Вялікдзень — «свята святаў» | | Друк | |
Усяго патроху |
16.04.2017 00:03 |
Самай вялікай хрысціянскай урачыстасцю з’яўляецца Вялікдзень. Яго называюць «святам святаў». У гэты дзень Хрыстус сваёю крывёю адкупіў увесь свет. Для вернікаў Пасха становіцца пераходам да іншага, лепшага жыцця. Яна запэўнівае ў надзеі на ўваскрашэнне да новага і вечнага жыцця ў супакоі, справядлівасці і хвале. У гэты дзень Касцёл адзначае ўспамін уваскрасення Езуса Хрыста. Назва ўрачыстасці паходзіць ад дня, у які Хрыстус уваскрос і які для нас з гэтай прычыны стаў вельмі важным і сапраўды вялікім. Літургічная цэлебрацыя нядзелі Уваскрасення пачынаецца на світанні. З самай раніцы ва ўсіх касцёлах адбываецца ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні, або вуліцамі гарадоў, мястэчак, вёсак, а затым цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, якая называецца рэзурэкцыйнай (ад лацінскага слова resurrectio — уваскрасенне).
Рэзурэкцыйная працэсія, якая распачынае нядзелю Уваскрасення, пачынаецца з узнёслага і радаснага набажэнства, якое праслаўляе выхад уваскрослага Хрыста з магілы.
Пасля непрацяглай адарацыі святар вітае вернікаў і коратка ўводзіць іх у абрад, які павінен адбыцца. Пасля кароткай малітвы святар акаджвае Найсвяцейшы Сакрамэнт, і пачынаецца працэсія. Урачыстая святая Імша цэлебруецца пасля працэсіі. Часам працэсія адбываецца ўначы, адразу пасля Пасхальнай вігіліі. У вёсках пасля велікоднага сняданку ўсе выходзілі на вуліцу, беручы з сабой пісанкі. Людзі віталі адзін аднаго, дзелячыся радасцю і святочным настроем, а дзеці ладзілі разнастайныя забавы з пісанкамі.
На Вялікдзень асаблівым чынам назіралі за сонцам, бо лічылася, што ў ім можна ўбачыць уваскрослага Хрыста. Людзі казалі таксама, што сонца ў гэты дзень «скача з радасці». Цікавым і радасным велікодным звычаем было наведванне моладдзю розных двароў, падчас якога спяваліся віншавальныя валачобныя песні. Гаспадары, да якіх прыходзілі валачобнікі, шчодра дзяліліся з імі рознымі прысмакамі. |