«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: пакліканне хрысціяніна — «гарэць» духам апостальства і абвяшчаць Божую міласэрнасць | Друк |
Усяго патроху
16.07.2016 00:00

«Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15, 16), — такімі словамі звяртаўся Езус Хрыстус да сваіх вучняў, а сёння Бог прамаўляе гэтыя ж самыя словы да кожнага з нас.

Пакліканне хрысціяніна — трываць у Богу, у бязмежнай Божай любові, заўсёды заставацца Яму верным і імкнуцца да святасці. Але не толькі з мэтаю, каб атрымаць ад Бога як мага больш дароў і ласкаў для сябе, а перш за ўсё, каб, маючы дары, служыць іншым і пашыраць Божае Валадарства на зямлі і ў небе.

Праз сакрамэнт святога хросту чалавек атрымлівае ад Бога вялікую ласку — становіцца Божым дзіцём, хрысціянінам і можа называць Бога сваім Айцом. Бог Айцец Усемагутны кожнае сваё дзіця надзяляе пэўнымі дарамі. Ад чалавека ж залежыць, ці будзе ў яго сэрцы прагненне да памнажэння дароў або ён проста іх змарнуе.

У сучасным свеце вельмі шмат людзей марнуюць сваё жыццё, шукаючы каштоўнасцяў матэрыяльных.

Апостал Павел жа ў Першым Пасланні да Карынцянаў звяртае ўвагу на тое, што варта імкнуцца ўвесь час здабываць духоўныя дары і памнажаць іх. «Імкніцеся да любові; клапаціцеся аб духоўным, асабліва аб [дары] прароцтва. Хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу. А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаванне, напамін і суцяшэнне. Хто гаворыць мовамі, будуе сябе, а хто прарочыць — будуе Касцёл. …калі рупіцеся аб духоўных [дарах], старайцеся ўзрастаць у іх дзеля будавання Касцёла» (1 Кар 14, 1-4, 12).

Таму варта нам сёння ў такі няпросты, неспакойны час перш за ўсё шукаць Валадарства Божага, а ўсё іншае будзе дададзена нам. Варта жыць для любові і памнажаць Божую любоў і міласэрнасць сярод тых, каму яна найбольш патрэбна.

Прыкладам для нас, сучасных хрысціян, асабліва ў Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці, можа стаць святая сястра Фаўстына Кавальская, місія якой палягала на трох асноўных заданнях:

  • Набліжаць і абвяшчаць свету праўду, аб’яўленую ў Святым Пісанні, пра міласэрную любоў Бога да кожнага чалавека.
  • Выпрошваць Божую міласэрнасць для ўсяго свету, у тым ліку з дапамогаю практыкавання дадзеных Панам Езусам новых формаў культу Божай Міласэрнасці, якімі з’яўляюцца: абраз Божай Міласэрнасці з надпісам «Езу, давяраю Табе»; свята Божай Міласэрнасці ў першую нядзелю пасля Вялікадня; Вяночак да Божай Міласэрнасці і малітва ў гадзіну Міласэрнасці (15:00).
  • Развіваць апостальскі рух Божай Міласэрнасці, які бярэ на сябе заданне абвяшчаць і выпрошваць Божую міласэрнасць для свету і імкнецца да дасканаласці шляхам, паказаным святой сястрой Фаўстынай. Гэта шлях, заснаваны на дзіцячым даверы да Бога, які праяўляецца ў выкананні Яго волі, а таксама ў міласэрнасці да бліжніх.

У сваім духоўным Дзённіку сястра Фаўстына апісвала прагненні свайго сэрца: «О Любоў Адвечная, я прагну, каб Цябе спазналі ўсе душы, якія Ты стварыў. Я хацела б стаць святаром, каб пастаянна гаварыць людзям пра Тваю міласэрнасць грэшным душам, пагружаным у роспач. Я жадала б стаць місіянерам і несці святло веры ў варварскія краіны, каб даць душам спазнаць Цябе, каб, ахвяруючы сябе за іх, памерці мучаніцкай смерцю, якою Ты памёр за мяне і за іх. О Езу, я ведаю вельмі добра, што магу быць святаром, місіянерам, прапаведнікам, магу памерці мучаніцкаю смерцю праз поўнае самазнішчэнне і самаадрачэнне з любові да Цябе, Езу, і да несмяротных душаў» (Дз. 302).

