Чырвоная нітка на запясці – «і Богу свечка, і д’яблу агарак» | Друк |
Усяго патроху
28.10.2015 13:05
Усё пачалося з таго, што я ўбачыла ў сваёй знаёмай чырвоную нітку на левым запясці рукі. Стала распытваць, для чаго такі незвычайны аксесуар. Аднак адказу так і не атрымала. 

Тут я пачала прапаноўваць свае варыянты, маўляў, для таго, каб не выраклі, або прываражыць хлопца, на што дзяўчына адказвала строгім адмаўленнем. Мяне гэтая тэма зацікавіла і прымусіла шукаць адказ на сваё ж пытанне. 

Знаёмая лічыць сябе атэісткай, хоць і ахрышчана ў праваслаўі, надае асаблівы сэнс талісманам. 
Аднак ёсць шмат выпадкаў, калі хрысціяне таксама носяць такія ніткі на руцэ. Што значыць гэты сімвал і якое дачыненне ён мае да хрысціянства? З гэтым усім я і паспрабавала разабрацца. 

Чырвоная нітка і акультызм

Нашэнне чырвонай ніткі, як аказалася, мае найперш акультны характар. На працягу стагоддзяў людзі ўкладалі ў гэты сімвал розны сэнс.

Яшчэ са старажытнасці чырвоная нітка лічылася своеасаблівым абярэгам ад чараў і сурокаў. Знешнімі праявамі суроку ў народзе прынята лічыць раптоўную слабасць і галаўны боль. У перспектыве сурок можа стаць прычынай працяглых праблем са здароўем, няўдач у асабістым жыцці і кар’еры.

У многіх рэлігіях чырвоную нітку носяць, каб пазбавіцца ад злосці ўнутры самога сябе.

Прадстаўнікі іўдзейскай кабалістычнай секты (Кабала), напрыклад, надаюць гэтаму сімвалу асаблівы сэнс. Чырвоная нітка, завязаная блізкім чалавекам або каханым, па іх меркаванні, з’яўляецца моцным абярэгам ад сурокаў і зайздрасці іншых людзей.

Дарэчы, да кабалістаў сябе адносяць такія зоркі шоў-бізнесу, як Мадонна, Брытні Спірс, Дэмі Мур, Пэрыс Хілтан, Філіп Кіркораў, Вера Брэжнева і шматлікія іншыя.

Кабалісты павязваюць чырвоную нітку менавіта на левае запясце, таму што вераць, што негатыўная энергія ўваходзіць у цела чалавека з левага боку, а нітка з’яўляецца своеасаблівым «шчытом» для чалавека, які яе носіць. Паводле вучэння, самай вялікай абарончай энергіяй валодаюць ніткі, прывезеныя з Ерузалема.

У славян і некаторых усходніх народаў ёсць павер’е, што чырвоную нітку людзі носяць на руцэ для таго, каб прыцягнуць у сваё жыццё ўдачу і дастатак.

Гэта толькі самыя асноўныя версіі, для чаго носіцца чырвоная нітка. На самой жа справе іх даволі шмат. Адзінае, што іх аб’ядноўвае, – гэта вера ў нейкую магічную, звышнатуральную сілу гэтага прадмета.

Чырвоная нітка і хрысціянства

Пра значэнне чырвонай ніткі для хрысціян я паразмаўляла са святаром-харызматыкам Яўгенам Эйсмантам SAC.

— Ксёндз Яўген, як вядома, чырвоную нітку носяць не толькі атэісты і прадстаўнікі акультычных вучэнняў, але і хрысціяне-католікі. Як Касцёл ставіцца да нашэння такога сімвала? 

— Езус кажа: «Бяда вам, калі чыніце нешта, што не з’яўляецца Божым і выконваеце толькі свае наказы, якія ні да чаго не даводзяць» – так можна перафразаваць словы Евангелля, якія Езус кажа да кніжнікаў і фарысеяў, што ў святыні робяць адно, а другое – выйшаўшы з яе. Гэта таксама тычыцца тых людзей, якія кленчаць у першых лаўках і моляцца, звязаныя з Касцёлам вельмі моцна, а выходзячы са святыні, карыстаюцца паслугамі бабулек-шаптух, займаюцца магіяй і чарамі. У касцёле кажуць, што іх збаўленнем з’яўляецца крыж, Езус, а выйшаўшы з яго, чапляюць чырвоную нітку, якая, паводле іх веры, дапамагае ад сурокаў і чараў.

Калі мы давяраем сваё жыццё Езусу Хрысту, то тым самым кажам, што Ён з’яўляецца нашым Панам і Збаўцам. Толькі Яго хочам слухаць і для Яго хочам жыць, хочам, каб Ён быў нашай абаронай. Калі ж, выходзячы з касцёла, вяжам такую чырвоную нітку, то тым самым кажам Богу, што нашыя словы хлусня, а праўда тое, што так робяць усе і мы ў гэта верым. 

— Якую небяспеку можа несці  гэты сімвал? 

— Калі мы выкарыстоўваем магію, ходзім да бабуль-шаптух, вяжам нешта на свае рукі і цела, мы гэтым самым адкрываем форткі для злога духа. Ён потым праз гэтую рэч уваходзіць у цела чалавека і знявольвае яго. Павязваючы свайму бліжняму гэтую нітку, мы можам таксама і яго адкрыць на ўплыў злога.

Бывала, падчас заступніцкіх малітваў я не мог зразумець, што знявольвае чалавека. І часта прычынай з'яўляўся зварот да магаў, вера ў забабоны або нашэнне розных сімвалаў, у тым ліку і чырвонай ніткі.

— А калі чалавек у гэты сімвал не ўкладвае ніякага сэнсу, а проста носіць для прыгажосці? Ці дзейнічае ён у гэтым выпадку?

— Трэба заўсёды задаваць сабе пытанне «навошта?» Навошта завязваць, навошта гуляць у гульні з сатаной? Гэта свайго роду дражненне. Я не маю інтэнцыі, але павяжу. А што злое можа стацца? Я так, для моды нашу. Гэта нібы з сабакам. Ён цябе не пакусае, пакуль ты бліжэй не падыйдзеш. Спачатку ты вешаеш нітку, якая «нічога не значыць», потым яшчэ штосьці... Потым пачынаюцца нараканні, што Бог цябе не асцярог ад зла.

Замест пасляслоўя

Для мяне так і засталося загадкай, чаму мая знаёмая носіць чырвоную нітку. Бог кожнаму з нас даў свабодную волю, таму мы можам рабіць выбар у любой сітуацыі. Іншая справа − да чаго гэты выбар можа нас прывесці, як паўплывае на духоўнае здароўе? І калі я лічу сябе сапраўдным хрысціянінам або хрысціянкай, тады навошта мне ставіць «і Богу свечку, і д'яблу агарак»?   

Марына Валасар

 
© 2003-2024 Catholic.by