Не спыняйся ў пошуку свабоды ў Ім | Друк |
Усяго патроху
09.05.2016 00:00

«Рух — гэта жыццё», — кажа знакамітае сцверджанне. Але ў ім так шмат ісціны. Гэтае выказванне можна аднесці і да духоўнага жыцця, у якім спыняцца — раўназначна смерці.


Здараецца так, што атрымаўшы пэўныя даброты ў жыцці, ты звяртаеш менш увагі на сваю духоўнасць. Дакладней, табе здаецца, што звяртаеш. На самой жа справе на п’едэстал узводзіш не Бога і давер да Яго, а ўласную пыху, прыпраўленую нейкімі комплексамі, неўпарадкаванымі жаданнямі і пачуццямі.

Лічачы сябе вольным, насамрэч застаешся вязнем. Таму не дзіўна, што ў адзін цудоўны момант Бог пачне цябе вызваляць: праз сітуацыі, іншых людзей і нават спакусы і грэх.

Так, нават самы звычайны грэх, які паўтараецца, і з якім не можаш, здаецца, справіцца, можа стаць сігналам, што «штосьці не так» і трэба крычаць «ахтунг!».

Што да сітуацый, то можна прывесці прыклад, калі няверуючыя і так званыя атэісты кажуць: «вы, хрысціяне, няўдачнікі». «Вашая святасць нікому не патрэбна. Мы не верым у Бога і жывем лепей, чым вы...».  Ну і шмат чаго іншага ў такім жа духу.

Думаю, што такія выказванні з вуснаў свайго акружэння чуў, бадай што, кожны практыкуючы хрысціянін. Ну і што з гэтага — падумаеце вы? Галоўнае — не звяртаць увагу на тое, што кажуць, і ісці за Езусам.

І вы маеце рацыю. Але сказаць «не звяртай увагу» і на самой справе гэта рабіць — дзве зусім розныя рэчы. І ёсць прыклады, калі, не вытрымаўшы ціску асяроддзя, хрысціяне пачынаюць аддаляцца ад Бога, а часам і зусім становяцца атэістамі.

«Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана Яму за справядлівасць» (Гал. 3:6)

І тут узнікае пытанне? Чаму так адбываецца? Чаму ўчарашні палымяны каталік на вачах пачынае згасаць? Дзе і ў чым прычына такіх сітуацый? Атрымліваецца, што словы іншых людзей становяцца для нас больш істотнымі і важнымі, чым слова Бога?

Добрым біблійным прыкладам у гэтай сітуацыі з’яўляецца ўрывак з паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

«О, неразумныя галаты, хто зачараваў вас, перад вачыма якіх быў накрэслены вобраз Езуса Хрыста ўкрыжаванага? Толькі пра адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі [паводле] Закону вы атрымалі Духа, ці праз паслухмянасць [адносна] веры? Ці вы такія неразумныя, каб распачатае духам завяршыць цяпер целам?» (Гал 3, 1-3)

Апостал Павел падкрэслівае, што не столькі праз выкананне Закону, але праз глыбокую веру ў Хрыста галаты атрымалі дары Святога Духа. Глыбокую веру і давер да Яго.

Сапраўдны давер грунтуецца на ўсведамленні таго, што ўсё ў Яго руках, і нават калі здаецца, што нічога незразумела, варта аддаць Яму ўсё, што адбываецца ў жыцці.  

Бог жа абяцае: «Я — вінаградная лаза, а вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць». (Ян 15, 5)

Гэты плён немагчыма прынесці без Яго падтрымкі, бо самі па сабе мы, вядома, нічога не можам зрабіць. Але патрэбна таксама давяраць — моцна, аддана, да глыбіні душы. Бо менавіта на даверы засноўваюцца сталыя адносіны з Богам і самім сабой.

Менавіта давер дапамагае не спыняцца ў пошуку сапраўднай свабоды ў Езусе, калі мы становімся самімі сабой.

І менавіта гэтага даверу не хапае хрысціянам, калі пачынаюцца выпрабаванні, кпіны і ўціскі з боку іншых.

Каб аднавіць гэты давер і адданасць Богу, патрэбна часам азірнуцца назад і паглядзець, праз што нам ужо прыйшлося прайсці на шляху веры.

Мабыць, шмат хто з вас узгадае гадзіны і дні на каленях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, малітвы, размовы са святарамі і рэкалекцыйныя сустрэчы, споведзі... Усё гэта дапамагала ісці за Ім.

Нездарма апостал Павел у тым жа пасланні да галатаў задае пытанне народу, які пачаў на першае месца ставіць закон, а не веру: «Няўжо вы марна столькі перацярпелі? Можа і сапраўды марна! Ці той, хто дае вам Духа і здзяйсняе між вамі знакі, робіць гэта праз учынкі [паводле] Закону або праз паслухмянасць веры»? (Гал 3, 4-5)

Такім чынам, калі ты не проста выконваеш усе запаведзі і ідзеш за законам з-за нейкіх сваіх чалавечых амбіцый, або па традыцыі, а давяраеш Богу ўсё сваё жыццё, пачынаеш адчуваць Яго прысутнасць на гэтай сцяжынцы. Тады рух і пошук свабоды ў Ім будзе прыносіць сапраўднае шчасце. Галоўнае — не спыняцца і давяраць.

Марына Валасар

 
© 2003-2021 Catholic.by