыстоўваюць тыя або іншыя ўсходнія практыкі (ёга, медытацыя і г.д.), якія часта наносяць шкоду здароўю чалавека замест таго, каб падарыць абяцаныя звышмагчымасці.

Усплеск цікавасці да неаіндуізму на Захадзе адбываецца ў 60-70-я гады сярод моладзі, якая пачынае адмаўляць этычныя нормы рэлігійнасці, ставіць пад сумнеў пастулат Бога, робячы выбар на карысць пантэістычнага светабачання, і накіроўваецца на пошукі экстазу як нейкай формы памежных станаў. Дадзеныя ідэі, пачынаючы з ЗША, распаўсюджваюцца і на краіны Еўропы. Мноства настаўнікаў арганізуюць супольнасці са сваіх паслядоўнікаў. Некаторым з іх удаецца зарабіць на гэтым полі дзейнасці велізарны капітал, арганізуючы калектыўныя сеансы медытацыі, гандлюючы кнігамі, аўдыё- і відэакасетамі выступленняў гуру і г.д.

Індыйскія псіхатэхнікі сталі шырока вядомыя і даступныя дзякуючы мноству перакладных выданняў, аднак з-за рознага культурнага ўспрыняцця ў індыйскай і еўрапейскай традыцыях сумніўна, што яны могуць аказваць на практыкуючага добры эфект. Ступень жорсткасці псіхатэхнік, якія прымяняюцца ў неаіндускіх групах, не кантралююцца нікім, акрамя іх лідараў, што можа прывесці да негатыўных наступстваў для здароўя адэпта. Мае значэнне і тое, што істотна адрозніваюцца традыцыі ва ўяўленнях пра душэўнае здароўе чалавека. У Еўропе нармальным з’яўляецца чалавек, які дакладна размяжоўвае свае фантазіі і рэальнасць, ставячы перад сабою канкрэтныя мэты і задачы, і пры гэтым дабіваецца іх ажыццяўлення. У Індыі ж цэнтральным элементам уяўлення пра душэўнае здароўе чалавека служыць паказчык гарманічных зносінаў з атачаючымі людзьмі, таму чалавека, які не адрознівае рэальнасць ад «фантазій», не разглядаюць як «псіха», калі ён не стварае праблем іншым. Асоба ж, якая мысліць цвяроза, але здольная пайсці на канфлікт, можа падазравацца ў апантанасці злым духам.

Эвалюцыя індуізму за межамі Індыі хутчэй пачынае ператварацца ў нейкія ідэі, культавыя практыкі і псіхалагічныя ўстаноўкі, з якіх кожны вольны абіраць сабе ўсё, што заўгодна, што пазбаўляе індуізм уласнага вобразу і робіць яго цяжка адрозніваемым ад акультызму. Гэта можна прасачыць на трансфармацыі ключавых элементаў, такіх, як сансара, карма або ёга. Сансара ў неаіндуізме перастае ўспрымацца як заганнае кола, з якога неабходна выйсці. Няма неабходнасці адпрацоўваць «дрэнную карму» на працягу наступных перараджэнняў. Яна можа пераўтварыцца ў «добрую» ў ходзе заняткаў медытатыўнай практыкай або на сеансах масавага псіхатрэнінгу, падчас якіх даецца поўная свабода палавым інстынктам і агрэсіі. І тым самым забяспечыць сабе шчаслівы лёс у наступных жыццях.

Тое ж можна сказаць і пра ёгу. З усіх усходніх практык яна ўсё ж з’яўляецца найбольш папулярнай у сучасным свеце. Аднак, сыходзячы з сучасных тэндэнцый, можна заўважыць, што яе папулярызатарамі выступаюць не толькі лідары розных новых рэлігійных арганізацый усходняй арыентацыі, але і нават некаторыя прадстаўнікі традыцыйных хрысціянскіх канфесій.

Кажучы пра «класічную» ёгу, адразу варта ўзгадаць, што дадзеная парктыка з’яўляецца часткай рэлігійнай сістэмы і мае на ўвазе спецыяльныя фізічныя і духоўныя практыкаванні. Яна можа разглядацца як «філасофія жыцця», аднаго з асноўных шляхоў да вызвалення. І саму яе дактрыну цяжка супаставіць з вучэннем хрысціянства. Некаторыя схільныя сцвярджаць, што фізічныя практыкі ў ёзе дапамагаюць сканцэнтравацца на малітве і ўзбагаціць яе. Гэта дастаткова спрэчны момант, бо размежаваць філасофію і практыкаванні ўяўляецца немагчымым. Таму неабходна быць вельмі асцярожнымі ў дадзеных эксперыментах. «Гэта не азначае, што сапраўдныя медытатыўныя практыкі, якія ўзыходзяць да хрысціянскага Усходу і вялікіх нехрысціянскіх рэлігій, настолькі прыцягальныя для ўнутрана раздробленага і разгубленага сучаснага чалавека, не могуць быць карыснымі для ўсведамлення тым, хто моліцца, Божай прысутнасці і для ўнутранай разрадкі чалавека сярод знешніх клопатаў»1. Аднак «каб гэтыя спробы прымірыць хрысціянскую медытацыю з усходнімі тэхнікамі не прывялі да згубнага сінкрэтызму, яны павінны пастаянна падвяргацца праверцы, у якой памежна дакладна будзе аддзяляцца спосаб малітвы ад яе зместу»2.

На заканчэнне хацелася б адзначыць, што Каталіцкі Касцёл мае сваю багатую медытатыўную практыку розных ордэнаў, якую чалавек можа адкрыць для сябе без унясення нейкага першапачаткова чужога хрысціянству элемента, які ў далейшым можа перарасці ва ўнутрыкасцёльнае сектанцтва.

«…Відаць, што паміж рэлігіямі Далёкага Усходу… ёсць прынцыповае адрозненне: яны па-рознаму разумеюць свет… Напэўна, трэба было б перасцерагчы тых хрысціянаў, якія палка адгукаюцца на розныя прапановы, што ідуць з рэлігійных традыцый Далёкага Усходу, напрыклад — прыёмы і метады медытацыі і аскезы. У пэўных колах гэта стала проста модай, якую прымаюць без роздумаў. Трэба б перш за ўсё добра пазнаць сваю духоўную спадчыну і задумацца, ці можна са спакойным сумленнем адрачыся ад яе»3.

 Марына Казмірук

1. Пра некаторыя аспекты хрысціянскай медытацыі (15.10.1989 г.)
2. Пра некаторыя аспекты хрысціянскай медытацыі (15.10.1989 г.)
3. Папа Ян Павел ІІ. «Пераступіць парог надзеі». Истина и жизнь. 1995 г.

 

 
© 2003-2024 Catholic.by