«Маё найвялікшае жаданне — каб душы спазналі Цябе, зразумелі, што Ты — іх адвечнае шчасце, каб паверылі Тваёй дабрыні і праслаўлялі Тваю бясконцую міласэрнасць» (Дз. 305).

«О, якая радасць ахвяроўвацца дзеля карысці несмяротных душаў. Я ведаю, — кажа сястра Фаўстына, — што пшанічнае зерне, каб стаць пасілкам, павінна быць знішчана і перацерта ў жорнах; гэтак і я, каб быць карыснаю Касцёлу і душам, павінна быць знішчана, хоць знешне ніхто не заўважыць маёй ахвяры. О Езу, знешне я хачу быць непрыкметнаю, як гэта аплатка, каб ніхто не заўважыў, што я — ахвярная Табе гостыя» (Дз. 641).

Да абвяшчэння праўды пра Божую міласэрнасць пакліканы не толькі святары і кансэкраваныя асобы, але і свецкія вернікі. Таму што праз сакрамэнт святога хросту мы ўсе ў Хрыста апрануліся, а Хрыстус прыйшоў у гэты свет не дзеля таго, каб Яму служылі, але каб служыць.

Жыццё хрысціяніна — гэта служэнне,
Шлях у Валадарства Айца,
Шлях праз малітву, пост, прабачэнне… —
Цярністы нялёгкі шлях.
А, часам бывае, той шлях — праз пакуты,
Праз пераследы і крыж…
Здараецца, раптам губляеш надзею,
А сэрцам імкнешся на ўзвыш…


Так, сапраўды, сэрца прагне напоўніцца Божай любоўю і несці гэтую любоў тым, хто прабывае ў грахоўнай цемры, хто згубіў надзею і не бачыць сэнсу жыцця.

Гаворачы пра пакліканне кансэкраваных асобаў да служэння бліжнім, святая сястра Фаўстына робіць акцэнт на тым, што вельмі важна «гарэць» духам апостальства. «Калі Бог учыніў нас паплечніцамі сваёй міласэрнасці, і нават больш за тое, дарыцелькамі яе, то наша любоў павінна быць вялікаю да кожнай душы, якая яшчэ не ведае Бога. Малітваю і ўтаймаваннем мы будзем дабірацца да самых адсталых краінаў, пракладваючы дарогу місіянерам. Мы будзем памятаць пра тое, што гэтаксама, як на фронце жаўнер не можа доўга выстаяць, калі не будзе падтрыманы сіламі тылу, якія не прымаюць непасэрднага ўдзелу ў бітве, але дастаўляюць усё, што яму патрэбна, так і малітва выконвае дапаможную функцыю, і таму кожная з нас павінна вызначацца духам апостальства» (Дз. 539).

Сёння ў Каталіцкім Касцёле існуе шмат рухаў і супольнасцяў для людзей свецкіх, якіх Бог  кліча да актыўнага служэння на Божую хвалу і на карысць бліжнім для пашырэння Божага Валадарства ў сэрцах людзей і распаўсюджвання культу Божай Міласэрнасці.

Адным з такіх рухаў з’яўляецца Лёгіён Марыі, які быў заснаваны ў Ірландыі, у Дубліне, яшчэ ў мінулым стагоддзі, а дакладней 7 верасня 1921 года, у вігілію свята Нараджэння Беззаганнай Панны Марыі. Заснавальнікам яго з’яўляецца Слуга Божы Фрэнк Даф (1899-1980 гг.).

Легіён Марыі — гэта супольнасць католікаў, якія са згоды Касцёла і пад апекаю Беззаганнай Марыі, Пасрэдніцы ласкаў, арганізаваны на ўзор арміі, каб дапамагаць Касцёлу ў барацьбе супраць сілаў зла. Члены гэтай супольнасці выбралі менавіта Марыю як найкарацейшы шлях да святасці і збаўлення.

Практычная апостальская дзейнасць легіянера Марыі вынікае з саборнай Дагматычнай Канстытуцыі аб Касцёле, у якой гаворыцца: «У сваёй апостальскай дзейнасці Касцёл слушна звяртае свой позірк на Тую, якая нарадзіла Хрыста, які быў зачаты ад Духа Святога і народжаны з Дзевы дзеля таго, каб праз Касцёл таксама нараджацца і расці ў сэрцах вернікаў. Гэтая Дзева ў сваім жыцці стала прыкладам таго мацярынскага пачуцця, якое павінна ажыўляць усіх тых, хто супрацоўнічае ў справе адраджэння людзей у апостальскім пасланніцтве Касцёла» (LG, 65).

