Рыхтуемся да перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай разам з Catholic.by | Друк |
Усяго патроху
04.10.2016 10:52

На працягу дзевяці дзён, з 4 па 13 кастрычніка, на нашым сайце будуць публікавацца невялікія разважанні як падрыхтоўка да перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Фігура фацімскай Панны, перэгрынацыя якой адбудзецца ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў,  благаслаўлёная 4 кастрычніка ў Фаціме Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, будзе дастаўлена ў Беларусь. Пасля заканчэння перэгрынацыі фігура будзе змешчана ў мінскай архікатэдры ў бочным алтары.

Дзень першы. Пачатак фацімскіх аб’яўленняў

1917 год. Чацвёрты год ідзе Першая сусветная вайна. Рэвалюцыяй у Расіі распачынаюцца трагічныя падзеі, якія ў будучым акажуць вялікі ўплыў на многія народы. У такой сітуацыі тагачасны папа Бэнэдыкт XV заклікае ўвесь Касцёл прасіць Маці Божую аб заступніцтве і памаліцца навэнну за мір ва ўсім свеце (навэнна — гэта малітва, якая адбываецца на працягу дзевяці чарговых адзінак часу).

13 мая 1917 года быў апошні дзень навэнны. У гэты дзень Маці Божая ўпершыню аб’явілася ў партугальскай Фаціме тром дзецям. Праз іх Яна абвясціла пасланне свету, заклікаючы да навяртання, пакаяння, малітвы (асабліва штодзённай малітвы на ружанцы), да прысвячэння сябе Яе Беззаганнаму Сэрцу. Тое, што бачылі тры пастушкі, аказалася ключом да разумення важных падзей ХХ стагоддзя. Сёння, ведаючы гісторыю замаху на папу Яна Паўла ІІ і падзення камунізму, мы можам лепш зразумець Яе пасланне.

Трох пастушкоў, якім аб’явілася Багародзіца, звалі Люцыя, Жасінта і Францішак. Аб’яўленняў было шэсць, яны працягваліся з мая па кастрычнік 1917 года — кожны 13 дзень месяца. Толькі ў жніўні 1917 года Маці Божая аб’явілася ў 19 дзень месяца, паколькі пастушкоў арыштавалі і яны не маглі прыйсці 13 жніўня.

Апрача шасці аб’яўленняў Маці Божай, Люцыя і тры яе сяброўкі ў 1915 годзе бачылі штосьці невыразнае. У 1916 годзе Люцыя, Францішак і Жасінта тройчы бачылі Анёла, які назваў сябе «анёлам супакою». Ён вучыў іх маліцца, прыносіць ахвяры, і праводзіць час у пакланенні Богу.

13 мая 1930 года біскуп дыяцэзіі Лейрыя, да якой належала Фаціма, афіцыйна прызнаў сапраўднасць аб’яўленняў Маці Божай тром дзецям у 1917 годзе.

Кс. Кірыл Бардонаў

 
© 2003-2024 Catholic.by