Мэта Легіёна Марыі — праслаўленне Бога і асвячэнне членаў Легіёна праз штотыднёвыя малітоўныя сустрэчы і практычнае выкананне апостальскай працы.

Легіянер Марыі штодзённа чытае абавязковую малітву (tessera). У яго духоўным жыцці важную ролю адыгрывае ружанцовая малітва.

Палаючы апостальскім духам здабывання душаў для Хрыста, легіянер імкнецца атрымаць карысць з удзелу ў святой Імшы і ў буднія дні, з Літургіі гадзінаў, з чытання Святога Пісання, з духоўных чытанняў; а на працягу года прымае ўдзел у закрытых рэкалекцыях, пілігрымках, злётах, днях духоўных сустрэч або іншых супольных набажэнствах.  Знаходзячыся пад апекай духоўнага кіраўніка і маючы яго святарскае благаслаўленне, легіянер Марыі не адступае ні перад адным апостальскім заданнем. Углядаючыся ў крыж Хрыста, які збавіў свет, легіянер ведае, які кошт збаўлення кожнай душы.

Трымаючыся Беззаганнай Маці і наследуючы Яе пакору, ён ідзе з Ёю на заданне, каб прывесці кожную душу да Хрыста. Ідзе да хворых, каб падрыхтаваць шлях святару, які прынясе віятык, разам з іншымі легіянерамі наведвае духоўна занядбаных парафіянаў.

Легіянеры Марыі наведваюць шпіталі, дамы састарэлых і турмы, праводзяць духоўныя размовы з моладдзю наконт дашлюбнай чысціні і ў абарону жыцця зачатых дзяцей. Праз заступніцтва святога Яна Хрысціцеля (аднаго з апекуноў Легіёна Марыі) яны прастуюць сцежкі для Пана. Іх можна сустрэць на плошчах, на вакзалах або на вуліцах вялікага горада, дзе яны займаюцца распаўсюджваннем рэлігійнай літаратуры, абразкоў Езуса Міласэрнага і Найсвяцейшай Панны Марыі, цудадзейных медалікаў Беззаганна Зачатай і інш.

Легіянер накіроўваецца да тых, «хто сядзіць у цемры і ценю смяротным, каб запаліць абыякавых, каб вярнуць да жыцця тых, хто мёртвы ў граху», каб кожная душа спазнала Божую міласэрнасць і праслаўляла Бога Усемагутнага ў Тройцы Святой Адзінага. Таму апостальскае служэнне легіянера якраз і палягае на актыўным распаўсюджванні абразкоў Божай Міласэрнасці з надпісам «Езу, давяраю Табе», каб споўнілася абяцанне, дадзенае Езусам святой сястры Фаўстыне: «Праз гэты абраз Я буду ўдзяляць душам шмат ласкаў, а таму няхай кожная душа мае да яго доступ» (Дз. 570).   

Распаўсюджванне Божай міласэрнасці ў сучасным свеце рэалізуецца праз актыўную апостальскую дзейнасць хрысціян, але не менш важную ролю адыгрывае малітва — моцная духоўная зброя кожнага хрысціяніна.

Аднойчы Пан Езус сказаў сястры Фаўстыне: «Страта кожнай душы пагружае Мяне ў смяротную тугу. Ты заўсёды суцяшаеш Мяне, калі молішся за грэшнікаў. Найбольш прыемная Мне малітва за навяртанне грэшных душаў; ведай, дачка Мая, што гэтая малітва заўсёды пачутая» (Дз. 1397).

Бог заўжды верны сваім абяцанням, але ці мы, Ягоныя дзеці, заўсёды застаемся вернымі Яму? Ці прагнем мы ісці за Езусам і годна выконваць тое служэнне, да якога Ён нас паклікаў? Ці сапраўды мы — хрысціяне — з’яўляемся святлом свету і соллю зямлі? Гэтыя пытанні актуальныя на сённяшні дзень для кожнага хрысціяніна, які мае вялікі Божы дар — быць апосталам Божай міласэрнасці ў сучасным свеце.



Анастасія-Алена Блусянкова

 
© 2003-2024 Catholic.by